Фельчарка хуткай дапамогі: «Сумленна ратавала б жыццё міліцыянта ці суддзі»


У Бабруйску за ўдзел у мітынгу аштрафавалі фельчарку хуткай дапамогі Валянціну Алфёраву. Нягледзячы на свой палітычны прысуд і сотні іншых, жанчына не змяніла стаўлення да крыўдзіцеляў – на выклік да іх паехала б і працавала сумленна.

Валянціна Алфёрава ля будынку суда ў Бабруйску. Фота Belsat.eu

Валянціна Алфёрава 37 гадоў працавала на Бабруйскай гарадской станцыі хуткай дапамогі, працаўнікі якой выйшлі на пратэст на пачатку эпідэміі каронавіруса ў Беларусі. Жанчыну затрымалі пасля аднаго з вераснёўскіх нядзельных шэсцяў. Суд пакараў яе на Br 675 – гэта месячны заробак фельчара.

Hавiны
«Як можна дзяліць, хто варты даплаты, а хто – не?» У Бабруйску пратэставалі фельчары і кіроўцы хуткай дапамогі
2020.05.20 21:07

«Паводзіла сябе нахабна – махала балонікам, паказвала кулак і «віктары»

20 кастрычніка ў судзе Бабруйскага раёну і гораду Бабруйску разглядалі справу 58-гадовай Валянціны Алфёравай. Жанчыну абвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве 20 верасня. Тады ж яе і затрымалі, але асудзіць адразу не змаглі – ёй зрабілася дрэнна ў аддзяленні міліцыі падчас складання пратаколу – ціск вырас да 180/100. Жанчыну адвезлі ў лякарню, і яна месяц прабыла на бальнічным. Увесь гэты час, па словах фельчаркі, ёй не давалі спакою – тэлефанавалі з міліцыі на працу, пыталіся, калі яна з’явіцца, тэлефанавалі ёй асабіста і прапаноўвалі даць згоду на разгляд справы без яе прысутнасці. Жанчына не пагадзілася.

Валянціна Алфёрава пасля прысуду ля будынку суда ў Бабруйску. Фота Belsat.eu

На судзе Валянціна Алфёрава сказала, што не лічыць сябе вінаватаю, а таксама ўказала на памылкі ў рапарце аб яе затрыманні.

«Там пра мяне гаворыцца, як пра мужчыну – «нёс на плячах бел-чырвона-белы сцяг». Не было ў мяне ніякага сцягу. Хто гэта і пра каго ўвогуле пісаў? – пыталася жанчына. – Я пыталася ў міліцыянта падчас складання пратаколу, чаму ён не патлумачыў мае правы і абавязкі, на што пачула адказ – адкрывайце інтэрнэт і чытайце. Ну дык і ў вас калі раптам здарыцца апендыцыт, вы адкрыйце інтэрнэт і самі сабе зрабіце аперацыю».

Суддзя адказвала, што паводзіны міліцыянтаў у судзе не разглядаюцца, на іх жанчына можа напісаць асобную скаргу.

Справу супраць фельчаркі вёў старэйшы ўчастковы інспектар аддзялення міліцыі Першамайскага раёну Бабруйску Андрэй Комар. Сведкай на судзе выступаў начальнік аддзелу аховы правапарадку і прафілактыкі УУС Бабруйскага гарвыканкаму падпалкоўнік Сяргей Рудзько (ён не прапускае амаль ніводнай справы па арт.23.34, а таксама ў дачыненні грамадскіх актывістаў і журналістаў Бабруйску – ці сам вядзе працэс, ці выступае ў якасці сведкі).

«Гэтая грамадзянка неаднаразова ўдзельнічала ў несанкцыянаваных мерапрыемствах, і я асабіста папярэджваў яе аб адказнасці. Улічваючы яе ўзрост, мы спачатку яе не затрымлівалі, спадзяваліся, што пасля папярэджанняў яна спыніць такія свае дзеянні. Але яна працягнула хадзіць і, як бачна з майго візуальнага назірання, паводзіла сябе нахабна – ішла і махала балонікам, паказвала мне ў камеру кулак ці вось гэты знак (паказаў знак «віктары» – рэд.)», – распавёў Рудзько на судзе.

Суддзя Таццяна Тарабуева прызначыла Валянціне Алфёравай штраф у памеры 25 базавых велічынь, ці Br 675.

«Спрабую ўявіць – што б я адчувала, прыехаўшы на выклік да міліцыянта ці суддзі»

Бабруйская фельчарка збіраецца абскарджваць рашэнне суда, якое яна лічыць палітычна матываваным і несправядлівым. Але найбольш жанчына абураная несправядлівасцю не ў дачыненні да самой сябе, а да ўсіх беларусаў.

«Тое, што робіцца цяпер, проста шакуе. Што судзяць журналістаў, адбіраюць ліцэнзіі ў адвакатаў, што нам усім проста схлусілі на выбарах, – падзялілася з намі сваімі думкамі спадарыня Алфёрава пасля суда.

– Калі мяне затрымалі, я сядзела ў гэтым аддзяленні міліцыі, глядзела на супрацоўнікаў, і думала пра тое, што ў нас адбывалася 9 – 11 жніўня, пра тое, што рабіла тады міліцыя, і што перажывалі мірныя людзі. Я не магу пра гэта не думаць і як медык, не магу заплюшчваць вочы на тое, як гвалцяць людзей».

Жанчына распавяла, як яе калегі ў Бабруйску выязджалі на выклік на плошчу ў першыя дні пасля выбараў – у маладога мужчыны быў пералом сцягна пасля спробаў уцячы ад АМАПу.

«Яны з жонкай былі ў краме, выйшлі – а там АМАП. Усе пабеглі, і яны пабеглі. Затрымалі, збілі. Вынік – пералом, – распавяла спадарыня Валянціна. – Брыгада, якая адвезла яго ў лякарню, пыталася ў міліцыянта, што будзе тым, хто гэта зрабіў. Адказ гучаў – нічога. Пацярпелы сам пытаўся, са словаў калегаў, за што так з ім. Яму лаянкай адказвалі, каб заткнуўся, бо калі б было за што, увогуле б забілі. Столькі жорсткасці… Я бачу, чытаю пра гэта, і мой мозг дагэтуль адмаўляецца ўспрымаць, верыць, што гэта адбываецца тут, з намі, што нашыя праваахоўныя органы і суддзі здольныя на такую жорсткасць».

Валянціна Алфёрава ў Бабруйскім судзе 21 кастрычніка. Фота Belsat.eu

Асабліва спадарыню Валянціну закранае несправядлівасць і гвалт у дачыненні медыкаў.

«Дактароў нават на вайне не чапаюць, бо яны ратуюць усіх – і вашых, і нашых, і злачынцаў, і міліцыянтаў, – разважае фельчарка. – А ў нас не глядзяць. Караюць медыкаў і не думаюць, што хутка не будзе каму іх саміх ратаваць. Я спрабую ўявіць, што б я адчувала і што б рабіла, калі б прыехала на выклік да тых, хто мяне затрымаў, да гэтага Рудзько, што сведчыў супраць мяне, да суддзі, што вынесла гэтае рашэнне. Напэўна, у душы ў мяне была б бура, але гэта ніяк бы не паўплывала на маю працу. Я б сумленна ратавала б іх жыцці, як і ўсіх астатніх людзей, у разе патрэбы».

«У нас на вас яшчэ шмат матэрыялаў. Мацуйцеся»

Сума штрафу – Br 675, паводле спадарыні Валянціны, даволі адчувальная для яе – гэта месячны заробак фельчара. У той жа час за працу жанчына пакуль асабліва не баіцца, бо калегі і кіраўніцтва падтрымліваюць і спачуваюць.

Валянціна Алфёрава ўсё сваё працоўнае жыццё аддала Бабруйскай гарадской станцыі хуткай дапамогі. У 1983 годзе жанчына скончыла Менскую медычную вучэльню, выйшла замуж, разам з мужам прыехала ў Бабруйск і адразу ўладкавалася на хуткую дапамогу. Мае 1 катэгорыю.

Пасля суда на развітанне падпалкоўнік Сяргей Рудзько звярнуўся да спадарыні Валянціны:

«У нас на вас яшчэ шмат матэрыялаў. Мацуйцеся».

Але фельчарку гэтыя пагрозы не пужаюць, а толькі выклікаюць агіду, што так сябе паводзіць міліцыянт.

«Нам усім не трэба здавацца. Варта пратэставаць далей, – упэўнена спадарыня Валянціна. – Вада і камень точыць, нават па кропельцы. Таму нельга сядзець склаўшы рукі. Я хадзіла, хаджу і буду хадзіць на мірныя мітынгі, калі будзе дазваляць здароўе. Мяне не спыняць гэтыя суды і штрафы».

НА Belsat.eu

Стужка навінаў