Франак Вячорка, дарадца Святланы Ціханоўскай: Расея выставіла Лукашэнку жорсткія ўмовы


Франак Вячорка, дарадца Святланы Ціханоўскай па міжнародных справах, у размове з Сяргеем Пелясою, заявіў, што паводле Крамля Лукашэнка павінен да нейкага тэрміну перадаць уладу і сысці. Заходнія ж дзяржавы ўзгадняюць са Святланай Ціханоўскай свае пазіцыі. Яна будзе прасіць Эстонію склікаць Раду Бяспекі ААН у справе Беларусі. За два з паловаю месяцы лідарка дэмакратычнай Беларусі сустрэлася з такой колькасцю заходніх лідараў з якой Аляксандр Лукашэнка не сустракаўся за шмат год. Як яе інтэнсіўная замежная дзейнасць набліжае вызваленне Беларусі?

Дзве сустрэчы з прэмерміністрам Матэўшам Маравецкім, Ангелай Мэркель, Эманюэлем Макронам і шэраг іншым важных спатканняў. Чаго самага галоўнага, на вашую думку, удалося дасягнуць у выніку гэтай інтэнсіўнай замежнай дзейнасці Святланы Ціханоўскай і ейнай каманды?

Самае важнае – мы адкрылі Беларусь для еўрапейскіх лідараў, еўрапейскіх дзяржаваў. Беларусь – сапраўды тэма, якая на перадавых палосах усіх міжнародных і нацыянальных выданняў. Святлана кажа пра кароткатэрміновую і доўгатэрміновую дапамогу, а таксама кажа, каб гэтыя краіны паспрыялі дыялогу і медыяцыі патэнцыйных перамоваў паміж Лукашэнкам і Каардынацыйнай радай.

Гэтыя фота і відэа візітаў выглядаюць вельмі пазітыўна, застаецца вельмі добрае ўражанне. Беларусы стаміліся ад ізаляцыі нашай дзяржавы. Але ў практычным сэнсе чаго ўдалося дасягнуць? Польшча ўводзіць для грамадзянаў Беларусі магчымасць працаваць нават на падставе гуманітарнай візы. Што можна падкрэсліць яшчэ з практычных рэчаў? Напрыклад, дапамога людзям, якія пацярпелі ад рэпрэсіяў. Пра што можна сказаць?

На пачатку кожнай сустрэчы рыхтуецца спіс прапановаў, ідэяў, праектаў, якія можна рэалізаваць. Напрыклад, з мэрам Варшавы Рафалам Тшаскоўскім ішла гаворка пра супольны сазвон мэраў польскіх гарадоў і кіраўнікоў дваравых чатаў Беларусі. Думаю, у бліжэйшыя тыдні такі сазвон адбудзецца. Потым кіраўнікі гэтых дваровых ініцыятываў змогуць паехаць на стажыроўку мясцовага самакіравання ў мэрыі розных польскіх гарадоў.

Калі мы сустракаемся з прэзідэнтурай Польшчы, прэмʼер-міністрам, мы падымаем пытанні дыпламатычнай дапамогі і прысутнасці, альбо візавай дапамогі, альбо магчымасці транзіту для цяжкахворых. Вельмі важна, каб цяжка параненыя, якім патрэбная рэабілітацыя і лекаванне, маглі спакойна пераязджаць мяжу, накіроўваючыся ў Польшчу альбо Прагу, Славаччыну ці Славенію. У залежнасці, дзе яны будуць на рэабілітацыі. Падчас апошняй сустрэчы з прэмʼерам Маравецкім гаворка ішла пра спрашчэнне ўмоваў для тых беларусаў, якія ўязджаюць па гуманітарнай візе. І вельмі важна, каб гэта тычылася не толькі ўмоваў найму, але таксама магчымасцяў хутка атрымаць сацыяльнае жыллё, а таксама нейкую сацыяльную дапамогу ад польскага ўраду. Прынамсі, на першыя месяцы сацыялізацыі і адаптацыі ў Польшчы.

Сёння зʼявілася даволі рэзкае выказванне Джоў Байдэна – галоўнага апанента дзейнага прэзідэнта Доналда Трампа. Кандыдат ад Дэмакратычнай партыі запатрабаваў заблакаваць афшорныя рахункі атачэння Лукашэнкі ды абяцаў у выніку сваёй перамогі на выбарах прэзідэнта ЗША разам з еўрапейскімі саюзнікамі падрыхтаваць план дапамогі дэмакратычнай Беларусі. Улічваючы, што засталося каля тыдня да выбараў прэзідэнта ЗША, наколькі гэтую заяву варта ўспрымаць усурʼёз? Ці гэта хутчэй гучныя перадвыбарчыя дэкларацыі?

Гэта б вельмі цешыла нашае эга, калі б Беларусь магла быць ключавой картай у перадвыбарчай кампаніі ЗША. Вядома, што ў Байдэна вельмі моцныя міжнародныя каманды. Вельмі шмат сяброў з Беларусі ў гэтай камандзе, якія вырашылі такім чынам, карыстаючыся ў тым ліку інфармацыйнай прасторай і цікавасцю да самога Байдэна, падтрымаць Беларусь. Бо яны згадалі і санкцыі, і ціск, і падтрымку Каардынацыйнай радзе, і Святлане Ціханоўскай. Усё тое, што беларусы, якія пратэстуюць на вуліцах, так хацелі пачуць. І калі Джоў Байдэн перамагае на гэтых выбарах, гэта сапраўды адкрывае новыя магчымасці, новую старонку менавіта ў беларуска-амерыканскіх адносінах. Я ўпэўнены, што Амерыка будзе нашмат больш актыўная, чым яна была пры Трампе.

Але мы бачым, што і адміністрацыя Доналда Трампа даволі актыўна сябе паводзіць у Беларусі. Цяпер ужо гістарычны званок Майка Пампэа, у выніку якога вызвалілі Віталя Шклярава, паліттэхнолага, які ў тым ліку мае і амерыканскае грамадзянства. Вашая версія: Пампэа тэлефанаваў Лукашэнку, толькі каб паклапаціцца пра Віталя Шклярава, ці ёсць штосьці, чаго мы не ведаем, але можам здагадвацца?

Званілі ў першую чаргу наконт лёсу Віталя Шклярава. Справа ў тым, што ў Віталя была вельмі хворая маці, і было патрэбнае хуткае вызваленне Віталя, каб ён мог правесці час з маці. Пра гэта прасілі лабісты, сябры Віталя Шклярава ў Амерыцы, у тым ліку амерыканскія грамадзяне. Для Пампэа інтарэс быў у тым, каб вызваліць амерыканскага грамадзяніна і паказаць тым, што дзяржаўны дэпартамент актыўна працуе дзеля амерыканскіх грамадзянаў. Я не думаю, што яны абмяркоўвалі падрабязна сітуацыю ў Беларусі, не думаю, што абмяркоўвалі Расею. Тым больш ніякіх планаў яны не будавалі. Яны насамрэч папярэджвалі нас пра гэты званок. Мы ведалі з розных каналаў, што ён плануецца. Мы ведалі, што гаворка пойдзе пра Шклярава. Гэта не значыць, што амерыканцы пачалі супрацоўнічаць з Лукашэнкам і змірыліся з тым, што ён застаецца ва ўладзе, і зноў прызнаюць лідарам дзяржавы.

Гэта вельмі цікавая рэч, якая азначае, што Вашынгтон у пэўным сэнсе калі не ўзгадняе са штабам Святланы Ціханоўскай свае дзеянні, але прынамсі папярэджвае, каб не было потым сюрпрызаў. Ці ёсць нейкія іншыя ўрады, якія такім чынам сябе паводзяць у дачыненні Святланы Ціханоўскай і ейнай каманды?

Па дыпламатычных пратаколах вельмі часта папярэджваюць пра дзеянні і планы, бо дыпламатыя не любіць сюрпрызаў. Вельмі важна, каб усе бакі дакладна ведалі, якія інтарэсы, якія прыярытэты і каштоўнасці. Таму тут са Святланай і штабам – максімальная празрыстасць. І калі ёсць рызыка, што пэўны візіт ці сустрэча можа зашкодзіць рэпутацыі ці беларускаму руху, гэта абгаворваецца. Абгаворваюцца таксама выказванні замежных лідараў пра Беларусь. Яны не хочуць, каб гэта ўспрымалася і беларусамі, і Расеяй як умяшанне ва ўнутраныя справы, таму ўзгадняюць пазіцыі па ўсіх пытаннях – перад сустрэчай і пасля сустрэчы. Заявы, пазіцыі, падтрымка, праграма падтрымкі – усё гэта каардынуецца. І, напэўна, упершыню ў гісторыі, калі цяпер у нас у Беларусі ёсць такая адладжаная міжнародная пазіцыя. Ёсць група людзей, якія працуюць у кожнай краіне – група беларусаў і група замежнікаў, якія цікавяцца Беларуссю. Усе яны працуюць на тое, каб гэтыя перамены ў Беларусі адбыліся. А беларусы, якія змагаюцца за перамены ў Беларусі, атрымалі падтрымку.

Пытанне пра так званую канстытуцыйную рэформу: Лукашэнка з Пуціным хочуць яе правесці так, каб у выніку яна пачала дзейнічаць, прынамсі, калі верыць словам Юрыя Васкрасенскага, з восені наступнага года. Ці магчымыя якія-кольвек змены ў Канстытуцыю? Хаця Лукашэнка гаварыў пра іх ужо некалькі гадоў таму. Але ці магчымыя былі б змены ў палітычнай сістэме Беларусі без масавага і працяглага беларускага пратэсту пасля выбараў? Ці Лукашэнка пайшоў бы на гэта ці проста адсядзеў бы свае чарговыя пяць гадоў, а потым думаў, заставацца ці не?

Па-першае, я думаю, што Лукашэнка сам адчувае, што не дасядзіць гэтых гадоў, – нягледзячы на словы Васкрасенскага, што ён пакляўся, што сыдзе да канца свайго наступнага тэрміну. Плюс, я думаю, што выстаўлены вельмі жорсткія ўмовы з боку Расеі, што Лукашэнка павінен да нейкага тэрміну перадаць уладу і сысці. Плюс гэта для Лукашэнкі таксама захаваць твар, сысці героем, мірна. Ён вельмі баіцца лёсу Януковіча. Вельмі баіцца, каб яго не ўспрымалі як прэзідэнта, які ўцёк ад людзей, ад свайго ўласнага народу. Таму ён цяпер усе спробы вось гэтага перавароту спрабуе стрымаць. Ён шукае для сябе ў тым ліку сцэнары мірнага адыходу ад улады. Але ў Расеі ёсць свае інтарэсы. У людзей, якія вакол Лукашэнкі – свае. І ў выпадку, калі перамены не адбываюцца цяпер, а зацягваюцца на гады, то пладамі гэтай рэвалюцыі і паўстання скарыстаюцца тыя людзі, якія зусім не абавязкова зацікаўленыя ў росквіце і дэмакратыі Беларусі.

А ў беларускага народу, прынамсі, у большасці беларускага грамадства, якое выбрала Святлану Ціханоўскую, іншыя інтарэсы. Іх і агучвае Святлана Ціханоўская. Яна кажа пра новыя выбары да канца года. Як спалучыць патрабаванні новых выбараў яшчэ да канца года (засталося два месяцы) з тым, што Лукашэнка хоча паступова і паволі, паводле сваіх правілаў, сысці цягам года ці двух?

Пазіцыя Святланы Ціханоўскай у тым, што выбары павінны быць прызначаныя да канца году. Каб падрыхтаваць і правесці працэдуру выбараў, трэба мінімум два з палавінай месяцы. Ідэальны прыклад для нас – гэта прыклад Украіны пасля Майдану, калі АБСЕ, вялізная арганізацыя, зарганізавала прэзідэнцкія і парламенцкія выбары цягам пяці месяцаў пасля адлёту Януковіча. Тое самае магчымае і ў Беларусі. Як толькі адбываецца круглы стол, дыялог, перамовы, дамаўляюцца, што спачатку выбары, пасля Канстытуцыя, то нам безумоўна спатрэбіцца пэўны час, каб гэтую кампанію падрыхтаваць, каб не было фальшавання, каб усе кандыдаты мелі роўныя ўмовы. Таму ясна, што да новага года новых выбараў не будзе, але прызначаныя яны павінны быць. Лукашэнка яшчэ спрабуе разыграць Усебеларускі сход, ён усё яшчэ не губляе надзеі канстытуцыйнай рэформы, але, здаецца, у грамадстве ўжо ўтварыўся кансэнсус, што канстытуцыйная рэформа – пасля выбараў. Таму вы бачыце, яны так ажывіліся з канстытуцыйнай рэформай, а цяпер нешта супакоіліся, таму што зразумелі, што гэтая карта не прайшла.

Лавіна санкцыяў пачынае паволі дзейнічаць. Вядома, што рыхтуюцца новыя спісы санкцыяў у ЕЗ. Якія інструменты павінны быць уключаныя замежнымі арганізацыямі і дзяржавамі, каб схіліць Лукашэнку пайсці на ўмовы грамадства і сысці паводле волі беларускага народу, а не паводле патрабаванняў Уладзіміра Пуціна?

Лукашэнка павінен зразумець, што ён ужо не пераможа. Як толькі ён пачне шукаць шляхі выхаду з гэтай сітуацыі, тады пачнецца так званы дыялог. Пакуль ён усё яшчэ верыць, што ён можа задушыць, расстраляць, задавіць пратэстоўцаў. Пакуль ён адчувае сябе ўпэўненым, што зможа захаваць эканоміку. Ён не баіцца тых дробных візавых і эканамічных санкцый, якія ўведзеныя. Як толькі санкцыі ўдараць па вялікіх прадпрыемствах, як толькі ён зразумее, што яму няма чым плаціць АМАПу і КДБ, я думаю, ягоная рыторыка зменіцца. Проста не прыйшоў той момант, калі ён зразумеў, што для яго канец.

Ці маглі б крыху распавесці пра бліжэйшыя планы Святланы Ціханоўскай і ейнай каманды на міжнароднай арэне? Гэта візіт ва Украіну ці штосьці іншае, чаго мы не ведаем?

Ёсць некалькі трэкаў. Першы – міжнародныя перамовы, актыўная праца па лініі АБСЕ, Парламенцкай асамблеі. З кіраўніцтвам АБСЕ адбываюцца сустрэчы. Праца з ААН, Радай бяспекі. Мы збіраемся папрасіць Эстонію склікаць Раду бяспекі, як толькі будзе апублікаваны рэпорт па маскоўскім механізме. Таксама з некалькімі лідарамі дзяржаваў адбываюцца перамовы аб магчымай медыяцыі ў перамовах па выхадзе з крызісу ў Беларусі. І шэраг нацыянальных сустрэчаў. Сустрэча з лідарамі скандынаўскіх краінаў, Нідэрландаў, Нарвегіі. У тым ліку магчымы візіт ва Украіну. Ёсць шмат запрашэнняў, але трэба, каб кожны візіт і паездка дапамагалі беларусам, якія працягваюць змаганне ў Беларусі.

Інтэрв’ю выйшла ў праграме «ПраСвет» 29.10.20

Калаж з фота: Facebook Францішка Вячоркі, JOHANNA GERON / Reuters / Forum; Mikhail Metzel / TASS / Forum

 

Стужка навінаў