Наваградская актывістка Таццяна Вайтовіч падала ў суд супраць медыкаў, што прызналі яе псіхічна хворай і непрацаздольнай.
Інцыдэнт з наваградскай фельдшаркай-лабаранткай, а таксама актывісткай партыі БХД Таццянай Вайтовіч адбыўся яшчэ восенню мінулага года. Таццяна распавяла, што 1 лістапада да яе ў кватэру прыйшлі міліцыянты і гвалтоўна адвезлі ў Гарадзенскую псіхіятрычную лякарню, дзе яна прабыла некалькі тыдняў.
Паводле слоў жанчыны, гэта адбылося праз яе асабісты канфлікт з мясцовымі ўладамі і праз актыўную грамадзянскую пазіцыю, што прыйшлася недаспадобы чыноўнікам. Яшчэ ў студзені 2017 года Таццяна атрымала заключэнне камісіі Гарадзенскага абласнога клінічнага цэнтру «Псіхіятрыя-неўралогія», у якім адзначаецца: па стане псіхічнага здароўя падставаў для пастаноўкі на дыспансэрнае назіранне няма. Аднак амаль праз год экспертная камісія рэзка змяніла меркаванне.
Актывістка сцвярджае, што падчас прымусовай «дастаўкі» у псіхлякарню яе збілі і не дазволілі ўзяць з сабой неабходныя рэчы, у шпіталі яна вымушаная была прасіць дадатковую бялізну.
«Як яны са мной абыходзіліся! Я – цалкам здаровы чалавек, а яны мне даюць мужчынскія майткі! Вы ўяўляеце? Гэта ганьба рэспубліцы. І яшчэ мне кажуць: купіш новыя за 10 рублёў, жаночыя, нам прынясеш і аддасі! Прусакі па сценах бегаюць, я бачыла, што там за шпіталь. Гэта жудасна», – распавядае Таццяна Вайтовіч.
Са шпіталя яе адпусцілі 24 лістапада 2017 года, з медычным заключэннем – 2-я група інваліднасці. Таццяна з такім рашэннем медыкаў катэгарычна не пагаджаецца і мае намер абскарджваць яго ў судзе. 30 лістапада яна прайшла паўторнае абследаванне ў 10-й гарадской клінічнай больніцы г. Менску, якое не пацвердзіла дыягназ, пастаўлены гарадзенскімі спецыялістамі.
«Мне ж прыпісалі яшчэ і эпілепсію нейкую, якой у мяне не было. Але я ж сама медык. Неўралогія, эпілепсія і псіхіятрыя несумяшчальныя. Таму я хутка паехала і мяне абследавалі. Вынікі добрыя, але медыка-рэабілітацыйная экспертная камісія паставіла мне 2-ю групу па псіхіятрыі. Безпадстаўна!», – скардзіцца Таццяна.
Таццяна Вайтовіч тлумачыць такое стаўленне да сябе асабістай помстай галоўнага лекара Наваградскага шпіталя, з якім жанчына мае зацяжны канфлікт. Акрамя таго, паводле меркавання актывісткі, прычынай пераследу магло стаць яе жаданне вылучыцца на сёлетніх выбарах у мясцовыя саветы.
«Я ўвесь час абараняла правы і законы нашых грамадзянаў. Заўсёды імкнулася, каб грошы, якія паступаюць у бюджэт, даставаліся народу, а не толькі ўладзе. У мяне вялікі стаж у Наваградскай цэнтральнай лякарні і я добра ведаю, што там адбываецца. Я накіроўвала скаргі супраць карупцыі ў адміністрацыю кіраўніка краіны, у выніку чаго прыязджаў дзяржкантроль і выявіў вялізныя крадзяжы грошай, махінацыі ў выплаце заробкаў медыкам», – гаворыць Таццяна Вайтовіч.
Аднак спроба высунуць сваю кандыдатуру ў мясцовыя дэпутаты не сталася для Таццяны паспяховай. Яна кажа, што яе падманулі ў Наваградскім райвыканкаме, паведаміўшы непраўдзівую інфармацыю аб месцах збору подпісаў.
«Мы 100 подпісаў сабралі за два дні! Людзі мяне ведаюць. Але юрыст райвыканкаму запэўніваў мяне, што можна збіраць подпісы не толькі ў сваёй акрузе. Пасля гэтага, пры падачы подпісаў мне паведамілі, што гэта не так. Што подпісы маюць быць сабраныя з грамадзянаў выключна сваёй выбарчай акругі», – тлумачыць актывістка.
Цяпер Таццяна Вайтовіч чакае апошняй экспертызы Міністэрства аховы здароўя, якая мае прыйсці ў абласны суд у Горадні, пасля чаго будзе прызначанае другое судовае паседжанне для разгляду яе скаргі.
Паўліна Валіш, belsat.eu