У Дзярждэпартаменце заклікалі беларускія ўлады «спыніць кампанію ціску на атлетаў і рэпрэсіі».
Дзярждэпартамэнт ЗША падтрымаў рашэнне Міжнароднай федэрацыі хакея на лёдзе (IIHF) пазбавіць Беларусь права правядзення ў гэтым годзе чэмпіяната свету, піша ТАСС.
«Мы вітаем рашэнне Федэрацыі перанесці правядзенне чэмпіяната свету па хакеі з Беларусі. Чакаем з нецярпеннем, калі складуцца прыдатныя ўмовы для аднаўлення міжнародных спаборніцтваў», – гаворыцца ў апублікаваным у панядзелак у Twitter паведамленні кіраўніка прэс-службы амерыканскага дыпведамства Морган Артэгус.
Прадстаўніца Дзярждэпартамента заклікала беларускія ўлады «спыніць кампанію ціску на атлетаў і рэпрэсіі».
У панядзелак рада IIHF пазбавіла Менск права прыняць матчы чэмпіяната свету, які павінен прайсці з 21 мая па 6 чэрвеня. Розныя еўрапейскія грамадскія арганізацыі заклікалі Федэрацыю перанесці турнір з беларускай сталіцы з-за напружанай палітычнай сітуацыі ў краіне. У студзені некалькі буйных спонсараў заявілі, што адмовяцца фінансаваць чэмпіянат, калі ён пройдзе ў Беларусі. Сваё рашэнне IIHF патлумачыла пытаннямі бяспекі, якія знаходзяцца па-за яе кантролем.
ІК, belsat.eu