Эскадроны смерці дзейнічаюць да гэтага часу


Свет даведаўся пра існаванне гэтых «карпарацый кілераў» у 1960-1980-х гг. Тады эскадроны смерці (ад ісп. Los escuadrones de la muerte) з’явіліся ў многіх краінах Лацінскай Амерыкі. Ёсць меркаванне, што ў канцы 90-х эскадрон смерці быў створаны і ў Беларусі. Belsat.eu сабраў некалькі цікавых фактаў пра кілераў, якія працуюць на ўладу.

Страляюць па сценах, каб паказаць, што ахвяра «супраціўлялася»

У ліпені 2019 года Вярхоўны камісар ААН па правах чалавека Мішэль Бачэлет паведаміла ў сваім дакладзе па Венесуэле, што ў краіне дзейнічаюць эскадроны смерці.

«Яны аддзяляюць маладых людзей ад іншых членаў сям’і, перш чым стрэліць у іх», – гаворыцца ў дакладзе ААН.

Эскадроны смерці – узброеныя групы, якія займаюцца пазасудовымі забойствамі, катаваннямі ці выкраданнямі людзей у мэтах палітычных рэпрэсій, генацыдам, этнічнымі чысткамі, рэвалюцыйным тэрорам.

Па словах відавочцаў, эскадроны смерці прыязджаюць на чорных пікапах без нумарных знакаў. У ААН лічаць, што гаворка ідзе пра байцоў спецпадраздзялення FAES (венесуэльскі спецназ). Паводле дадзеных ААН, байцы FAES фальсіфікуюць месцы злачынстваў і падкідваюць ахвярам доказы, у прыватнасці, зброю і наркотыкі. Яны страляюць па сценах, каб паказаць, што ахвяра «супраціўлялася». ААН паведамляе пра забойства байцамі FAES 5287 чалавек у 2018 годзе і 1569 чалавек за першыя пяць месяцаў 2019 года. У верасні 2019-га Бачэлет заявіла, што катаванні і забойствы працягваюцца.

FAES патрулюе вуліцы горада Баркісімэта, што на паўночным захадзе Венесуэлы. фота: IVAN ALVARADO/Reuters

Кантэкст: Венесуэла перажывае зацяжны эканамічны і палітычны крызіс. Хуан Гуаіда, галоўны апанент дзейнага прэзідэнта Нікаласа Мадура, заявіў аб яго адхіленні ад пасады кіраўніка дзяржавы.

Пра наяўнасць у Венесуэле эскадронаў смерці ААН паведамляла ў сваіх дакладах у 2002 і 2003 гадах.

Афіцэры забівалі асуджаных з падкрэсленым садызмам

У 2008 годзе генерал Серхіё Арэльяна быў асуджаны да шасці гадоў пазбаўлення волі за злачынствы, учыненыя ў гады кіравання чылійскага дыктатара Аўгуста Піначэта. Арэльяна узначальваў «Караван смерці» – спецпадраздзяленне чылійскай арміі, якое па загадзе Піначэта выканала (або загадала выканаць) больш за 70 смяротных прысудаў для палітвязняў у розных турмах краіны (арганізацыя «Memoria y Justicia» паведамляе, што падраздзяленне забіла 97 чалавек).

Генерал Серхіё Арэльяна памёр ў 2016 годзе ад хваробы Альцгеймэра

Былы генерал чылійскай арміі Хаакін Лагос, які стаў сведкам забойстваў, распавёў, што афіцэры з «Каравана смерці» забівалі апанентаў Піначэта з падкрэсленым садызмам, часта падвяргаючы іх катаванням перад смерцю.

Серхіё Арэльяна, нягледзячы на ​​прысуд суда, не сеў у турму. На момант вынясення прысуду ў яго была цяжкая форма хваробы Альцгеймэра.

Кантэкст: Паводле афіцыйных звестак, за гады ваеннай дыктатуры ў Чылі з 1973 па 1990 год былі забітыя па палітычных матывах амаль 3,2 тыс. чалавек, амаль 1,2 тыс. прапалі без вестак, а катаванням падвергліся каля 28 тыс. чалавек. Адказнасць за гэтыя злачынствы ускладаецца на супрацоўнікаў тайнай палітычнай паліцыі дыктатара – DINA (Дырэктарат нацыянальнай выведкі (ісп. Dirección de Inteligencia Nacional). Супраць самога Піначэта была ўзбуджаная крымінальная справа, аднак у 2006 годзе ён памёр.

«Нішто, зробленае для абароны радзімы, не можа лічыцца супрацьзаконным»

У 60-х гадах у Сальвадоры паўстала разгалінаваная сетка ваенізаваных груп, якія выконвалі задачы эскадронаў смерці. Элітай ў іх былі рэзервісты арміі і Нацыянальнай гвардыі, а «чорнарабочымі» – вясковыя беднякі. Пазней на іх базе сфармавалася Нацыянал– дэмакратычная арганізацыя (ісп. Organización Democrática Nacionalista), ORDEN, якая дзейнічала пад лозунгам: «Нішто, зробленае для абароны радзімы, не можа лічыцца супрацьзаконным». Афіцыйна ORDEN не быў звязаны з дзяржавай. Пасля ўзнікала яшчэ некалькі буйных эскадронаў. Усе яны займаліся ліквідацыяй непажаданых уладзе – камуністаў, хрысціянскіх дэмакратаў, прафсаюзных лідэраў і недастаткова лаяльных ўраду каталіцкіх святароў.

Кантэкст: Шматгадовая крывавая палітычная барацьба паміж правымі і левымі стала прычынай грамадзянскай вайны ў Сальвадоры, якая працягвалася з 1979 года па 1992 год і завяршылася заключэннем мірнага пагаднення, роспускам узброеных фарміраванняў апазіцыі, скарачэннем арміі і перафармаваннем паліцыі.

Пасля заканчэння грамадзянскай вайны эскадроны смерці нікуды не зніклі, але пераключыліся на барацьбу з бандамі. Іх галоўны вораг – міжнародная злачынная групоўка «Mara Salvatrucha» (на слэнгу азначае «брыгада сальвадорскіх бадзяжных мурашоў»). Самы вядомы сальвадорскі эскадрон называецца «Sombra Negra» – «Чорны цень». У асноўным складаецца з былых сілавікоў. У пачатку 2000-х гэты эскадрон смерці знік, але ў 2014 годзе графіці з эмблемай «Чорнай цені» вярнуліся на сцены дамоў Сан-Сальвадора. Урад Сальвадора афіцыйна адмаўляе спансаванне дзейнасці гэтага эскадрону. Непрацяглы час эскадрон вёў свой Facebook, дзе выкладаліся фота забітых бандытаў. Здымкі збіралі па некалькі сотняў лайкаў.

Член банды «Mara Salvatrucha». Фота – JOSE CABEZAS/Reuters

Сын прэзідэнта абвінавачаны ў сувязях з эскадронамі смерці

У Бразіліі эскадроны смерці з’явіліся ў 60-х. У асноўным яны займаліся ліквідацыяй бандытаў і апазіцыі. Былі цесна звязаны з сілавымі структурамі. Асаблівую вядомасць як арганізатар і камандзір эскадронаў смерці набыў начальнік бразільскай палітычнай паліцыі DOPS Сэржыё Флеуры.

Дэпартамент палітычнага і сацыяльнага парадку (порт. Departamento de Ordem Política e Social, DOPS) — бразільскі орган палітычнага вышуку 1924-1983 гадоў. Займаўся падаўленнем антыўрадавага падполля.

Па дадзеных Amnesty International у 2000-х гадах супрацоўнікі паліцыі па-ранейшаму былі звязаныя з пазасудовымі карамі (нярэдка прадстаўнікоў крымінальнага свету). У 2003 годзе ў Сан-Паўлу і Рыа-дэ-Жанейра было здзейснена каля 2000 такіх забойстваў. Бразільскі палітык Флавіё Бальсанара, сын цяперашняга прэзідэнта Бразіліі Жаіра Бальсанара, быў абвінавачаны ў сувязях з эскадронамі смерці.

«Я не знаходзіў іншага метаду адказаць на гэты разбой, як даць у морду»

Беларускія палітыкі, журналісты і праваабаронцы лічаць, што эскадроны смерці, якія ў 90-е знішчалі прадстаўнікоў крымінальнага свету, потым былі выкарыстаныя супраць апанентаў Аляксандра Лукашэнкі.

Hавiны
Споведзь удзельніка «эскадронаў смерці». Поўная тэкставая версія інтэрв’ю DW
2019.12.16 21:37

«Усіх, хто супраціўляўся з бандытаў, расстрэльвалі на месцы. Тры групы такіх знішчылі. Чацвёртай не было. І да гэтага часу ціха і спакойна. Можа, гэта занадта, але я не знаходзіў іншага метаду адказаць на гэтае разбой, як даць у морду», – так кіраўнік Беларусі апісваў метады барацьбы з арганізаванай злачыннасцю ў пачатку сваёй кар’еры.

У 1999 годзе ў Беларусі выкралі былога міністра ўнутраных спраў Беларусі Юрыя Захаранку, былога старшыню Цэнтрвыбаркама, віцэ-спікера парламента 13-га склікання і апазіцыйнага палітыка Віктара Ганчара, грамадскага дзеяча і бізнесмэна Анатоля Красоўскага. Усіх іх да гэтага часу не знайшлі. У 2000 годзе бясследна знік аператар ОРТ Дзмітрый Завадскі, лёс якога таксама да гэтага часу невядомы.

Эскадроны смерці ў той ці іншай форме былі ці могуць дзейнічаць да гэтага часу ў Беларусі, Нікарагуа, Гватэмале, Гандурасе, Мексіцы, Гаіці, Дамініканскай рэспубліцы, Аргентыне, Калумбіі, Перу, Кеніі, Кот-д’Івуары, Угандзе, ПАР, Бангладэшы, Камбоджы, Індыі, Інданэзіі, Філіпінах, Усходнім Пакістане, Паўднёвай Карэі, Тайландзе, Харватыі, Францыі, Германіі, Венгрыі, Ірландыі, Партугаліі, Іспаніі, Турцыі, Вялікабрытаніі, Югаславіі, Расеі, Егіпце, Ліване, Іраку, Іране, Саудаўскай Аравіі.

ЮВ/АА belsat.eu

Стужка навінаў