«Гэта будзе бомба!» Жыхар Віцебску выявіў «найгрубейшыя памылкі» пры аплаце за ваду


Віцяблянін Эдуард Радзянка знайшоў, паводле яго, найгрубейшыя памылкі ў схеме, паводле якой грамадзяне Беларусі аплачваюць карыстанне вадою. «Улады баяцца адкрыць гэтую тэму, бо трэба будзе аграмадныя сумы вярнуць народу», – заявіў ён у каментары Belsat.eu. А напісаў Эдуард Радзянка ў рэдакцыю, скарыстаўшыся формаю зваротнай сувязі на нашым сайце. Даслаць навіну ці падзяліцца меркаваннем з рэдакцыяй Belsat.eu можна ў любы час, нашыя карэспандэнты абавязкова звяжуцца з вамі.

Сам сябе суразмоўца характарызуе як прафесійнага скаржніка, бо ў сваіх зваротах не проста просіць нешта зрабіць, а спасылаецца на канкрэтныя дакументы. Паводле яго, дзякуючы такому падыходу ўжо ўдалося развязаць некаторыя пытанні ў ягоным родным Віцебску. А больш за год таму ён заўважыў агульнанацыянальную праблему, што закранае пытанні платы грамадзянамі за спажытую ваду.

«Я за ваду не плачу, у мяне іншая сістэма. Выпадкова даведаўся сістэму, дні тры разбіраўся, пакуль высветліў», – кажа Эдуард Радзянка.

Паводле суразмоўцы, пытанне звязанае з «найгрубейшым падманам спажыўцоў усёй рэспублікі» ў справе аплаты спажывання вады за снежань 2017 года, калі беларусам выставілі плацяжы паводле тарыфаў, якія дзеялі толькі з 1 студзеня 2018-га. Тое ж адбылося ў 2019 годзе.

Эдвард Радзянка нагадвае: паказнікі лічыльнікаў вады падаюцца за снежань з 15 да 25 студзеня, але ўжо лічыцца расход паводле новых тарыфаў, што дзеюць з 1 студзеня. «Калі ты падаў гэтыя звесткі ў студзені, то гэта лічыцца расход за студзень», – кажа суразмоўца, дадаючы, што паводле пастановы Савету Міністраў вада мусіць аплачвацца паводле таго тарыфу, паводле якога яе спажывалі.

«Разлікі абанентаў з арганізацыямі водаправодна-каналізацыйнай гаспадаркі за адпушчаную ваду і прынятыя сцёкавыя воды, у тым ліку з перавышэннем устаноўленай дапушчальнай канцэнтрацыі, уключаючы запазычанасць за гэтыя паслугі, робяцца паводле дзейных на момант надання паслуг тарыфаў», – гаворыцца ў пастанове ўраду № 788 за 30 верасня 2016 года.

А інструкцыі Мінжылкамгасу падкрэсліваюць: «паказанні лічыльнікаў аб выдатку халоднай вады здымаюцца ў апошні дзень месяца».

Але, адзначае спадар Радзянка, у лютаўскіх апавяшчэннях за студзень 2019 года памер платы за ваду, спажытую ў снежні 2018-га, налічылі ўжо паводле тарыфу, які пачаў дзеяць толькі з 1 студзеня.

«Прафесійны скаржнік» адзначае, што ў Мінжылкамгасе ў адным з лістоў нават пагадзіліся з ім і «абяцалі ў гэтай графе змяніць «справаздачны месяц» на «мінулы справаздачны месяц». На ягоную думку, улады зразумелі, у чым сутнасць праблемы, але развязваць яе не збіраюцца, бо «гэта аграмадныя сумы».

«Гэта будзе бомба, калі мы даб’емся гэтага [развязання. – Заўвага Belsat.eu]!» – заявіў Эдуард Радзянка.

Пры гэтым ён падкрэсліў, што падчас больш як гадавога ліставання так і не атрымаў выразнага адказу, бо ўсе ўстановы, у якія ён пісаў, проста спасылаюцца адна на адну. Разам з тым суразмоўца адзначыў: ні ў адным з адказаў яму не сказалі, што ён не мае рацыі. Каб разабрацца з праблемай, ён падумвае напісаць адпаведны зварот у КДК ці КДБ, бо «апошнім часам менавіта гэтая арганізацыя раскрывае буйныя эканамічныя злачынствы».

Каментар эксперта

Уладзімір Навасяд. Фота FB

Разам з тым дырэктар установы «Эфектыўнае кіраванне будынкамі» Уладзімір Навасяд не бачыць, якіх-небудзь нюансаў у схеме, па якой беларусы аплачваюць карыстанне вадой.

«Спрэчкі звычайна ўзнікаюць па дадатковых паслугах, але не тут», – заявіў ён у каментары Belsat.eu.

На яго думку, з улікам аўтаматызацыі ўсіх працэсаў разліку, у тым ліку адносна тарыфаў, казаць пра памылкі не даводзіцца.

Даслаць навіну ці падзяліцца меркаваннем з рэдакцыяй Belsat.eu можна ў любы час, нашыя карэспандэнты абавязкова звяжуцца з вамі.

МГ, belsat.eu

Стужка навінаў