Фільмы, музыка, адукацыя і «Pornhub». Што стала бясплатным на час каранціну?


Каронавірус.
Фота: Nanna Heitmann / Magnum Photos / Forum

Каранцін з прычыны каронавіруса крочыць па планеце. І шмат якія сэрвісы прыдумалі розныя бонусы для тых, хто плануе ці вымушаны гэтымі днямі заставацца ўдома.

Па ўсім свеце самыя розныя краіны, у тым ліку і суседнія з Беларуссю Польшча, Літва, Латвія, Украіна і часткова Расея, уводзяць на сваіх тэрыторыях каранцін. У нашай краіне каранціну пакуль няма, але шматлікія канцэрты адмяняюцца. Пры магчымасці працаўнікі пачынаюць працаваць з дому, забіраюць з садкоў і школаў дзяцей.

У гэтай сітуацыі разнастайныя онлайн-платформы зрабілі бясплатнымі на час каранціну свае сэрвісы, каб заахвоціць людзей сядзець удома і не распаўсюджваць каронавірус сярод сваіх знаёмых, калегаў ці выпадковых мінакоў. Belsat.eu прапануе падборку онлайн-магчымасцяў.

Музыка

Праз каронавірус Лявон Вольскі адмяніў канцэрт у Менску, але анансаваў онлайн на Дзень Волі. Канцэрт пачнецца 25 сакавіка а 20:00 на канале Lavon Volski. А 19 сакавіка на «Белсаце» пройдзе адменены канцэрт барда Віктара Шалкевіча.

Яшчэ адзін гурт (беларускі па паходжанню) – «Би-2» – 20 сакавіка згуляе онлайн-канцэрт.

Hавiны
Адменены канцэрт барда Шалкевіча онлайн – 19 сакавіка толькі на «Белсаце»
2020.03.19 15:50

Мэтраполітэн-опера ў Нью-Ёрку кожны дзень паказвае спектаклі са сваіх архіваў. Трансляцыі пачынаюцца а 02:00 паводле Менску, але даступныя яшчэ 20 гадзін. Расклад трансляцыяў – на сайце оперы.

Венская і Баварская оперы да 19 красавіка бясплатна паказваюць свае спектаклі. А Берлінская філармонія да 31 сакавіка адкрывае доступ да ўсіх канцэртаў і фільмаў па прамакодзе BERLINPHIL. Онлайн-трансляцыі канцэртаў і спектакляў запусціў і Марыінскі тэатр у Санкт-Пецярбургу.

Агенцтва «Doing Great Agency» запусціць фармат онлайн-канцэртаў STAY. Тут падчас забароны масавых падзеяў расейскія артысты змогуць арганізаваць стрымінг канцэрту. Кампанія плануе разбіць квіткі на катэгорыі: напрыклад, можна будзе заплаціць за асабістае прывітанне ад артыста падчас онлайн-трансляцыі. Першы канцэрт плануецца 26-29 сакавіка.

Кіно і серыялы

Пра бясплатныя магчымасці паведаміў шэраг расейскіх онлайн-кінатэатраў. Праўда, часта для гэтага трэба быць на тэрыторыі РФ. Гэтак, «КиноПоиск» да канца красавіка па прамакодзе POKAVSEDOMA адкрывае бясплатны доступ да онлайн-кінатэатра «КиноПоиск HD». Гэты прамакод дае доступ і да падпіскі «Яндекс.Плюс».

У анлайн-кінатэатры ivi да 15 красавіка можна аформіць падпіску за адзін расейскі рубель. Таксама пашыраецца магчымасць бясплатнага прагляду.

15 сакавіка онлайн-кінатэатр «Premier» адкрыў бясплатны доступ да ўсяго свайго кантэнту. А Okko з 16 сакавіка прапануе бясплатны пакет падпісак «Оптимум» на два тыдні. Для гэтага трэба напісаць чат-боту Okkobro ў Telegram або «Ўкантакце». На платформе ёсць у тым ліку лекцыі TED.

На сайце more.tv па прамакодзе SIDIMDOMA можна месяц бясплатна глядзець серыялы, у тым ліку заходнія («Двайнік», «Цюдоры», «Сябры», «Хадзячыя мерцвякі», «Крыжыкі-нулікі»). А тэлеканал 2х2 зрабіў бясплатнай падпіску на раздзел «Adult swim» і іншыя серыялы да 7 красавіка.

Навучанне

Адукацыйны партал «GeekBrains» адкрывае бясплатны доступ да курсаў праграмавання, дызайну, кіравання і маркетынгу. Каб мець магчымасць выбраць тры курсы, трэба да 31 сакавіка запоўніць анкету.

«Радыё Арзамас» да 15 красавіка прапануе бясплатную падпіску да ўсіх курсаў, падкастаў і лекцыяў па прамакодзе КАРАНТИН. Таксама бясплатны доступ да ўсіх курсаў школьнай праграмы прапануе платформа «Фоксфорд».

«Викиум» да канца сакавіка падае бясплатны доступ да онлайн-трэнажораў і курсаў для развіцця ўвагі, памяці і мыслення. Платформа «Coursera» адкрыла бясплатны доступ да курсаў да 31 ліпеня, але толькі для студэнтаў зарэгістраваных тут ВНУ.

«Smart Reading» з 23 сакавіка на месяц адкрывае доступ да платнага кантэнту. Тут можна прачытаць або паслухаць кнігі па бізнесе, тэхналогіях, самаразвіцці. Таксама і «Bookmate» разам з выдавецтвам кніг пра сучасную культуру «Гараж» даў бясплатны доступ да 20 кніг.

Выдавецтва «Альпина» да канца красавіка адкрыла доступ да 70 электронных кніг на самыя розныя тэматыкі – ад развіцця памяці да тэалогіі. Для гэтага трэба ўвесці прамакод GIFT_STAYHOME.

«Naked Science» адкрыў доступ да ўсіх часопісаў па прамакодзе COVID-19. Пакуль пачытаць іх можна толькі на Android, на iOS абнаўленне выйдзе праз некалькіх дзён.

Да 17 красавіка на сайце «bang bang» будзе дасяжная калекцыя з 46 курсаў пра дызайн і не толькі: дызайн-мысленне, UX-дызайн, тыпаграфіка, ілюстрацыя, кар’ера, вэб-дызайн, праграмаванне, графдызайн, летэрынг і каліграфія, мастацтва, шрыфт.

«Khan Academy», якую стварыў выпускнік MIT і Гарварда Салман Хан, прапануе школьнікам курсы па матэматыцы, фізіцы, хіміі, гісторыі, фінансах, эканоміцы, біялогіі, мастацтвам, кампʼютарных навуках. Таксама вучняў заклікаюць праходзіць розныя тэсты, віктарыны, відэа-ўрокі, практыкаванні на замацаванне матэрыялу.

На платформе «edX» можна знайсці бясплатныя онлайн-курсы Гарварда, Стэнфарда, MIT і іншых. Усе яны таксама ідуць на англійскай мове.

Украінская адукацыйная платформа «Prometheus» прапанавала больш за 100 бясплатных онлайн-курсаў для дыстанцыйнага навучання падчас каранціну. Гэтак, даступныя курсы па англійскай мове, навуцы штодзённага мыслення, еўрапейскай вонкавай палітыцы, медыяпісьменнасці, фінансавым менеджменце, гісторыі, эканоміцы і іншых дысцыплінах, у тым ліку ІТ.

З дапамогай разнастайных платформаў, якія пачалі працу яшчэ задоўга да каронавіруса, таксама можна наведаць Луўр у Парыжы, Нацыянальны музей гісторыі прыроды ў ЗША, разнастайныя Ватыканскія музеі ці Брытанскі музей у Лондане. Дасяжныя онлайн таксама музей Прада ў Іспаніі, Мэтраполітан-музей і MoMA ў ЗША, музей Ван Гога ў Нідэрландах, расейскі Эрмітаж ды іншыя.

Кнігі ды коміксы

Сэрвіс аўдыёкніг Storytel адкрывае бясплатны доступ на 30 дзён да ўсёй бібліятэкі, а таксама зробіць бясплатнымі свае падкасты на онлайн-платформах SoundCloud, Apple, «Яндэкс Музыка» і Google .

Праект «Литрес: Библиотека» падаў бясплатны доступ да 50 тыс. твораў з каталога электронных і аўдыёкнігаў «Литрес». Доступ будзе адкрыты, пакуль у Расеі не дазволяць наведваць бібліятэкі.

Пашчасціла і аматарам коміксаў. Гэтак, Twitter-акаўнт «Comic Book Yeti» пачаў збіраць бясплатныя онлайн-коміксы. У каментарах сотні спасылак на аўтарскія праекты ад мастакоў і сцэнарыстаў.

Таксама ў бясплатны доступ выкладваюць свае коміксы выдавецтвы «Image» («The Wicked + The Divine», «The Manhattan Projects», «Sex Criminals», «Saga», «Deadly Class» і іншыя), «BUBBLE» («Маёр Гром», «Бесабой», «Манах», «Чырвоная фурыя», «Метэора», «Экслібрыум», «Ігар Гром», «Саюзнікі», «Бесабой», vol.2, «Міраходцы», «Чорны Сабака. Свой час», «Час Крумкача»), «Азбука» («Y: Апошні мужчына»). А выдавец лінейкі класічнага «Свету Цемры» абвясціў, што будзе раздаваць PDF-версіі англамоўных кніг «20th Anniversary Editions»: «Вампіраў. Цёмныя стагоддзі», «Чараўнікоў», «Пярэваратняў» і іншых.

Не забываем і пра бясплатныя беларускія онлайн-платформы. Гэтак, беларускамоўныя кнігі ды іншыя выданні можна знайсці на «Камунікаце», «Беларускай палічцы», у бібліятэцы Саюзу беларускіх пісьменнікаў, на сайце Нацыянальнай бібліятэкі ды нават «Укантакце». Гістарычную літаратуру прапануе сайт AdVerbum.

Спорт, здароўе і 18+

«Pornhub» на час каранціну адкрыў бясплатны доступ да прэміум-акаўнтаў. Але для гэтага трэба знаходзіцца ў Італіі.

Сэрвіс «Анлайн Доктар» прапануе бясплатна пракансультавацца з лекарам з нагоды каронавіруса, кансультацыя праходзіць онлайн, сэрвіс працуе кругласуткава.

Анлайн-крама GOG сабрала ў адным месцы 27 бясплатных гульняў, сярод якіх некалькі дэма-версіяў, «Shadow Warrior Classic Complete», «Ultima 4», «Sunrider: Mask of Arcadius» і іншыя.

«Okko Спорт» адкрые доступ да архіўных гульняў Ангельскай Прэмʼер-лігі на час яе прыпынення праз каронавірус. Акрамя гульняў бясплатна можна паглядзець агляды сезонаў і запісы лепшых галоў.

З 19 сакавіка «Mail.ru для бизнеса» адкрые кампаніям бясплатны доступ да бізнес-мэсэнджэраў Myteam і пашырыць пакет бясплатных магчымасцяў у воблаку «Teambox». Гэтак кампанія хоча дапамагчы арганізацыям у скарачэнні выдаткаў, бо тыя вымушаныя перайсці на аддалены рэжым працы.

Арганізатары карпаратыўных арт-вечарын «Painty» правядуць іх онлайн. Кампанія плануе дастаўляць наборы для заняткаў у офіс ці дадому да працаўнікоў – займацца па відэасувязі онлайн адначасова змогуць да 1000 чалавек.

Ну і, вядома, не забывайма глядзець і чытаць «Белсат».

МГ belsat.eu

Стужка навінаў