«Хочаш здохнуць – прыходзь у докшыцкую ЦРБ». Крык душы беларускай медсястры

Больніца ў Докшыцах, Віцебская вобласць. Фота: «Белсат»

Адзін з работнікаў Докшыцкай цэнтральнай раённай больніцы на ўмовах ананімнасці пацвердзіў belsat.eu, што медсястра з аддзялення дзіцячай кансультацыі Ксенія Р. памерла ад каронавіруса. Жанчына доўга знаходзілася на апараце ШВЛ у рэанімацыі, 22 красавіка яе не стала. Хавалі яе ў закрытай труне. Мы запісалі крык душы яе калегі, які распавёў, як гэта – ратаваць людзей падчас эпідэміі COVID-19.

Працуючы на «карысць Радзімы», мы не атрымліваем нічога наўзамен. Справа нават не ў грошах. Хочацца плакаць з-за страты чалавека, які ніколі нікому не адмаўляў. Медработнікаў у Докшыцах не хапае. Ім заўсёды даюць дадатковую працу. Стан іх здароўя ніхто ніколі не ўлічвае, яны нікога не хвалююць. Гэта праца на знос.

Ксенія выхоўвала ў адзіночку траіх дзяцей – двух дарослых дачок і 17-гадовага сына. Што з ім, каму ён цяпер патрэбны, хто яго выгадуе?

Будынак раённай бальніцы. Фота: «Белсат»

Як і ўсе, яна падзарабляла – працавала ў кабінеце забору крыві. Там няма ні ахоўных касцюмаў, нічога, хоць начальства ведала, што ў больніцу пачалі паступаць пацыенты з COVID-19. Яна працавала «голая»: ні масак, ні касцюмаў, толькі пальчаткі і шапачка.

Ад пнеўманіі памерла 45-гадовая медсястра з Докшыцаў

Медсясцёр ніхто не слухае, яны баяцца слова сказаць. Іх кідаюць на перадавую. Супрацьчумных касцюмаў не хапае, іх не мяняюць. Медсёстры апрацоўваюць камбінезоны пад кварцам і зноў апранаюць. Шмат медработнікаў хварэе. Адны на карантыне, іншыя пераносяць бессімптомна і сядзяць два тыдні ўдома.

У Докшыцкай ЦРБ – раённай бальніцы – няма вузкіх спецыялістаў: неўролага, лора, дэрматолага. Хірургі прыязджаюць у камандзіроўкі, хто на тыдзень, а хто – на два. Тэрапеўты – пенсіянеры, старэйшая медсястра – пенсіянер. Новых маладых спецыялістаў няма.

Пайсці на бальнічны – падпісаць сабе смяротны прысуд

Ксенія адчувала, што захварэла, але баялася пайсці на бальнічны. Бальнічны тут – як смяротны прысуд. Трэба прайсці праз пекла, каб начальства пагадзілася падпісаць бальнічны.

Зараз пнеўманія ў шматлікіх жыхароў сельскай мясцовасці. Іх колькасць павялічваецца з кожным днём.

Докшыцкая ЦРБ. Фота: «Белсат»

Пакуль не ўвядуць каранцін, эпідэмію не спыніць. У Докшыцах памерлі ўжо мінімум 13 чалавек. Хай гэта людзі старэйшага ўзросту, але яны маглі жыць. У іх засталіся дзеці, унукі. Кіраўніцтва для бяспекі медперсаналу нічога не зрабіла. Ладзяць паказуху толькі на праверках, а яшчэ выганяюць на суботнік. Скажыце шчыра, каму патрэбныя гэтыя суботнікі?

Валанцёры, якія дапамагаюць медыкам у Докшыцах: «Нашую сітуацыю ў іншых краінах расцанілі б як надзвычайнае здарэнне»

ДЗ, ДР/МВ belsat.eu

Hавiны