Гамельчукі супраць новага флагштоку, на які выдаткуюць паўтара мільёна рублёў


На сайце petitions.by распачаўся збор подпісаў супраць усталявання ў цэнтры Гомля флагштоку. Ініцыятары петыцыі лічаць, што ініцыятыва не толькі памылковая, але і шкодная з увагі на шэраг прычынаў.

Перад будынкам Галоўпаштамта і аблдрамтэатру ў Гомлі ўжо актыўныя вядуцца будаўнічыя працы па ўзвядзенню новага флагштока для дзяржаўнага сцягу. Паведамляецца, што флагшток будзе мець 60 метраў у вышыню.

У сваю чаргу актывісты з Гомлю лічаць, што будаўніцтва распачалося без дыялогу паміж гарадскімі ўладамі і гараджанамі.

Незадаволенасць у гамельчукоў выклікае і каштарыс будаўніцтва. Паводле тэндару, на стварэнне флагштоку і добраўпарадкаванне тэрыторыі прадугледжана ​​Br 1 459 797, ці прыкладна 656 тысячаў долараў ЗША. Стваральнікі петыцыі нагадваюць, што ў Гомлі на плошчы Леніна ўжо ёсць тры флагштокі.

«Узровень патрыятызму сярод нас не павялічваецца толькі з вышынёй размяшчэння дзяржаўнага сцягу. Да таго ж, як ужо было заўважана вышэй, на плошчы Леніна ўжо маюцца тры флагштокі з гербам гораду, вобласці і дзяржаўным сцягам Рэспублікі Беларусь», – адзначаецца ў тэксце петыцыі.

СК belsat.eu

Стужка навінаў