На Віцебшчыне паставілі помнік камсамолу


Гісторыя, што да спадобы ўладам. У горадзе Глыбокае на Віцебшчыне працягваюць ушаноўваць памяць камсамолу. Два месяцы таму мясцовыя чыноўнікі не абмінулі святкаванне стогадовага юбілею УЛКСМ, а ўжо цяпер – усталявалі помнік у гонар заснаванага пры Леніне саюзу моладзі. Які след у гісторыі Глыбокага пакінуў камсамол, і ці ГЭТЫМ насамрэч мае ганарыцца горад?

Моладзь у камсамол ужо даўно не прымаюць, але чыноўнікі дасюль настальгуюць. У Глыбокім Усесаюзны ленінскі камуністычны саюз моладзі ўганаравалі стэлаю. Помнік нагадвае, што сёлета арганізацыі споўнілася б сто гадоў.

Алег Морхат, кіраўнік глыбоцкага раёну: «Камсамолу, а менавіта моладзі, давяралі самае складанае. І сапраўды, у каго, як не ў моладзі, заўсёды ёсць памкненне ўвышыню, памкненне да зорак?»

Аднак такое ганаровае стаўленне да камсамолу падзяляюць ня ўсе знаўцы гісторыі.

Кастусь Шыталь, краязнаўца, блогер: «Сто гадоў таму ніякага камсамолу ў Глыбокім не было, бо тут была іншая дзяржава. І тут былі іншыя традыцыі моладзевага руху. Быў вельмі развіты скаўцкі рух, былі розныя польскія патрыятычныя парамілітарныя арганізацыі. Было краязнаўчае таварыства. Была Глыбоцкая гімназія, дзе моладзь была вельмі актыўная».

Паводле краязнаўца, ганарыцца Глыбокае можа і іншым моладзевым згуртаваннем – Саюзам беларускіх патрыётаў, што дзеяў з 1945-га да 1947-га года. Яго сябры, натхнёныя ідэяй незалежнасці Беларусі, прыкладалі намаганні, каб захоўваць і пашыраць беларускую культуру і мову. Аднак акурат прыхільнікі камсамолу і камунізму з органаў дзяржаўнай бяспекі разграмілі суполку беларускіх патрыётаў. Вуліцы ж, дзе моладзь вучылася ў Глыбоцкай вучэльні, далі новую назву – Камуністычная. Там жа цяпер і ўсталявалі помнік камсамолу.

Кастусь Шыталь, краязнаўца, блогер: «Не трэба фальшаваць гісторыю, не трэба навязваць гэтую камуністычную ідэалогію ў якасці таго, чым мы нібыта мусім ганарыцца. Бо ганарыцца трэба тым, што ёсць добрае, што можа даць пазітыўны прыклад».

А як да помніку камсамолу паставіліся жыхары Глыбокага?

Жыхары Глыбокага:

«Помнік камсамолу? Ну, нават не ведаю. Складана адказаць».

«Я лічу, што трэба. Гісторыю забываць не трэба. Хто не памятае сваю гісторыю, не мае будучыні».

«А спросу ж ніякага не было, правільна? Ніхто ж не запытваў ні ў вас, ні ў мяне, правільна?».

«Значыць, рашэнне ёсць нейкае вышэйшае, не абмяркоўваецца».

Помнік камсамолу паўстаў літаральна за два дні – спяшаліся да раённай нарады ў падвядзенні вынікаў года. Здзіўляцца ж яго ўсталяванню не выпадае: памяць пра камсамол жыве і ў сэрцы галоўнага чыноўніка – кіраўніка краіны.

«Калі б не было камсамолу ў маім жыцці, я б не быў прэзідэнтам».

Гэтак, цяпер камсамол жыве ў новым абліччы – Беларускім рэспубліканскім саюзе моладзі.

Юлія Лабанава, «Белсат»