«Федзя, цяпер на цябе падпішацца ўся Беларусь!» Ціханоўская выйшла ў эфір з гарадзенскім блогерам

10 студзеня фельчар з Горадні Фёдар Сумкін распавядаў у Instagram пра тое, як прымаў роды. Пад канец трансляцыі да эфіру падключылася Святлана Ціханоўская, што стала для хлопца абсалютнай нечаканасцю.

Святлана Ціханоўская прызналася, што даўно сочыць за акаўнтам Фёдара.

«Федзя, ты класны, дзякуй за ўсё, што ты робіш. Я даўно цябе гляджу».

Святлана Ціханоўская хутка адключылася, бо, як сама патлумачыла, яшчэ не паклала спаць дзяцей.

Фёдар пажартаваў, што пасля такога эфіру па яго прыедуць з органаў.

«Вось гэта супер! Прэзідэнт з народам! Федзя, ты і праўда клёвы, нават Святлана гэта пацвердзіла. Жыве Беларусь», – пішуць падпісанты гарадзенскага фельчара.

Ганна Красуліна патлумачыла ў каментары «Белсату», што Святлана Ціханоўская сапраўды даўно сочыць за гарадзенскім фельчарам. Яна бачыла, як брыгада Фёдара віншавала дзяцей з Новым годам і проста захацела яму падзякаваць.

Эфір з «народным прэзідэнтам» прынёс Сумкіну больш за тысячу новых падпісантаў. Эфір Фёдара паглядзелі ўжо больш за 9 тысяч асобаў.

ДР belsat.eu

 

Hавiны