Хто каго і куды выпусціў? І прычым тут Васкрасенскі?

Аналітыкі і журналісты абмяркоўваюць «казус Васкрасенскага». Валер Карбалевіч піша пра яго «ролю» у «расколванні» беларускай апазіцыі.

Яшчэ два месяцы таму ніхто і думаць пра Васкрасенскага не думаў. Цяпер раптам з’явілася – «роля»! Трэба яшчэ было б дадаць слова «асаблівая роля».

Пачакайце, якім чынам гісторыя з выпускам каго-небудзь пад фармальныя абавязацельствы чалавека, які сам некалькі дзён таму быў палітычным зняволеным (быў, сябры мае, і адпаведны статус быў яму прысвоены цалкам абгрунтавана – адразу пасля яго пасадкі за краты), можа стаць фактарам, што расколвае беларускае грамадства? Тое грамадства, якое толькі цяпер склеілася і якому ўся гэтая гісторыя – да лямпачкі. Людзі хочуць, каб зняволеных выпусцілі з »амерыканкі« і з »Валадаркі«, а ўжо якая нагода для гэтага выкарыстоўвае ўладу – па барабане.

Юры Васкрасенскі. Скрыншот

Сам я быў у ролі палітзэку, ведаю, што і хто думаў. Некаторыя тагачасныя паплечнікі, як распавядала потым жонка, не хавалі сваіх планаў, напрыклад, па арганізацыі майго ўрачыстага пахавання: маўляў, што-што, а хаваць мы ўмеем.

Дзякуй богу, і ўлада не занадта хацела ў тыя часы чыёй-небудзь смерці ў зняволенні, і сусветная супольнасць настойліва выказвала сваю пазіцыю. І менавіта ціск сусветнай супольнасці стаў відавочным фактарам, вынікаючы з якога «дзекабрыстаў 2010 года» пачалі выпускаць і выпускалі аж на працягу пяці наступных гадоў.

Зараз сітуацыя змянілася. Дэманстраваць усяму свету, што Аляксандр Лукашэнка гэтак жа відавочна падпарадкоўваецца ціску Крамля ці Захаду, як у 2011 годзе, ужо не хочацца. Гэта – не «па-пацанску». Не затым малацілі ўсіх дубінкамі да сіні і змярцвення скуры, каб цяпер слабіну сваю праяўляць. Таму можна, вядома, і выпусціць, але – дэманструючы пры гэтым добрую волю, а не фармальны «гандаль». Трэба, каб нехта папрасіў. У існуючых умовах нават калі ўсе зарэгістраваныя ў Беларусі рэлігійныя канфесіі папросяць, іх цяжка пачуць будзе. Па-першае, нехта ўжо прасіў раней, а па-другое, і гэта будзе ўспрымацца як вынік ціску. Трэба, каб папрасіў хтосьці слабы. Хтосьці, каго Лукашэнка па вызначэнні не можа спалохацца. Вось, папрасіў палітзэк Васкрасенскі. Ну – і чаму б не згуляць у гэтую гульню?

Згулялі.

Тут чуецца голас з Вільні. Маўляў, гэта вынік нашага ўльтыматуму.

Было тых ультыматумаў дагэтуль… І ЗША ультыматумы ставілі, і Еўразвяз. Пакуль не прыпірала – іх не чулі. Але нават і тады прамому ціску не паддаваліся. А што – хтосьці лічыць, што такім чынам Лукашэнка імкнецца прадухіліць агульнанацыянальны страйк? Выпусціўшы на волю траіх айцішнікаў, адну юрыстку і аднаго паліттэхнолага? Не смяшыце мяне, сябры. Калі страйку наканавана здарыцца, то вы хоць Ціханоўскага з Бабарыкам на свабоду выпускайце – яно ні на што не паўплывае. Няма механізмаў кіравання народным пратэстам. Не. Забудзце. Можам выказваць толькі пажаданні – не больш. Ну, часам відавочна перабольшваючы ролю сваіх палітычных маніфестаў – як у выпадку з «ультыматумам».

Hавiны
З СІЗА КДБ вызвалілі палітзняволеную Лілію Уласаву
2020.10.19 14:34

Пытанне ў тым, каго і як выпусцілі.

Юрыст Ілля Салей – пад паўнавартасным хатнім арыштам, прычым нават з бацькам можа бачыцца толькі пастолькі, паколькі той з’яўляецца адвакатам сына. Імаверна, прыходзячы ў дом да сына, Васіль Салей цяпер дэманструе дамову, пасведчанне аб аплаце паслуг і адвакацкае пасведчанне. Інтэрвʼю даваць – ні-ні!

Палітолаг Юрый Васкрасенскі на аўтамабілі сустракаў юрыстку Лілію Уласаву, якая пакінула вязніцу, і асабіста давёз яе дадому. Блін, Някляеў у 2011 годзе пра такую форму »хатняга арышту« мог толькі марыць! А ўжо аб тым, каб інтэрвʼю і каментары даваць… Ды яшчэ варожаму агенцтву ТУТ.БАЙ… Гэта проста – атракцыён нябачанай шчодрасці атрымліваецца.

Вось цяпер растлумачце мне – на што ўся гэтая разнастайнасць можа паўплываць? І якім чынам?

Добрую міну пры дрэннай гульні генералы Вакульчык і Церцель ўмеюць рабіць цалкам прафесійна. Дубінкі таксама пакуль ніхто не адмяняў. А менавіта гвалт з боку тых, хто быццам бы павінен ахоўваць здароўе і бяспеку ўсіх без выключэння нашых грамадзянаў, новую апазіцыю і склейвае. Ды яшчэ і знаходжанне ў Палацы Незалежнасці спадара Лукашэнкі. І, паўтаруся, ні на што ні сам Юрый Валерʼевіч Васкрасенскі (якога я лічыў і працягваю лічыць да гэтага часу сваім сябрам), ні выпускі пад рознага выгляду абмежаванне волі іншых палітзэкаў не ўплываюць.

Марш мудрасці, 19 кастрычніка.
Фота: ТК / «Белсат»

Таму, звяртаюся я да дарагога Валерыя Іванавіча Карбалевіча, прапаную ўсім беларускім аналітыкам спыніць мусоліць гэтую тэму і назапасіцца папкорнам. Вучыцеся ў Шрайбмана. А канстатацыю вызвалення – альбо невызвалення – чарговага палітзэка пакінем да пары журналістам з аддзелаў інфармацыі. Нам пакуль каментаваць няма чаго, акрамя выказванняў адзін аднаго.

Аляксандр Фядута/ІР belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў