Еўразвяз дасць Беларусі 5 млн еўраў на перапрацоўку машыннага алею


Нават калі здаваць і перапрацоўваць будуць толькі палову выкарыстанага ў Беларусі машыннага алею, дзяржаўны бюджэт будзе атрымоўваць штогод $ 18 млн.

Праект па зборы і перапрацоўцы выкарыстанага машыннага алею ў 2015-м быў запушчаны ў Крупках, цяпер да ініцыятывы далучыўся Барысаў.

Агулам будзе адкрыта 50 пунктаў збору і перапрацоўкі ўжытага алею, у шасці з якіх за здадзены алей можна будзе атрымаць грошы.

Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя спадзяецца, што ініцыятыва дазволіць пазбегнуць зліву адпрацаванага алею ў глебу або ягонага спальвання.

Усяго адзін літр адпрацаванага алею, вылітага ў глебу, робіць непрыдатным 100–1000 тонаў грунтовых вод, а пры спальванні алею ў паветра выкідаюцца цяжкія металы і канцэрагены, кажа Мінпрыроды.

«Інтэрфакс» падае, што эксперыментальная сістэма створаная НДА «Экалагічная ініцыятыва» у межах праекту «Садзейнічанне пераходу Рэспублікі Беларусь да» зялёнай «эканомікі». Праект фінансуецца Еўразвязам і рэалізуецца Праграмай развіцця ААН у партнёрстве з беларускім Мінпрыроды.

Чыноўнікі заяўляюць, што паводле папярэдніх разлікаў, калі ў Беларусі будзе збірацца 50 % адпрацаваных алеяў, якія сёння знаходзяцца па-за афіцыйным зваротам (прыблізна 40 тыс. тонаў), эканамічны эфект дзяржаве ад падатковых паступленняў і імпартазамяшчэння складзе каля $ 18 млн у год.

Мэта праекту «Садзейнічанне пераходу Рэспублікі Беларусь да «зялёнай» эканомікі» у тым, каб дапамагчы дасягнуць эканамічнага росту коштам «зялёных» тэхналогіяў. Бюджэт праекту складае 5 млн еўраў.

ДД

Стужка навінаў