«Ганчарэнку звольнілі, бо не спрыяў гандлю футбалістамі»


З’явілася новая версія, чаму зорны беларускі трэнер не прыжыўся ў расейскім футбольным клубе «Кубань».

Краснадарскі футбольны клуб „Кубань” мае адзін з самых моцных селекцыйных аддзелаў, і гэта ці не адзіны ў Расеі клуб, які зарабляе вялікія грошы на трансферным рынку. Кіруе гэтым працэсам спартыўны дырэктар Сяргей Дарончанка, пра адыёзнасць якога ходзяць легенды.

Нашага земляка Віктара Ганчарэнку, які выхаваў БАТЭ, з „Кубані”, як вядома, звольнілі за „лішнюю мяккасць” у зносінах з гульцамі. Рашэнню не перашкодзіла і тое, што пры беларускім трэнеры клуб дамогся найлепшых вынікаў у сваёй гісторыі. Але абыйсці „Дынама” і „Спартак” гэтак не ўдалося. Магчыма, кіраўніцтва клуба палічыла, што больш патрабавальны кіраўнік у такой сітуацыі здолеў бы „выціснуць” перамогу.

Папярэдні трэнер Леанід Кучук зарэкамендаваў сябе як кіраўнік, здольны даць хуткі вынік. Ганчарэнка ж схільны ісці да перамогі паступова. А камандзе, якая якраз рыхтуецца перапрадаць лепшых гульцоў, пераможны ўсплёск патрэбны менавіта цяпер. І якраз цяпер без працы быў Кучук. Такую версію выказвае аглядальнік „Прессбола” Канстанцін Лабандзіеўскі

Раней у якасці версіяў звальнення разглядалі разлад з падапечнымі, адыход ад актыўнай дзейнасці ў клубе галоўнага прыхільніка Ганчарэнкі і ўдзел (або адмова ўдзельнічаць) беларуса ў незаконных махінацыях.

АК, belsat.eu, паводле pressball.by

Стужка навінаў