Еўразвяз вылучыць 24 мільёна еўра народу Беларусі


Еўрапейская камісія прыняла рашэнне аб выдзяленні пакета дапамогі памерам 24 мільёнаў еўра. Падрабязнасці сёння былі апублікаваныя на старонцы органу.

Сцягі Еўразвязу.
Фота: consilium.europa.eu

Еўрапейская камісія вылучыць беларусам фінансавую дапамогу, якая мусіць прынесці наўпроставую карысць беларускаму народу, у прыватнасці грамадзянскай супольнасці, моладзі, малым і сярэднім прадпрыемствам, а таксама палепшыць магчымасці аховы здароўя.

Камісар у пытаннях палітыкі суседства і пашырэння Олівэр Вархэі сказаў:

«Велізарная мужнасць беларускага народа, мірна мабілізаванага на абарону сваіх дэмакратычных правоў і правоў чалавека, з’яўляецца крыніцай натхнення для ўсіх нас. Гэтым толькі што прынятым пакетам падтрымкі ЕЗ дае зразумець, што стаіць на баку народа Беларусі і выконвае ўзятыя на сябе абавязкі ўзмацняць падтрыманне грамадзянскай супольнасці. Мы таксама гатовыя падтрымаць дэмакратычны і мірны пераход у краіне ўсімі наяўнымі ў нашым распараджэнні інструментамі».

Новая праграма дапамогі «EU4Belarus: салідарнасць з народам Беларусі» сканцэнтруецца ў чатырох ключавых галінах:

  1. Падтрымка грамадзянскай супольнасці і незалежных СМІ, у прыватнасці мясцовых супольнасцяў і ініцыятываў груп грамадзянаў.
  2. Падтрымка моладзі, у тым ліку праз стыпендыяльныя праграмы для студэнтаў і маладых спецыялістаў, якія пацярпелі ад палітычнага крызісу.
  3. Кансультатыўная падтрымка малых і сярэдніх прадпрыемстваў у мэтах павышэння ўстойлівасці ва ўмовах эканамічнага спаду.
  4. Павелічэнне ўстойлівасці аховы здароўя за кошт узмацнення патэнцыялу беларускага грамадства для рэагавання на ўсё яшчэ актуальную пандэмію COVID-19.

Гэтая праграма ёсць часткаю пакету падтрымання на суму 53 мільёны еўра, пра які ў жніўні абвесціла старшыня Еўрапейскай камісіі Урзуля фон дэр Ляен, і ўлучае ў сябе надзвычайную дапамогу ЕЗ памерам 3,7 мільёна еўраў, неадкладна выдзеленую для ахвяр рэпрэсіяў і для незалежных СМІ пасля прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі, якія адбыліся ў жніўні. Таксама вядзецца падрыхтоўка да вылучэння далейшай дапамогі, на суму 6 мільёнаў еўраў, для палягчэння доступу малых і сярэдніх прадпрыемстваў да фінансавання.

Нагадаем, што пасля нелегітымных выбараў прэзідэнта і жорсткай рэакцыі ўладаў Рада ЕЗ абвясціла пра перагляд адносінаў Еўразвяза з Беларуссю, у тым ліку пра скарачэнне двухбаковага супрацоўніцтв на цэнтральным узроўні ды ўзмацненне падтрымкі ЕЗ беларускаму народу і грамадзянскай супольнасці.

Прыняцце сёння пакета дапамогі – выкананне часткі абавязкаў ЕЗ у павелічэнні і перанакіраванне падтрымкі грамадзянскай супольнасці ў Беларусі.

АД belsat.eu

 

Стужка навінаў