«Гэта помста за фільм». NEXTA заклікаў да кампаніі салідарнасці з Чудзянцовым


Журналіст Уладзімір Чудзянцоў. Фота https://www.facebook.com/chudentsov

Блогер NEXTA выклаў на YouTube ролік, прысвечаны справе журналіста Уладзіміра Чудзянцова, якога затрымалі 21 лістапада на беларуска-польскай мяжы. NEXTA сцвярджае, што пераслед Чудзянцова – гэта помста за тое, што ён дапамагаў блогеру ў стварэнні стужкі «Лукашэнка. Крымінальныя матэрыялы».

Стужку «Лукашэнка. Крымінальныя матэрыялы» блогера Сцяпана Святлова (NEXTA) паглядзелі больш за 1,7 мільёна чалавек, ролік выйшаў на першае месца ў трэндах Беларусі ў «Youtube’е». NEXTA лічыць, што справа Чудзянцова – помста за гэты фільм, бо журналіст дапамагаў яму.

«Фільм такога маштабу проста немагчыма зрабіць у адзіночку. Гэта тысячы старонак тэксту і кансультацыі, запіс, мантаж, апрацоўка. 90% усёй гэтай працы я ўзяў на сябе. Аднак былі і тыя, хто дапамагаў мне ў гэтых 10%. Як правіла гэта былі самыя блізкія і знаёмыя людзі. Журналіст Уладзімір Чудзянцоў сярод іх. Ён ніколі не быў наўпрост звязаны з каналам, бо жывучы ў Беларусі гэта проста небяспечна. Тым не менш шмат у чым дапамагаў, кансультаваў, а часам пры поўнай адсутнасці ў мяне часу нават дапамагаў у рэдагаванні тэкстаў. Бясплатна, па сваёй волі, рызыкуючы свабодай», – распавёў блогер.

NEXTA лічыць справу супраць Чудзянцова цалкам палітычнай. У роліку таксама ёсць сведчанні журналіста Рамана Пратасевіча (ён першы паведаміў пра затрыманне), які кажа, што некаторы час таму акаўнты Чудзянцова ў сацсетках былі ўзламаныя, а сам ён пачаў заўважаць калі сваёй кватэры «падазроных людзей».

«Затрыманне Уладзіміра – справа выключна палітычная і звязаная са мной, з вамі. Бо мяне асабіста дастаць не могуць. Таму пачалі заходзіць праз тых, хто мне блізкі і дарагі. Каб напалохаць, адпомсціць», – падкрэслівае NEXTA.

NEXTA назваў справу Чудзянцова копіяй расейскай спецаперацыі супраць журналіста Івана Галунова. Блогер заклікаў да маштабнай кампаніі салідарнасці пад хэштэгам #freechudentsov.

Журналіста Уладзіміра Чудзянцова 21 лістапада знялі з цягніку на беларуска-польскай мяжы. Памежнікі нібыта знайшлі ў яго пакет з нейкім рэчывам. Пасля гэтага адбыўся ператрус у кватэры журналіста, дзе, паводле ягонай маці, знайшлі два пакеты, якія былі прылепленыя скотчам да стала і ложку. Цяпер Чудзянцоў знаходзіцца ў берасцейскім СІЗА.

Чудзянцоў ехаў у Варшаву да Максіма Чарняўскага – палітэмігранта, актыўнага удзельніка маўклівых акцыяў пратэсту, які ў 2011 годзе ўцёк з краіны і заявіў, што яго пад ціскам завербаваў КДБ.

Просьба ко всем максимально распространить это видео. Моему другу, независимому беларускому журналисту Владимиру…

Opublikowany przez Maksyma Czerniawskiego Sobota, 23 listopada 2019

Праваахоўныя органы з афіцыйнымі заявамі наконт затрымання Чудзянцова пакуль не выступалі.

  • Уладзімір Чудзянцоў у апошнія гады працаваў фрылансерам, вёў уласны сайт by24.org Раней ён быў карэспандэнтам TUT.by, аднак у 2012 годзе быў звольнены са скандалам. У красавіку 2016 году ў Чудзянцова правялі вобшук, канфіскавалі ўсю тэхніку і ўзялі падпіску аб неразгалошванні. У чым канкрэтна вінавацілі тады Чудзянцова і як развівалася справа – няясна. Падчас суду над Тарасам Аватаравым у тым жа красавіку 2016-га Чудзянцоў даваў паказанні ў ролі сведкі, казаў, што перадаваў Аватараву 100 долараў «на дапамогу добраахвотнікам».

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў