Ужо дзявяты дзень у Беларусі праходзяць пратэсты супраць фальсіфікацыі выбараў і катаванняў затрыманых у ізалятарах.
Менскі завод колавых цягачоў, Менскі маторны завод, МАЗ, МТЗ, РУП «Менскэнерга», «Менскія кабельныя сеткі», гэта далёка не поўны спіс прадпрыемстваў дзе цяпер адбываюцца страйкі. Рабочыя патрабуюць адстаўкі кіраўніка краіны і вызвалення палітычных зняволеных. 17 жніўня ў Менску рабочыя прадпрыемстваў, якія далучыліся да страйку зладзілі марш да МЗКЦ, дзе перад рабочымі выступіў Аляксандр Лукашэнка. Яго прамову сустрэлі воклічамі «Сыходзь!»
Таксама страйкуюць журналісты «Белтэлерадыёкампаніі».
Далучыліся да страйку і шахцёры ў Салігорску.
Міністр аховы здароўя Беларусі Уладзімір Каранік заявіў, што падчас паслявыбарчых акцыяў у Беларусі загінулі два чалавекі, больш за 150 асобаў – пацярпелі.
Таксама акцыі ў абласных цэнтрах. У Горадні створаная Рада Грамадзянскай Згоды для дыялогу між пратэстоўцамі і чыноўнікамі.
Звольнілі дырэктара Купалаўскага тэатру Паўла Латушку. Яго падтрымалі ўсе купалаўцы. Загад пра звальненне Латушкі быў дадзены на ўзроўні Савету міністраў. Каментуючы адстаўку Латушка падкрэсліў, што ён не ў апазіцыі, бо тых, хто падзяляе яго меркаванне большасць.
Упершыню пратэсты ў Беларусі пракаментаваў прэзідэнт ЗША. Дональд Трамп назваў сітуацыю, якая складваецца ў Беларусі, «жудаснай». А высокапастаўлены чыноўнік адміністрацыі Трампа заявіў, што ў Вашынгтоне ўважліва сочаць за падзеямі ў Беларусі і спадзяюцца, што ўлады Беларусі не будуць ігнараваць запыт на дэмакратыю з боку беларусаў.