Футбольная Ліга нацый: Беларусь прымае Люксембург


Брамнік зборнай Беларусі Аляксандр Гутар

Зборная Беларусі па футболе працягвае змагацца за пуцёўку на «Еўра».

Сёння каманда нашай краіны правядзе трэці матч у межах групы D2 Лігі нацый. Гульня пачнецца а 21:45 на менскім стадыёне «Дынама».

Люксембург з дзвюма перамогамі ў двух матчах займае першае месца ў групе, Беларусь – другое, дзякуючы перамозе над Сан-Марына і нічыёй з Малдовай.

Напярэдадні сваймі думкамі наконт матчу падзяліўся галоўны трэнер беларускай зборнай Ігар Крывушэнка:

«Пакуль усё ў нашых руках. Мы з імі (люксембуржцамі) яшчэ не гулялі, неяк ацэньваць дыспазіцыю строга не буду. Гуляючы такую кароткую дыстанцыю, трэба з кожным супернікам выкладвацца максімальна і гуляць на максімальны вынік. А тлумачыць, ці асцерагаемся мы Люксембургу, – складаны момант. У нас ёсць мэта, і ты робіш усё, каб яе дасягнуць. Пра астатняе ты проста не думаеш».

За апошнія чатыры гады каманды сустракаліся паміж сабой чатыры разы: два разы спатканні скончыліся нічыімі, адзін раз перамагла Беларусь, і адзін – Люксембург. Пры гэтым у апошняй кваліфікацыі да чэмпіянату свету Люксембург апярэдзіў у турнірнай табліцы Беларусь (нашая каманда скончыла адбор на апошняй, шостай пазіцыі ў групе А).

Што такое Ліга нацый

На сайце Звязу еўрапейскіх футбольных асацыяцыяў (УЕФА) гаворыцца, што гэта новае спаборніцтва, якое заменіць большую частку таварыскіх гульняў матчамі турнірнага значэння і дазволіць зборным гуляць з роўнымі ў моцы супернікамі.

Каманды разбітыя на чатыры дывізіёны ў адпаведнасці з рэйтынгам, кожны з якіх уключае чатыры або тры групы. Пераможцы чатырох групаў Лігі А ў чэрвені сустрэнуцца ў фінальнай стадыі, каб вызначыць найлепшага. Пераможцы астатніх групаў пойдуць на павышэнне. Да таго ж 16 пераможцаў групаў Лігі нацый згуляюць у стыкавых матчах за права выступу на «Еўра-2020».

То бок, калі Беларусь зойме першае месца ў групе, то трапіць у плэй-оф кваліфікацыі чэмпіянату Еўропы па футболе, а тут ужо адзін крок да фінальнай стадыі кантынентальнага першынства.

Застанецца толькі па суме двух матчаў перамагчы свайго суперніка ў «стыках». Дагэтуль трапіць на фінальны турнір «Еўра» можна было толькі праз доўгую класічную кваліфікацыю, якая ніколі не давалася беларускім футбалістам.

НМ, belsat.eu, фота Беларуская федэрацыя футболу

Глядзі таксама
Каментары