Дзякуючы цёплай зіме жыроўкі беларусаў зменшыліся

Праз цёплае надвор’е зімой беларусам удалося зэканоміць. Па выніках ацяпляльнага сезону лічбы ў жыроўках зменяцца, паведамляе СТВ.

Ужо цяпер многія беларусы ў сваіх жыроўках заўважылі некаторыя змены коштаў за ацяпленне.

«Што да двухпакаёўкі 48 метраў з наяўнасцю зарэгістраваных, то за студзень 2019 года было налічана 17,93 руб., за студзень 2020 года – 14,32 руб. Улічваючы, што тарыф павысіўся, але абʼём гігакалорыяў паменшыўся за кошт цёплай зімы, эканомія відавочная», – распавяла Таццяна Мікуліч, намеснік начальніка ўпраўлення па разліку ЖКП філіялу «Адзіны разлікова-даведачны цэнтр Менску».

У канцы ацяпляльнага сезону робіцца пераразлік. Відавочна, што сёлета лічбы ў жыроўках па выніках зімы будуць значна меншыя.

Навукоўцы высветлілі, што сёлета зіма так і не прыйшла, бо холад, які распаўсюджваецца з Паўночнага полюсу, застаўся там зачынены праз нізкі ціск, паведамляе bloomberg.

Яшчэ восенню Арктыка выпускала халады, прагназавалася, што зіма будзе больш халодная, чым у мінулым годзе. Але праз нізкі ціск, які ўсталяваўся на Паўночным полюсе, вятры так і не прынеслі зіму, паколькі холад застаўся толькі ў самым полюсе і не распаўсюдзіўся на паўночнае паўшар’е.

Што стала прычынай анамаліі, навукоўцы пакуль не высветлілі.

Чытайце па тэме:

 

Зіма ў бягучым годзе не прыйшла, бо холад так і не выйшаў з Паўночнага полюсу

СК belsat.eu

Hавiны