Чацвёрты дзень Еўрапейскіх гульняў: без энтузіязму


Пустыя фан-зоны, малая колькасць замежнікаў і коркі на сталічных магістралях. У Беларусі прайшоў чацвёрты дзень Еўрапейскіх гульняў. Ці атрымае нашая краіна лепшы імідж ад гэтай імпрэзы? І ці можна разлічваць хоць на нейкі фінансавы прыбытак?

– Добры дзень, тэлеканал «Белсат». Як вам Еўрапейскія гульні?

– Ды ну, такое жыццё. Не трэба такія гульні! – адказвае незадаволены спадар за стырном.

Калі Еўрапейскія гульні і выклікаюць у некага захапленне, то дакладна не ў менскіх кіроўцаў, якія сёння захрасалі ў корках зусім не ў час пік:

«Няма словаў. Трэба было браць выходны. На ўвесь тыдзень».

«Нядобра, нядобра». – «А вы гатовыя патрываць дзеля гасцей сталіцы?» – «Дзеля гасцей гатовы, але дзеля гэтых гульняў не гатовы».

«Давядзецца трываць. А што, выбар ёсць?»

«Вы ведаеце, не трэба. Усё добра, усё выдатна».

Дзеля рэпетыцыі індывідуальнае велагонкі сёння ў сталіцы з 9:00 да 13:00 перакрывалі адцінкі вуліцаў Багдановіча, Інтэрнацыянальнай, Куйбышава, Купалы, Нямігі, Пашкевіч, Ціміразева, Раманаўскае Слабады і Старажоўскай. Заўтра тыя самыя адцінкі будуць закрытыя з 7:00 да 17:00. Але гэта не ўсе нязручнасці.

Напрыклад, Гарадскі Вал застаецца закрыты ўвесь гэты тыдзень – да канца Еўрапейскіх гульняў – 30 чэрвеня. Вуліца, якая звязвае Нямігу і праспект Незалежнасці, зарэзерваваная адмыслова для транспарту, які абслугоўвае Еўрапейскія гульні.

Невыгоды ёсць, але эканамічных даходаў не прагназуюць. Колькі з нашых падаткаў пайшло на правядзенне Еўрапейскіх гульняў – інфармацыя закрытая. Але вядомы спартовы адмысловец Уладзімір Даўжэнка назваў нам умоўную лічбу – чвэрць мільярда долараў. Між тым, фан-зоны пусцеюць. Не відаць і вялікага наплыву замежных турыстаў.

«За апошнія дні мне ўдалося пабываць у фан-зоне каля Палацу спорту на пешаходных вуліцах, заўважыў, што нават у параўнанні з Чэмпіянатам свету па хакеі такой колькасці іншаземных гасцей не заўважна», – каментуе старэйшы аналітык «Alpari» Вадзім Іосуб.

Зрэшты, спартовыя падзеі, як правіла, праводзяцца не столькі дзеля грошай, колькі дзеля спартовага свята і дзеля іміджу. Але абурэнне і неразуменне Гульні выклікаюць нават сярод спартоўцаў-удзельнікаў:

«Калі сам атлет, як нашая Таццяна Халадовіч, заяўляе, што яна сама не разабралася ў правілах, што казаць пра звычайных заўзятараў. […] Ну, і вядома, з такім наборам дысцыплінаў Еўрапейскія гульні не могуць быць папулярнымі. Я аглядаў перыядычныя выданні. Французскія, італьянскія сайты – нідзе пра гэта не згадваецца. Адзінае, што я знайшоў, – на польскім «Еўраспорце», – зазначае Сяргей Южык, спартовы журналіст, выданне «Прессбол».

Зрэшты, менавіта ў Польшчы і маюць прайсці наступныя Гульні – у 2023 годзе. Аднак сёння кракаўскія гарадскія актывісты заявілі, што гатовыя ініцыяваць мясцовы рэферэндум наконт мэтазгоднасці арганізоўвання Еўрапейскіх гульняў.

Гэткі досвед у Кракава ўжо ёсць: 5 гадоў таму гараджане праз мясцовае галасаванне адхілілі прапанову прыняць зімовую Алімпіяду-2022. Супраць імпрэзы прагаласавалі амаль 70% з тых, хто прыйшоў на рэферэндум.

Вітаўт Сіўчык, belsat.eu