Сяргей Філімонаў Фестывалю «Ўудстак» – 50 гадоў! Найславуцейшыя яго ўдзельнікі і што яны робяць цяпер

аўтар праграмы «Відзьмо-невідзьмо»

Культавая падзея адбылася паўстагоддзя таму. Дасюль яе расцэньваюць як прынцыповы момант у гісторыі, калі контркультура зрабілася неад’емнаю часткай сусветнай поп-музыкі. Ніхто не разлічваў, што на тое поле збярэцца каля мільёна чалавек. Гэта неафіцыйная, але праўдзівая лічба. Дакументальная стужка «Ўудстак» (1970), якую змантаваў Марцін Скарсэзэ, атрымала «Оскар». На жаль, рэжысёр Майкл Ўодлі ў 90-ыя спаскудзіў фільм, прыбраў шмат эротыкі, перамантаваў, дадаў музыкі. У выніку ўсё ператварылася ў вельмі доўгі канцэрт, а ўнікальныя кадры жыцця гіпі на фестывалі часткаю зніклі. Калі цікава паглядзець – лепш адшукайце версію Марціна Скарсэзэ. Яна карацейшая (тры гадзіны), але прызавая! Музыкі, якія выступалі на тым фестывалі, захавалі аўру «Ўудстаку» на ўсё жыццё.

Трэйлер фільму пра «Ўудстак».

Самыя славутыя, з ліку тых, хто быў на «Ўудстаку-69», і што яны робяць цяпер:

Joan Baez/Джоўн Баез – поп-фолк спявачка, ёй 78. Летась пад канец 2018-га выдала новы альбом сваіх спеваў «Whistle Down the Wind».

Country Joe McDonald/ Кантры Джо МакДоналд – блюграс, кантры-фолк, яму 77. Гурт «Кантры Джо і зэ Фіш» быў папулярны ў 70-ыя, сам ён выдаў сольнік з назваю «50» У 2017-м.

Кантры Джо МакДоналд, «Ўудстак»

Сантана/Santana – гітарыст Карлас Сантана сёлета выдаў новы студыйны альбом «Africa speaks». Мне спадабаўся альбом трохгадовай даўніны «Сантана 4», дзе ён вярнуўся да стылістыкі канца 60-ых, а гэты новы – даволі, на мой погляд, сярэдні.

Карлас Сантана

«Mountain»/«Маўнтын» – рок-гурт, які сістэматычна распадаўся-збіраўся аж да 2010-га. Іхны лідар Лэслі Ўэст яшчэ жывы. Найвялікшы гіт «Місісіпі Кўін». Озі, як лічаць, пераймаў гэтых музыкаў.

Маўнтын выконвае «Місісіпі Кўін»

«Grateful Dead»/«Грэйтфул Дэд» – культавая каманда, якая не спыніла дзейнасці пасля смерці лідара Джэры Гарсіі ў 1995-ым. Цяпер яны выступаюць пад назваю «Dead & Friends (Company)». Гіпі-камуна Джэры існавала да самой ягонае смерці. Peace&Love!

«Grateful Dead» 30 гадоў таму

«Creedence Clearwater Revival»/ «Крыдэнсы» – культавая кантры-рок каманда. Дасюль выступае яе лідар Джон Фагерці, яму 74. Захаваў голас. Студыйны альбом выдаў у 2013-ым.

«Крыдэнсы« на «Ўудстаку», іхны выступ апублікаваны толькі нядаўна

Джэніс Джоплін – памерла ўвосень 1970-га ў 27. Дасюль перавыдаюць ейныя запісы, і яны карыстаюцца камерцыйным попытам! Магчыма, блюз-рок-спявачка нумар 1 у сучаснай поп-культуры.

Джэніс Джоплін

«The Who» – з ліку гуртоў піянераў. Дасюль жывыя два галоўныя ўдзельнікі Роджэр Долтры і гітарыст Піт Таўнсэнд. Долтры выдаў летась выбітны сольнік, у 2019-ым чакаецца новы альбом каманды. Найлепшы (на мой густ) альбом – «Whoʼs Next» (1971). Шмат разоў мянялі стылістыку, захоўваючы твар.

Роджэр Долтры

«Jefferson Airplane»/ «Аэраплан Джэфэрсана» – сурʼёзныя адмыслоўцы сцвярджаюць, што менавіта гэтая каманда (ды іхныя паплечнікі), а не «Бітлз», змянілі твар тагачаснай поп-культуры. Псіхадэлічны рок і фолк, эксперыменты. Шмат хто з іх ліку, як Марці Бэлін, памерлі. Грэйс Слік яшчэ жывая, ёй 79. Адпачвае.

Выступ «Jefferson Airplane» на «Ўудстаку»

Джо Кокер, памёр у 2014-ым. Яму было 70.

«Ten years after» – блюз-рокавы гурт, які распадаўся шмат разоў, але цяпер, на хвалі настальгіі, існуе. Найноўшы іхны альбом быў у 2017-ым. Найлепшы альбом – «A Space in Time» (1971). Лідар каманды Элвін Лі памёр у 2013-ым. Справу працягвае Чык Чэрчыл, яму 73.

«Blood, Sweat & Tears» – джаз-рокавы гурт «Кроў, пот і слёзы». Існуе дасюль, хоць не запісваецца пасля 1980-га. На мой густ, найлепшы альбом дэбютны «Child Is Father to the Man» (1968), хоць наступны, другі, атрымаў «Грэмі» як «альбом 1970». Менавіта ў гэты гурт запрашалі спяваць Чэслава Немэна (!).

«Crosby, Stills, Nash & Young» – выбітны, культавы квартэт, ці трыа (без Янга). Яшчэ жывыя, але галасы, на жаль, згубілі. Хоць нешта запісваюць дасюль. Кросбі 78. Нілу Янгу 73. Найлепшы альбом з ліку найноўшых «Croz» (2014).

Кліп Кросбі, Стылза і Нэша пра «Ўудстак»

Джымі Гэндрыкс – культавы гітарыст, памёр увосень 1970-га, у 27. Зрабіўся легендаю, як і Джэніс Джоплін.

У 1969 годзе на фестывалі адмовіліся выступаць: Боб Дылан, «Сайман і Гарфанкел», Джэф Бэк, «Лэд Зэпэлін», «Чыкага», Фрэнк Запа, Артур Лі з гуртом «Love», гурт «Free», «The Doors» згадзіліся, але не даехалі, «Procol Harum», «Jethro Tull», Джоні Мітчэл выступаць забараніў менеджар, «Iron Butterfly» ехалі на выступ у апошні дзень, але затрымаліся ў аэрапорце, «Роўлінгі» былі ў Аўстраліі. «Бітлы» ўжо распаліся, Джон Ленан хацеў прыехаць з Ёко О’но, але яму адмовілі.

Сёлета, наўздагон 50-гадовага юбілею 16–18 жніўня, у Штатах, на тым самым месцы, што і ў 1969 годзе, побач з мястэчкам Бэтэл (Bethel) штату Нью-Ёрк прайшоў «Woodstock-2019». У Амерыцы святочны канцэрт на гістарычным полі скончыўся 19 жніўня 2019-га (паводле нашага часу) раніцаю. Іншыя юбілейныя канцэрты (нават у Беларусі) адбудуцца яшчэ цягам жніўня і верасня.

Сяргей Філімонаў belsat.eu

Меркаванне аўтараў можа не супадаць з пазіцыяй рэдакцыі.

Глядзі таксама
Каментары