«Гэта перавернуты свет». Беларускі анархіст распавёў, як яго арыштавалі ў Расеі


Арцём Маркін. Фота - Алесь Зялёны, belsat.eu

Анархіст Арцём Маркін правёў два дні ў расейскай турме і быў высланы з краіны, бо «ўяўляе пагрозу нацыянальнай бяспецы». Ён вярнуўся ў Менск і распавёў падрабязнасці свайго затрымання ў інтэрв’ю карэспандэнту belsat.eu.

30 чэрвеня ў сяле Прамухіна Цвярской вобласці адбывалася навуковая канферэнцыя «Прамухінскія чытанні», прысвечаная ў тым ліку аналізу моладзевых пратэстаў 1968-га году. Акрамя лекцыяў, удзельнікі дапамагалі ў кансервацыі сядзiбы Міхаіла Бакуніна.

Як тлумачыць Арцём Маркін, на гэтую падзею сабраліся не толькі анархісты, але і проста «людзі, якія крытычна мысляць» – там былі не толькі расейцы, але і шмат замежнікаў. З беларусаў там быў толькі Арцём.

«Раніцай 8 ліпеня ў вясковы дом, дзе мы ночылі, увайшлі супрацоўнікі мясцовай паліцыі. Спачатку мы іх не бачылі, а толькі пачулі пытанне «Ці ёсць тут хтосьці?». Потым яны падышлі да мяне і папрасілі паказаць дакументы, усе трое былі ў форме. Свае пасведчанні яны паказалі, але сітуацыя была стрэсавая і прозвішчы я не паспеў запісаць. Пабачыўшы мой беларускі пашпарт, яны пачалі нешта звяраць у базе дадзеных, якая была на тэлефоне».

Арцём Маркін. Фота – Алесь Зялёны, belsat.eu

Арцёму не патлумачылі, што гэта за база і чаму ягоныя персанальныя звесткі там апынуліся. Неўзабаве паліцыянты заявілі беларусу: ён неўязны і мусіць пайсці з імі для разбіральніцтва.

«На вуліцы былі паліцэйскія машыны, людзі ў цывільным і жанчына з аддзелу па міграцыі. Я пытаўся, чаму я неўязны ў Расею, але паліцыянты сказалі, што прычыну мне патлумачаць толькі супрацоўнікі ФСБ і толькі калі мы праедзем у пастарунак».

Хлопец вельмі здзівіўся, бо дагэтуль у яго не ўзнікала праблем з расейскімі ўладамі. Пэўны час ён нават працаваў у Маскве. Мяжу перасякаў легальна, памежнікі бачылі ягоны пашпарт і не задалі ніводнага пытання.

«Чамусьці ФСБшнікі не маглі мне перадаць пастанову аб высылцы з краіны на месцы, ім трэба было пагутарыць са мной менавіта ў пастарунку. Ужо ў аддзеле паліцыі ў Таржку, куды мяне прывезлі, я даведаўся: са мной будуць гутарыць людзі з Цэнтру «Э» (падраздзяленне ФСБ па барацьбе з экстрэмізмам). Толькі на судзе я даведаўся, што аднаго «эшніка» звалі Раман Бязусін. Спачатку мне ўручылі паведамленне, што я мушу пакінуць Расею да 13 ліпеня на падставе падпункту 1 часткі 1 артыкула 27 адпаведнага Федэральнага закону, бо «уяўляю пагрозу нацыянальнай бяспецы, цэласнасці межаў і бяспецы жыцця грамадзянаў Расейскай Федэрацыі. Потым сфатаграфавалі, нягледзячы на мае абурэнне. «Сядзі ціха, закрый рот» – такі быў адказ».

Арцём адразу паспрабаваў высветліць, допыт гэта ці проста гутарка, а калі допыт, то хто вядзе пратакол? Паводле словаў анархіста, супрацоўнік ФСБ задаваў збольшага агульныя пытанні пра канферэнцыю, навошта ён прыехаў, ці ўдзельнічае ў палітычных арганізацыях. Арцём на ўсе пытанні адказваць адмовіўся.

«Галоўным апасеннем было, што мае затрыманне неяк звязанае са справаю «Сеткі». Гэта вялікая крымінальная справа супраць анархістаў у Расею, якую актыўна раскручвае ФСБ, а арыштаваных катуюць. Тым больш у афіцыйнай фармулёўцы сілавікоў адзначаецца, нібыта ячэйка арганізацыі ёсць у Беларусі… Аднак яны не ўжывалі фізічнай сілы ў дачыненні да мяне, не казалі нічога, звязанага з «Сеткай» і я хутка зразумеў, што гэта не мой выпадак..».

Разам з тым, Арцём узгадвае, як адзін з сілавікоў запытаўся: «Сяброў тваіх на мінулым тыдні ў лесе СОБР паклаў, крута, а?». На ўвазе маецца затрыманне анархістаў пад Крупкамі 30 чэрвеня, калі сілавікі з аўтаматамі амаль 5 гадзін пратрымалі актывістаў на зямлі. На думку Арцёма, такія словы расейскага праваахоўніка сведчыць аб вельмі шчыльнай супрацы з беларускімі органамі ў пераследзе сябраў анархічнага руху.

Не дабіўшыся паказанняў, Маркіна павезлі на медычны агляд, але той катэгарычна адмовіўся. Паводле ч. 1 арт. 6.9 КоАП РФ, адмова ад агляду дае падставы меркаваць, што чалавек ужываў наркотыкі. Таму на яго склалі пратакол і змясцілі ў камеру пастарунка ў Таржку.

«Умовы там былі жудасныя: камера 2 на 2 метры, куды набіліся шэсць чалавек. На падлозе пясок, шматкі ежы з перадачак, паветра не паступае. Ніякай бялізны не выдаюць, таму давялося проста на падлозе ляжаць. У такім стане я правёў 27 гадзін».

Арцёма асудзілі на 2 содні адміністратыўнага арышту. Астатні час пасля суду ён адбываў пакаранне ў агульнай камеры СІЗА ў Таржку.

«Канвой і ахова глядзелі на мяне больш з цікаўнасцю, чым з агрэсіяй. Для іх з’яўленне «палітычнага» было рэдкасцю. У камеры СІЗА спачатку мы спалі на «сцэне» – насціле з дошак, без бялізны. Але потым па маёй просьбе яе прынеслі, сталі троху лепей ставіцца. Адпусцілі мяне на свабоду роўна ў тэрмін. Калі я выходзіў, то хацеў пакінуць ежу з перадачы сваім сукамернікам, але ахоўнік забараніў. «Гэта ў іншых месцах дзяліцца добра, а ў нас – не». Ну што скажаш, гэта перавернуты свет».

Арцём Маркін. Фота – Алесь Зялёны, belsat.eu

***
Арцём Маркін не ўпершыню патрапіў пад рэпрэсіі. Летась 15 сакавіка пасля дазволенага ўладамі Маршу недармаедаў, яго з паплечнікамі брутальна затрымалі на тралейбусным прыпынку сілавікі ў цывільным. Тады анархіст атрымаў 12 содняў арышту, якія адбыў у ЦІП на Акрэсціна.

КА, belsat.eu. Фота – Алесь Зялёны

Глядзі таксама
Каментары