«Гэта было прадказальна». Фігурантаў «справы БелТА» выклікаюць у СК і выстаўляюць абвінавачанні


Як мінімум 5 журналістам цягам апошніх дзён было прад’яўленае абвінавачванне ў «справе БелТА»; яны называюць такое развіццё падзеяў «прадказальным».

У аўторак 5 кастрычніка на допыт у Следчы камітэт выклікалі карэспандэнтку БелаПАН Таццяну Каравянкову. Ёй выставілі абвінавачванне паводле ч. 2 349 артыкулу КК («несанкцыянаваны доступ да камп’ютарнай інфармацыі з карыснай або асабістай зацікаўленасці»). Як распавяла Тацяна, допыт цягнуўся не больш за 20 хвілін, усяго яна правяла ў будынку СК прыкладна паўтары гадзіны.

Таццяна Каравенкава, фота svaboda.org

«Цяпер мой афіцыйны статус – абвінавачаная. Пакуль рана даваць прагнозы наконт суду. На маёй працы гэтая справа амаль не адбіваецца, акрамя таго, што мне давялося адмовіцца ад пяці замежных паездак. Цяпер я пакінула падпіску аб нявыездзе, не магу пакідаць Менск на час следства», – сказала журналістка.

Як стала вядома belsat.eu, карэспандэнта Deutsсhe Welle у Беларусі і медыяэскперта Паўлюка Быкоўскага таксама выклікалі ў СК а 15-й гадзіне 8 лістапада. Ён мяркуе, што, хутчэй за ўсё, абвінавачванне будзе выстаўленае і яму, а справа дойдзе да суду. Паводле яго словаў, гэта сведчыць пра няздольнасць уладаў прызнаваць памылкі.

«Такія механізмы не вяртаюцца назад, яны не ўмеюць прызнаваць свае памылкі. Таму гэта абсалютна прадказальнае развіццё падзеяў», – кажа Быкоўскі.

8 жніўня 2018 года. Офіс Tut.by падчас вобшуку па «справе БелТА». Фота – Viktor Drachev/TASS

На пытанне, якім чынам статус фігуранта крымінальнай справы адбіваецца на прафесійнай дзейнасці, журналіст кажа:

«МЗС выдаў мне акрэдытацыю замежнага карэспандэнта, гэта дае мне падставы законна працягваць працаваць.

Пэўныя абмежаванні, натуральна, накладае забарона выезду за мяжу. Але я працягваю дыстанцыйна ўдзельнічаць у міжнародных канферэнцыях як медыяэксперт, і калі я згадваю факты пераследу мяне і маіх калегаў, гэта ўспрымаецца як маркер сітуацыі ў Беларусі».

Галоўная рэдактарка БелаПАН Ірына Леўшына паведаміла belsat.eu, што ёй пакуль не было выстаўленае абвінавачванне: следчы выклікаў яе на раніцу 8 лістапада.

Учора стала вядома, што сярод фігурантаў «справы БелТА», якім СК выставіў абвінавачванні, як мінімум чатыры 4 супрацоўнікі TUT.BY. Галоўная рэдактарка парталу, Марына Золатава, пакуль ніякім чынам не каментуе сітуацыю, называць імёны гэтых падначаленых яна таксама адмаўляецца. Разам з тым, Золатава паведаміла, што асабіста ёй пакуль не прад’яўлялі абвінавачвання.

Юлія Слуцкая: «Паводле логікі ўладаў, незалежныя медыі мусяць быць на кручку»

Юлія Слуцкая, фота baj.by

Заснавальніца і кіраўніца Прэс-клубу Юлія Слуцкая лічыць, што ўлады маюць намер працягнуць ціск на незалежную прэсу, і «справа БелТА» – адзін з рычагоў гэтага ціску.

«Было відавочна, што праблема не знікне сама па сабе. Перад рознымі структурамі была пастаўлена задача ўзяць пад кантроль беларускі сегмент сеціва, нарасціць у ім аб’ём нацыянальнага кантэнту. І, на першы погляд, нічога кепскага ў такой мэце няма, але пытанне, якімі сродкамі гэта робіцца. На шляху да яе дасягнення паўстала БелТА. А сродкі вядомыя: запужванне і татальны кантроль. Адразу было зразумела – справу давядуць да канца», – кажа Слуцкая ў каментары belsat.eu

Паводле яе, цяпер ва ўлады вельмі мала шанцаў стаць саюзнікамі незалежнай прэсы.

«Яны баяцца ўплывовых незалежных медыяў. А журналісты пад падпіскамі аб нявыездзе і прысудамі – гэта журналісты, якія ўжо не настолькі пужаюць улады. Паводле гэтай логікі, незалежныя медыі мусяць быць на кручку, і іх на гэты кручок злавілі.

Канешне, сітуацыя з крымінальным пераследам вельмі непрыемная для калег, але не думаю, што яна негатыўна адаб’ецца на іх кар’еры. Яны – уплывовыя фігуры ў беларускай журналістыцы. Таму, калі нейкія чыноўнікі праз іх статус абвінавачаных будуць адмаўляць у каментарах – б параіла ўспрымаць гэта проста як часовыя складанасці ў доступе да крыніцаў інфармацыі».

На думку Юліі Слуцкай, шмат будзе залежыць ад таго, ці сапраўды справа патрапіць у суд.

«Пакуль рана пабіць прагнозы, наколькі жорсткія могуць быць прысуды, варта назіраць. Бо мы ўжо бачылі нібыта сур’ёзныя справы кшталту «Белага легіёну», якія потым развальваліся».

***

  • 7 жніўня ў офісах TUT.BY і БелаПАН сілавікі правялі ператрусы. Былі затрыманыя галоўны рэдактар ​​TUT.BY Марына Золатава, рэдактары парталу Ганна Калтыгіна, Галіна Уласік і Ганна Ермачонак, галоўны рэдактар ​​БелаПАН Ірына Леўшына і міжнародны аглядальнік інфармагенцтва Таццяна Каравянкова, уласны карэспандэнт Deutsche Welle Паўлюк Быкоўскі і рэдактар ​​інтэрнэт-сайту газеты «Беларусы і рынак» Аляксей Жукаў. Усе яны правялі па некалькі дзён у ізалятары на Акрэсціна. 27 жніўня большасці падазраваных быў забаронены выезд з Беларусі.
  • «Справа БелТА» была распачатая паводле ч. 2 арт. 349 КК Беларусі – «несанкцыянаваны доступ да камп’ютарнай інфармацыі» (максімальнае пакаранне – 2 гады пазбаўлення волі). Паводле следства, цягам 2017-2018 гг. падазраваныя больш за 15 тыс. разоў незаконна карысталіся платнай падпіскай на стужку навінаў дзяржаўнага агенцтва БелТА.
  • Журналістаў падтрымалі Еўразвяз, Савет Еўропы, ЗША і міжнародныя праваабарончыя арганізацыі.
  • 25 верасня адзін з рэдактароў TUT.BY Дзмітрый Бобрык заявіў, што з падчас расследавання па «справе БЕЛТА» на яго аказваўся маральны ціск, яму пагражалі.
  • На пачатку верасня следчых, якія вядуць «справу БелТА», Аляксандр Лукашэнка ўзнагародзіў медалём «За адзнаку ў ахове грамадскага парадку».

Кацярына Андрэева, belsat.eu

Стужка навінаў