Экс-рэстаратар выпусціў новае відэа, у якім распавёў, дзе знаходзіцца і якія абставіны змусілі яго эміграваць.
Вадзім Пракопʼеў выпусціў новае відэа. У ім ён распавёў, што знаходзіцца ў Кіеве. А зʼехаць быў вымушаны праз ціск.
«Вярнуся першым рэйсам па сігнале. Сінгапур пачакае. Чаму зʼехаў – тлумачыць не трэба. Здагадайцеся самі. У Менску зафіксаваў «наружку», адсочвалі кантакты, падбіралі папяровае смецце за маім сынам», – гаворыць бізнесовец.
Сталіцу Украіны ён прапаноўвае зрабіць кропкаю збору беларускага пратэсту. Ён падзякаваў беларускай дыяспары за арганізацыю дэманстрацыяў і папрасіў тэрмінова звязацца з ім. І заклікаў дапамагаць «дзяўчатам» [гаворка ідзе пра абʼяднаны штаб, які ўзначальваюць жанчыны – belsat.eu]
Сваіх апанентаў запрасіў у Кіеў на сустрэчу па-еўрапейску.
«Хопіць баяцца. Інструкцыі – хутка. Сустрэнемся на Эльбе», – так скончыў свой выступ Пракопʼеў.
Відэа скончылася песняю Ляпіса Трубецкога «Грай» і пералікам затрыманых 14 ліпеня.
Раней Вадзім Пракопʼеў абвясціў, што ён прадае свае рэстарацыі і зʼязджае ў Сінгапур.
КТ belsat.eu