Гісторыя, культура, вольны інтэрнэт. Арганізатары Дня Волі-2018 распавялі пра свае далейшыя планы


Святкаванне 25 сакавіка ў 2018 годзе стала хіба што самай масавай і натхняльнай публічнай праявай беларускага нацыянальнага духу як мінімум за апошняе дзесяцігоддзе. У першую чаргу гэта было абумоўленая новым фарматам працы, што быў абраны камандай маладых актывістаў, якія паставілі на святочны, а не чыста палітычна-пратэстны складнік гэтай даты.

Сучасная гісторыя

Галоўнымі арганізатарамі Дня Волі ў гэтым годзе стала група, якую можна аднесці да новага пакалення беларускага нацыянальнага руху. «Тварамі» гэтай групы сталі блогер, інтэрнэт-актывіст, бізнесовец – Эдуард Пальчыс (блог http://1863x.com), Антон Матолька (праект #МотолькоПомоги), Павал Белавус (крама symbal.by).

У гэтым годзе яны плануюць далучыцца да адзначэння яшчэ аднаго юбілею – 30-й гадавіны таго, як у слабеючым Савецкім Саюзе зноў з’явіліся легальны беларускі нацыянальны рух.

Дзяды-1988. Уладзімер Арлоў выступае на мітынгу ў полі па дарозе на Курапаты. Фота http://arlou.by.

«3-га чэрвеня [1988 года] у газэце «Літаратура і мастацтва» выйшаў артыкул «Курапаты: дарога смерці» за аўтарствам Яўгена Шмыгалёва і Зянона Пазняка. Прадмову да яе напісаў сам Васіль Быкаў… Таксама 30 год таму [30 кастрычніка 1988 года] адбылося першае масавае шэсце ў Курапаты. Мы збіраемся годна адзначыць «Дзяды 2018» і звярнуць максімальную ўвагу да савецкіх рэпрэсіяў», – заяўляюць арганізатары ў праграмным артыкуле.

Таксама каманда прапануе згадаць і адсвяткаваць стварэнне ў 1988 годзе Беларускага Народнага Фронта, галоўнай і вядучай нацыянальнай арганізацыі беларускага руху, якая фактычна стала сінонімам імкнення Беларусі да незалежнасці ў тыя часы.

Летнія фэсты і адукацыя

Каманда адзначае, што фактычна ў Беларусі цяпер грамадзянская супольнасць выконвае працу, якую мусіць рабіць дзяржава.

«Людзі самі часта збіраюць грошы на адкрыццё помнікаў і памятных шыльдаў, змагаюцца за правільныя назовы вуліц і плошчаў, не даюць знішчыць важныя архітэктурныя помнікі», – гаворыцца ў праграмным артыкуле.

Канцэпт помніка Гедыміну на месцы ўсталявання. Фота 0154.by

У прыватнасці адзначаецца, што дагэтуль не ўсталяваная шыльда на вуліцы Валадарскага ў гонар 100-годдзя Беларускай Народнай Рэспублікі, чакае дапамогі грамадства помнік вялікаму князю Гедыміну ў Лідзе.

«Мы прыкладзем намаганні, каб гэтыя праблемы былі вырашаныя як мага хутчэй. Акрамя таго ёсць ідэі наконт некалькі летніх фэстаў, якія можна правесці ў нацыянальна-грамадзянскім стылі для шырокага кола беларусаў».

За свабоду беларускага інтэрнэту

Таксама будзе звернутая ўвага на рэпрэсіўныя дзеянні беларускіх чыноўнікаў і заканадаўцаў супраць вольнага слова ў беларускай віртуальнай прасторы – новае заканадаўства пра СМІ, блакаванне сайтаў, пакаранні за стрымы, крымінальныя справы супраць блогераў.

Ігар Шуневіч. Фота tvr.by

«Мы будзем дзейнічаць у адказ, праводзіць інфармацыйныя кампаніі і рабіць усё магчымае, каб выцягнуць беларускую медыя-прастору з дрыгвы цэнзуры і дэградацыі», – пішуць актывісты, для якіх інтэрнэт зʼяўляецца важнейшым сродкам працы.

Дзень Волі 2019

У наступным годзе каманда гатовая зноў узяцца за арганізацыю святкавання 25 сакавіка – дня абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі. Пры гэтым яны адзначаюць, што праца будзе звязаная са шматлікімі фактарамі, якія наўпрост ад арганізатараў не залежаць.

Гэта дазвол Менгарвыканкаму, які б быў дадзены загадзя, а таксама адпаведная пляцоўка.

Затрыманні на плошчы Якуба Коласа 25 сакавіка 2018 года. Фота – Ірына Арахоўская

 

«Такія падзеі трэба рыхтаваць месяцамі, цвёрда ведаючы, што ў цябе хопіць часу і сіл… Патрэбнае годнае месца, дзе людзі будуць адчуваць сябе як на любым нармальным нацыянальным свяце».

Зноў жа святкаванне будзе абумоўленае палітычнай сітуацыяй у краіне: «Мы вельмі дрэнна ставімся да любых рэпрэсіяў і закручвання гаек. Свята магчымае толькі калі ёсць адпаведная атмасфера і ўмовы».

Свята каля Опернага тэатру ў Менску 25 сакавіка 2018 года. Фота – Вячаслаў Радзіміч

Папярэдне плануецца, што святкаванне «Дня Волі 2019» адбудзецца ў нядзелю 24 сакавіка 2019 года.

Аляксандр Гелагаеў, belsat.eu

Стужка навінаў