Хатні гвалт як пабочны эфект самаізаляцыі

Для адных каранцін – час для большага збліжэння ў сям’і. Іншым не хапае асабістае прасторы. А трэція , хто і без сядзення пад замком зрываецца на блізкіх, у ізаляцыі робяць гэта яшчэ часцей. Як улады розных краінаў рэагуюць на агульны пабочны эфект каранціну – хатні гвалт.

Хатняя агрэсія ў Кітаі

Першымі, хто заявіў пра крызіс ў сямейных адносінах пад час каранціну, былі кітайцы, якія і з эпідэміяй сутыкнуліся першыя. Ва ўмовах хатняй ізаляцыі адбылося рэзкае павелічэнне колькасці заяваў на развод.

На пачатку сакавіка ў правінцыі Сычуань звыш 300 пар запланавалі сустрэчы па разарванні шлюбу. Паводле менеджара шлюбнага рэестра Лу Шыўзюнь, колькасць ахвочых пакончыць з сямейнымі стасункамі значна вырасла ў параўнанні з дакаронавірусным перыядам.

«Верагодная прычына ў тым, што людзям не хапае ўласнай прасторы, бо даводзіцца надзвычай шмат часу праводзіць разам у закрытай прасторы», – кажа Лу Шыўзюнь.

Аднак колькі разжэнстваў ініцыяваныя хатнім гвалтам, статыстыка не кажа. У графстве Ліцзянь правінцыі Хубэй (з якой пачаўся распаўсюд новай інфекцыі і якую закрывалі для выезду) у лютым 2020 было 175 зваротаў з просьбаю аб дапамозе. У лютым 2019 года іх было толькі 47. Атрымліваецца, што нецярплівасць гвалтаўнікоў у ізаляцыі вырасла ў амаль 4 разы.

«Маска-19» ратуе еўрапейцаў

Фота pixabay.com

Статыстыка хатняга гвалту змянілася і ў Еўропе. У шэрагу краінаў колькасць толькі зарэгістраваных выпадкаў хатняга гвалту вырасла на 30 % пасля пераходу сем’яў у самаізаляцыю. Профільныя грамадскія арганізацыі забілі трывогу. Першае, што зрабілі – стварылі «гарачыя лініі» для ахвяраў гвалту – будзь то псіхалагічнае ці фізічнае ўздзеянне. Генеральны сакратар ААН Антонью Гутэрыш адзначыў, што сітуацыя ўскладняецца тым, што праз эпідэміялагічнае становішча медычныя і праваахоўныя службы не здольныя аператыўна рэагаваць на такія выпадкі.

«За апошнія тыдні пад час узмацнення эканамічнага і сацыяльнага ціску і страху мы робімся сведкамі жахлівай глабальнай успышкі гвалту ў сямʼі», – адзначыў ён.

Генсакратар ААН заклікаў урады краінаў дадаць палажэнне «Аб перадухіленні гвалту ў дачыненні жанчын» у нацыянальныя планы па барацьбе з каронавірусам.

Генсакратар ААН Антонью Гутэрыш. Фота un.org

Францыя, Італія і Іспанія ўвялі дадатковую схему дапамогі для ахвяраў гвалту: яны могуць звярнуцца за дапамогаю ў аптэкі, паведаміўшы аб здарэнні правізару. У выпадку, калі чалавек не можа адкрыта сказаць пра праблему, можна скарыстацца адмысловым кодавым словам «маска 19». На жаль, ужо ёсць асобы, якім давялося гэта вымавіць.

Неабходнасць увядзення такой захады ўзнікла праз тое, што ў першыя тыдні ўвядзення каранціну адмыслоўцы заўважылі спад у колькасці тэлефанаванняў на гарачыя лініі дапамогі. Бо… у ізаляцыі ахвяру можа пачуць крыўдзіцель ці крыўдзіцелька, якія побач 24 гадзіны на содні. Дырэктарка сеткі прытулкаў для жанчын на поўначы Францыі Дэльфіна Бовэ кажа, што тыя, хто тэлефанавалі, прасілі аб дапамозе шэптам, каб іх не злавілі за скаргаю.

Паводле праваабаронцаў, ахвярам гвалту было і раней няпроста сысці ад агрэсара, цяпер жа гэтая магчымасць абмежаваная агульнанацыянальнымі жорсткімі правіламі каранціну.

Урад Францыі ўзяўся падтрымаць пацярпелых: агулам ім аплоцяць 20 000 начэй у гатэлях, а ў супермаркетах (бо толькі яны цяпер працуюць без абмежаванняў) будуць працаваць кансультацыйныя цэнтры.

Рука дапамогі ў Аўстраліі і Расеі

Фота: Belsat.eu

Урад Аўстраліі выдаткаваў 150 мільёнаў аўстралійскіх долараў на падтрыманне ахвяраў бытавога, сямейнага і сексуальнага гвалту.

Занепакоеныя адмоўнаю тэндэнцыяй у сацыяльным жыцці і расейскія праваабаронцы. Шэраг грамадскіх арганізацыяў заклікалі ўрад і рэгіянальнае кіраўніцтва неадкладна ўмяшацца і абараніць пацярпелых ад хатняга гвалту ў спрыяльных яму ўмовах. Другая просьба абаронцаў – зарэзерваваць месцы ў часовых сховішчах, дзе можна будзе застацца да канца эпідэміі.

Аўтары звароту адзначаюць, што ў Расеі ўсяго некалькі цэнтраў дапамогі і іхная прапускная здольнасць вельмі нізкая.

Кансультацыі для Беларусаў

Фота pixabay.com

Хоць афіцыйнага каранціну ў Беларусі няма, бадай кожны грамадзянін абмежаваўся ўсур’ёз, пачаў больш часу праводзіць дома. Прадстаўніцтва ААН у Беларусі падрыхтавала дакумент, які датычыць правоў чалавека пад час распаўсюду каронавіруса. Адзін з пунктаў закранае правы жанчын у гэты няпросты час:

«Асаблівую ўвагу варта надаць жанчынам і іншым асобам, якія маюць рызыку зрабіцца ахвярамі ці мець рызыку сутыкнуцца з хатнім гвалтам, паколькі каранцін і такога кшталту захады павышаюць іхную ўразлівасць. Вымушана доўгае знаходжанне ў закрытай прасторы з абʼюзерам павышаю рызыку стацца ахвяраю гвалтоўных дзеянняў, бо ў іх не застаецца часу хаця б на невялікую перадышку», – паведамляецца ў дакуменце.

Сітуацыю ўскладняе і тое, што ў краіне да гэтага часу не прыняты Закон аб хатнім гвалце, лічаць сябры арганізыцыяў-абаронцаў у гэтай галіне. Каб папярэдзіць крытычную сітуацыю грамадскае абʼяднанне «Радзіслава» прапанавала свае кансультацыі і запрашае да ўдзелу ў групах падтрымання онлайн. Запісацца можна праз тэлефанаванне на нумар +375 29 610 83 55 ці запоўніць анкету. Онлайн сустрэчы доўжацца 2-3 гадзіны параз Skype.

Хрысціна Чарняўская, Belsat.eu

Hавiны