Дзяржава гатовая прадаць тры буйныя заводы


Прадпрыемствы «Калінка», «Гарызонт» і «Гомсельмаш» увайшлі ў спіс «фамільнага срэбра», якое ўлады могуць прадаць патэнцыйным інвестарам, падае «БелаПАН».

Паводле кіраўніка Дзяржаўнага камітэту маёмасці Андрэя Гаева, дзяржава сфармавала папярэдні спіс дзяржаўных прадпрыемстваў, які можа прадаць патэнцыйным інвестарам.

«Праца працягваецца, паколькі шэраг міністэрстваў яшчэ не перадалі свае прапановы. Мы чакаем, што ў сакавіку гэты спіс яшчэ папоўніцца. Мы заклікаем і нашы прадпрымальніцкія саюзы ўносіць прапановы, калі ў бізнеса ёсць жаданне набыцця таго ці іншага дзяржаўнага актыву, тады Дзяржкаммаёмасць будзе адпрацоўваць гэтае пытанне», – адзначыў Гаеў падчас прэсавай канферэнцыі ў Менску 20 лютага.

У папярэдні спіс увайшлі 13 прадпрыемстваў. З найбуйнейшых – «Калінка», «Гарызонт» і «Гомсельмаш».

Пра продаж 50 % + 1 акцыі апошняга заводу было вядома даўно. Аднак адной з умовай для стратэгічнага інвестара была рэалізацыя інвестыцыйнага праекту на $ 500 млн, захаванне профілю вытворчасці і персаналу, пашырэнне рынкаў збыту і выхад на прыбытковую працу.

Калісьці аб скасаванні часткі з гэтых умоваў спрабавалі дамовіцца кітайцы, але, як падае партал «Banki24.by», ў іх не атрымалася, і пакупка не адбылася. Цяпер улады вымушаная ратаваць вытворцу сельскагаспадарчай тэхнікі ад банкруцтва пастаяннымі пазыкамі.

Даўгі па крэдытах «Гомсельмаша» напрыканцы 2019-га складалі больш за мільярд рублёў.

ДД belsat.eu

Стужка навінаў