«Гэта слёзы для краіны»: кожны працоўны беларус выдаткаваў на Еўрапейскія гульні $ 35


Беларусь выдаткавала на Еўрапейскія гульні Br 540 млн (каля $ 265 млн), з іх з бюджэту было выдзелена Br 266 млн (каля $ 130 млн). Такія лічбы ў Палаце прадстаўнікоў назваў міністр фінансаў Максім Ермаловіч, піша TUT.BY.

«З пункту гледжання рэалізацыі вонкаваэканамічнай палітыкі гэта складана ацаніць у грошах. Гэта значна пашырае інвестыцыйную прывабнасць краіны», – цытуе міністра belta.by.

26 чэрвеня дэпутаты разглядалі справаздачу аб выкананні бюджэту за 2018 год.

Міністр фінансаў не змог адказаць на пытанне дэпутата Ганны Канапацкай, які даход атрымае краіна ад правядзення Еўрапейскіх гульняў.

«Па выніках II Еўрапейскіх гульняў мы зможам ацаніць, наколькі вырас гандаль, наколькі вырасла карыстанне паслугамі, турыстычныя даходы гораду. (…) Калі з’явяцца гэтыя дадзеныя, мы будзем дакладна ведаць, колькі горад «зарабіў», – сказаў Максім Ермаловіч.

Раней у медыях называлася лічба $ 150 млн. У 2016 годзе Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Еўрапейскія гульні можна правесці «дзесьці за $ 50 млн».

«Гэта слёзы для краіны. А можа, і таго не трэба: еўрапейцы сказалі, што дапамогуць», – сказаў тады Лукашэнка.

Паводле Нацыянальнага статыстычнага камітэту летась у Беларусі працавала 3 760 128 чалавек. Калі раскінуць на іх выдзеленыя з бюджэту сродкі, то атрымаецца, што кожны працоўны беларус выдаткаваў на паляпшэнне «інвестыцыйнай прывабнасці» краіны каля $ 35.

Аб’ектыў
Чацвёрты дзень Еўрапейскіх гульняў: без энтузіязму
2019.06.24 21:42

ЮВ belsat.eu

Стужка навінаў