Грамадзяніну Ізраіля пагражае смяротнае пакаранне ў Беларусі


Нямецкая паліцыя арыштавала Алана Левіта па ордэры Інтэрполу, выпісаным па патрабаванні Беларусі. Грамадзяніну Ізраіля інкрымінуюць забойства, здзейсненае ў ходзе ўзброенага рабавання кватэры ў Менску 25 гадоў таму. Ізраільскія медыі падаюць, што здарэнне адбылося праз два гады пасля рэпатрыяцыі Лявіта ў Ізраіль.

Алан Левіт эміграваў у Ізраіль у 1991 годзе, піша «Беларусь і свет». Дзесяць гадоў таму беларускія следчыя правялі допыт Левіта адносна жорсткага забойства, якое адбылося ў Менску ў 1993-м. Левіт адмаўляў што мае да дачыненне да злачынства.

Следчыя падазравалі, што Левіт прыехаў у Беларусь з яшчэ адным чалавекам, разам яны ўварваліся ў дом, абрабавалі гаспадара і забілі яго.

У ордэры Інтэрпола, які быў выпісаны па запыце Беларусі два гады таму, гаворыцца, што забойства адбылося 16 сакавіка 1993 года. Злачынцы нанеслі ахвяры 16 колатых ранаў у твар і шыю.

Падазраванага затрымалі ў аэрапорце Франкфурту, калі ён прыляцеў на адпачынак. «Навіны Ізраіля» са спасылкаю на выданні «Wallanews» і «Ісраэль Хайая» пішуць, што Левіта разлучылі з ягоным 12-гадовым сынам.

Грыгорый Курзынер, адвакат Левіта, настойвае на невінаватасці свайго кліента, і просіць ізраільскае міністэрства замежных справаў умяшацца ў сітуацыю. Паводле юрыста, у выпадку экстрадыцыі ў Беларусь ізраільцяніну пагражае смяротнае пакаранне.

Ізраіль традыцыйна прытрымліваецца палітыкі нявыдачы падазраваных у краіны, дзе існуе смяротнае пакаранне. Беларусь – адзіная краіна Еўропы, якая яго захавала.

У апублікаваным у сераду відэа былы кіраўнік менскага СІЗА Алег Алкаеў распавёў пра ўсе нюансы выканання такіх прысудаў у нашай краіне.

ДД

Глядзі таксама
Каментары