Беларускія памежнікі час ад часу сутыкаюцца са спробамі перасекчы мяжу па дакументах неіснуючых дзяржаваў, распавялі ў Дзяржаўным памежным камітэце.
Паводле прадстаўнікоў ведамства, былі зафіксаваныя асобы з пашпартамі «грамадзяніна свету», «грамадзяніна Арктыкі». Пры гэтым некаторыя такія пашпарты былі зробленыя якасна, з элементамі кшталту вадзяных знакаў.
«Шмат было выпадкаў перасячэння мяжы без пашпартоў, асабліва калі пачаліся падзеі ва Украіне. Людзі, збягаючы з краіны, хапалі, што паспявалі. У такіх сітуацыях мы цесна працавалі з калегамі і выходзілі на МЗС, апарат камандзіраў частак на памежных участках, каб устанавіць грамадзянскую прыналежнасць такіх мігрантаў», – сказалі БелТА ў Дзяржпамежкамітэце.
Здараецца і так, што замежнікі спрабуюць уехаць на тэрыторыю Беларусі па фальшывых дакументах або з прыкметамі частковай падробкі.
Калі замежнік трапляе ў Беларусь і не мае дакументаў, ён можа хадайнічаць аб прадстаўленні статусу ўцекача, але на час разгляду хадайніцтва ён будзе змешчаны ў цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў.
Нагадаем, уезд у Беларусь з пашпартамі непрызнаных ЛНР і ДНР магчымы «выбарачна» і разгледжваецца на падставе жыццёвай сітуацыі асобы. МУС Беларусі заявіла аб гэтым у лютым 2017 году. Раней Дзяржпамежкамітэт заяўляў, што ўезд па гэтым дакументах забаронены.
КА, belsat.eu