Хачу назіраць за выбарамі. Як гэта зрабіць?


Хочаце, каб у Беларусі былі сумленныя выбары? Адзін са спосабаў гэтага дамагчыся – назіранне. Мы падрыхтавалі невялічкую інструкцыю, дзе адказалі на галоўныя пытанні: навошта станавіцца назіральнікам? Як гэта працуе? Ці магчыма спыніць фальсіфікацыі?

Хто такія назіральнікі?

Назіральнікі – гэта той самы незаангажаваны бок, які сочыць за тым, каб выбары адбываліся ў адпаведнасці з заканадаўствам. Іхная місія – назіраць, як выконваецца выбарчае права людзей і даносіць гэтыя звесткі да грамадства і міжнароднай супольнасці. Высновы, зробленыя назіральнікамі, даюць магчымасці ўладам выправіць хібы пры падрыхтоўцы наступных выбараў.

Карцінка: Дэ Лёс

Назіраць на выбарах можа любы паўналетні грамадзянін Беларусі, які прадстаўляе грамадскае аб’яднанне або мае падтрыманне ад яшчэ 10 чалавек, зарэгістраваных на тэрыторыі выбарчага ўчастку. Назіраць можна на любым участку, незалежна ад рэгістрацыі.

Ёсць доўгатэрміновае і кароткатэрміновае назіранне. Доўгатэрміновыя назіральнікі сочаць за працэсам ад моманту абвяшчэння выбараў за ўсімі этапамі: ад збору подпісаў, фармаваннем выбарчых камісіяў да агітацыі.

Кароткатэрміновае назіранне больш распаўсюджанае. Гэтыя людзі сочаць за выбарамі падчас датэрміновага галасавання (у Беларусі гэта 5 дзён) і ў асноўны дзень.

Як стаць назіральнікам?

Назіраць можна ад грамадскіх арганізацыяў: напрыклад, ад праўладных Федэрацыі прафсаюзаў або ветэранскіх арганізацыяў.

Калі хочаце назіраць ад «іншых сілаў», то ў Беларусі дзейнічае некалькі ініцыятываў: «Права выбару» і «Праваабаронцы за свабодныя выбары». Каб далучыцца да кампаніяў, трэба запоўніць анкету, а таксама пазней прайсці адмысловы інструктаж, дзе тлумачаць нюансы назірання.

Карцінка: Дэ Лёс

Калі вы не хочаце ўдзельнічаць ад нейкай канкрэтнай арганізацыі, то вы можаце самастойна вылучыцца ў назіральнікі. Вам трэба сабраць 10 подпісаў ад людзей, якія жывуць на ўчастку, дзе вы хочаце назіраць. Ініцыятыва «Сумленныя людзі» падрыхтавала ўзор гэтай заявы.

Запісацца на назіранне ад грамадскай арганізацыі вы можаце да 10 ліпеня. А калі хочаце самастойна падаць заяву, то гэта можна зрабіць за тыдзень да пачатку датэрміновага галасавання.

Што могуць рабіць назіральнікі?

Галоўная роля назіральнікаў – не ўмяшанне ў працэс, а простае фіксаванне. То бок, назіральнікі проста сочаць за ўсім, што адбываецца на выбарчым участку. Яны могуць нешта перапытаць, зрабіць заўвагу, звярнуць увагу на магчымыя парушэнні.

Спіс правоў назіральнікаў у Беларусі вельмі дакладна абмяжоўваецца выбарчым кодэксам. Прычым спіс закрыты: усё, чаго ў ім няма – забаронена.

Карцінка: Дэ Лёс

Напрыклад, наўпроставай забароны на фота- і відэаздымку падчас назірання няма. Раней яе можна было ажыццяўляць праз дазвол старшыні камісіі. Аднак у сёлетніх інструкцыях для выбарцаў фатаграфаваць участак можна толькі з пэўных месцаў.

У Беларусі актыўнае і неабыякавае назіранне часта трактуецца як парушэнне працы камісіі. Фатаграфаванне, аўдыязапіс, спрэчкі з камісіяй і нават пытанні могуць стаць падставай для пазбаўлення акрэдытацыі назіральніка.

Назіральнікі могуць лічыць колькасць людзей, каб зверыць іх з афіцыйнымі лічбамі. На жаль, у Беларусі амаль ніколі не дазваляюць сачыць менавіта з падлікам галасоў. Назіральнікі стаяць на месцы, вызначаным старшынёй выбарчай камісіі, пакуль ідзе падлік галасоў, і чуюць толькі канчатковыя лічбы.

Што рабіць, калі вы бачыце фальсіфікацыі?

Трэба зафіксаваць такія выпадкі праз фота, відэа або іншым спосабам. Наступны крок – калі вы назіраеце ад грамадскай арганізацыі, параіцца з каардынатарам, што з гэтым рабіць.

Чарга на галасаванне.
Фота: belsat.eu

Фальсіфікацыя выбараў – крымінальнае злачынства паводле арт. 192 Крымінальнага кодэксу. Таму можна падаць заяву ў праваахоўныя органы і патрабаваць прыцягнення адказнасці тых, хто фальсіфікаваў выбары. Можна накіраваць заяву ў міжнародныя арганізацыі і паведаміць ім аб сітуацыі.

Як паказвае практыка апошніх выбарчых кампаніяў, скаргі не дапамагаюць аднавіць справядлівасць. Але гэта дае знак органам, што людзям не ўсё роўна і яны гатовыя адстойваць свае правы.

Казусы на выбарчых участках

На выбарах у мясцовыя саветы, што адбываліся ў лютым 2018 года, актывіст Дзяніс Краўчук даведаўся ад знаёмай, што можна напісаць у пашпарце лічбы 000 – 179. Гэты код дазволіў яму прагаласаваць на некалькіх участках за іншых людзей. Карусель стала вядомай, Лідзіі Ярмошынай прышлося каментаваць сітуацыю. Але наяўнасць фальсіфікацыяў яна не прызнала.

У Берасці праваабаронца ад Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) на парламенцкіх выбарах 2019 году зафіксаваў, як жанчына выйшла з кабінкі для галасавання са стосам бюлетэняў. Потым яна тлумачыла, што гэта быў адзін бюлетэнь, складзены ўтрая.

На леташніх парламенцкіх выбарах назіральнік Пётр Маркелаў патрабаваў пералічыць галасы. Аднак чальцы выбарчай камісіі выклікалі на яго міліцыю. Разам з кандыдатам Стасам Шашком яго даставілі ў РУУС. Потым Маркелаў атрымаў 14 содняў.

Сразу после объявления результатов подсчета бюллетеней, отданных в основной день голосования. За депутата Комаровского — 218, за Василевского — 91, за Stas Shashok — 46, против всех — 13.Балагана и не было бы, если бы мы своими глазами не видели реальное число голосов, отданных за Стаса.При подсчете голосов, каждый член комиссии сначала сделал себе стопку бюллетеней (лицевой стороной вниз, конечно). После этого они начали по одному переворачивать бюллетени и ставить палочку напротив имени кандидата на отдельных листах. И если в урне досрочного голосования уверенно лидировал Комаровский (по понятным причинам), то в урне для голосования в основной день лидерами были Стас и «против всех». Мы видели, что у всех членов комиссии в их результатах подсчета в основной день на этом участке побеждал Стас, за которого отдали голоса несколько сотен избирателей.Как видно на видео, сами члены комиссии не принимают участия в балагане. Вместо этого работают «наблюдатели».

Opublikowany przez Piotra Markielau Niedziela, 17 listopada 2019

 

***

Пасля прэзідэнцкай кампаніі 1994 года аніводныя выбары ў Беларусі не былі прызнаныя міжнароднай супольнасцю.

Дзякуем за дапамогу пры падрыхтоўцы матэрыялу Наталлі Сацункевіч з праваабарончага цэнтру «Вясна».

Ксенія Тарасевіч, belsat.eu

Стужка навінаў