Еўрапарламент прызнаў Каардынацыйную раду «часовым прадстаўніком» беларускага народу


Дэпутаты Еўрапарламента 17 верасня прынялі рэзалюцыю наконт сітуацыі Беларусі, у якой асудзілі гвалт і рэпрэсіі ў краіне, а таксама пацвердзілі, што не прызнаюць вынікаў прэзідэнцкіх выбараў.

У дакуменце падкрэсліваецца, што пасля сканчэння тэрміну паўнамоцтваў Аляксандра Лукашэнкі Еўрапарламент не будзе лічыць яго прэзідэнтам Беларусі. Адначасова Еўрапарламент прызнае Каардынацыйную раду «часовым прадстаўніком народу, які патрабуе дэмакратычных зменаў у Беларусі».

Еўрапарламентарыі патрабуюць вызваліць палітвязняў і ўсіх адвольна затрыманых, правесці расследаванне катаванняў і гібелі людзей падчас пратэстаў. Дэпутаты заклікаюць увесці санкцыі супраць тых, хто адказны за гвалт супраць мірных дэманстрантаў і фальсіфікацыю выбараў. У тым ліку, з пункту гледжання парламентарыяў, санкцыі варта распаўсюдзіць на некаторых расейскіх грамадзянаў, якія падтрымліваюць рэжым Лукашэнкі.

У рэзалюцыі асуджаецца «гібрыднае ўмяшанне» Расеі ў сітуацыю ў Беларусі ў выглядзе адпраўкі ў краіну медыяэкспертаў і кансультантаў у пытаннях бяспекі.

Акрамя таго, дэпутаты рэкамендавалі Еўракамісіі павялічыць фінансаванне грамадзянскай супольнасці Беларусі, не пералічваць грошы дзяржаўным структурам, не даваць крэдыты ўладам Беларусі з боку Еўрапейскага банку рэканструкцыі і развіцця і Еўрапейскага інвестыцыйнага банку.

Аўтары рэзалюцыі заклікаюць спрасціць выдачу візаў палітычным уцекачам і ўсім, хто пацярпеў ад гвалту сілавікоў, а таксама распрацаваць адмысловую стыпендыяльную праграму для студэнтаў, якія адлічылі з беларускіх ВНУ па палітычных матывах.

Асобна еўрапарламентарыі заклікалі не праводзіць у Беларусі чэмпіянат свету па хакеі ў 2021 годзе.

За дакумент прагаласавалі 574 дэпутата, 37 выказаліся супраць, 82 устрымаліся.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў