Каронакрызіс найбольш моцна ўдарыў па турыстычнай індустрыі. Краіны закрылі межы, адмянілі рэйсы. Планы на адпачынак зруйнаваныя, але аплочаныя квіткі засталіся на руках. “Белсат” высветліў, якія кампаніі кампенсуюць страты кліентаў і куды варта звяртацца.
Найбольш папулярныя еўрапейскія авіяперавознікі эканамічнага класу, званыя лоўкостэрамі – «WizzAir» і «Ryanair» завычай не вяртаюць грошай за квіткі. Але ў часе пандэміі іхная палітыка змянілася.
Авіакампанія «Ryanair» прапаноўвае вяртанне грошай ў поўным аб’ёме за квіткі на адмененыя рэйсы. Можна таксама бясплатна змяніць маршрут ці даты палёту. Адказ на просьбу кліента мае прыйсці цягам сямі працоўных дзён – паведамляе старонка кампаніі.
«Ryanair марудзіў з адказам на маю просьбу вярнуць грошы за квіток. У выніку запрапанавалі ваучэр, які пакрывае 100 % кошту майго квітка. Скарыстацца ім я магу цягам года. Не вядома, ці атрымаецца гэта зрабіць, бо межы ўсцяж закрытыя. Авіякампанія запэўніла, што калі я не выкарыстаю ваучэр, то мне вернуць грошы», – кажа дырэктар лагістычнай кампаніі Юрась Валёнак, які мусіў ляцець у Італію.
Падобная працэдура вяртання грошай і ў іншай папулярнай бюджэтнай авіякампаніі «WizzAir». Яны абяцаюць кампенсаваць кошты за адменены рэйс ваучэрам на 120 %.
«Прыкладна праз 2 тыдні мне напісалі з кампаніі, што могуць вярнуць нявыкарыстаны з-за эпідэміі квіток адмысловымі «віззкрэдытамі» і гэта будзе найхутчэй. Магчыма таксама атрымаць суму грашыма на картку. Я пагадзіўся на першы варыянт. Сапраўды, усе даволі хутка дайшло. Чуў гісторыі ад сяброў, якія вырашылі вярнуць наяўныя, што грошы ідуць мінімум 2 месяцы», – распавядае Алесь Крот, які планаваў паляцець з Літвы ў Грузію ў сакавіку.
Беларускі нацыянальны перавознік таксама кампенсуе пасажырам адмененыя рэйсы. Абяцае ці вярнуць грошы ў поўным памеры, ці даць магчымасць выбраць іншую дату рэйсу. Аднак пакуль што пасажыры сутыкаюцца са складанасцямі пры кампенсацыі сродкаў. Трэба перадусім запоўніць форму на старонцы і накіраваць на электронную пошту support@belavia.by. Грошы мусяць вярнуць на працягу 20 працоўных дзён.
Наталля Драгальчук мусіла ляцець у Тбілісі і Кіеў, але праз пандэмію рэйсы скасавалі. Праз некалькі дзён пасля гэтага яна звярнулася ў авіякампанію. Адказ атрымала толькі праз месяц.
«Праз месяц мне адказалі, маўляў, у іх зараз вельмі шмат зваротаў, таму тэрміны вяртання грошай павялічыліся. Больш са мною на сувязь яны не выходзілі», – кажа дзяўчына.
Будзе адмысловы закон
Умяшацца і дапамагчы беларускім турыстам вырашылі ўлады. У распрацоўцы адмысловы нарматыўна-прававы акт, які дапаможа вярнуць арганізаваным турыстам грошы за нявыкарыстаныя пуцёўкі.
«Мы некалькі разоў сутыкаліся з нашымі галоўнымі турыстычнымі асацыяцыямі, якія яднаюць турыстычную галіну. Для іх гэта вельмі важнае і балючае пытанне», – сказаў першы віцэ-міністр Дзмітрый Крутой.
Паводле яго, зараз урад разглядае магчымасці вяртання грошай. Не выключае і прыцягнення банкаў.
Раней беларускія звязы турыстычных арганізацыяў заклікалі ўрад адтэрмінаваць вяртанні кліентам грошай за пуцёўкі да канца 2021 года. Страты беларускай турыстычнай індустрыі адмыслоўцы ацэньваюць у BR 400 млн.
Ксенія Тарасевіч Belsat.eu