Глыбоцкага журналіста за супрацу з «Белсатам» аштрафавалі амаль на 900 рублёў


Справу Змітра Лупача разглядалі ў судзе Глыбоцкага раёну. Нагодай стаў рэпартаж пра помнік у гонар стагоддзя камсамолу.

Напрыканцы мінулага году журналіст Зміцер Лупач зрабіў сюжэт пра тое, што ў Глыбокім паставілі помнік камсамолу.

На Віцебшчыне паставілі помнік камсамолу

Міліцыянты завялі адміністрацыйную справу. З гэтай нагоды яны апыталі двух сведкаў: Святлану Палідавец і Алену Маёраву. Гэтыя жанчыны прысутнічалі ў апытанцы. На суд з’явілася толькі Святлана Палідавец, Алена Маёрава не прыйшла, спаслаўшыся на хваробу.

На пачатку судовага паседжання Зміцер папрасіў весці яго на беларускай мове, бо якраз у гэты дзень, 21 лютага, адзначаецца Дзень роднай мовы. Суддзя хадайніцтва не задаволіў, спаслаўшыся на тое, што ў Беларусі дзве дзяржаўныя мовы. Не дазволіў ён і рабіць фотаздымкі.

Журналіст раздрукаваў квіток аб аплаце папярэдняга штрафу памерам 1,6х1,8 м і занёс яго ў суд

Сведка Святлана Палідавец, якая працуе настаўніцай, сказала суду, што больш не будзе даваць ніякіх інтэрв’ю журналістам, каб не мець праблемаў.

Гэтым разам журналіста аштрафавалі за працу на 35 базавых велічынь – амаль 900 рублёў

Зміцер Лупач сказаў, што не лічыць сябе вінаватым. Тым не менш, суддзя Андрэй Тарасевіч пакараў журналіста штрафам у 35 базавых велічынь, што складае 892 рублі 50 капеек.

Гэта першы суд над журналістам, які праходзіў у 2019 годзе. У мінулым годзе Змітра судзілі дзевяць разоў.

ЗЛ/Belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары