Дзмітрыеў: Жадаю Цярэшчанку як мага хутчэй вярнуцца ў добры стан


Патэнцыйны кандыдат здзіўляецца, чаму перад самым атручваннем побач з ім апынуўся Дзмітрыеў. Апошні называе падазрэнні ў свой бок «відавочным глупствам».

Belsat.eu пацікавіўся станам здароўя патэнцыйнага кандыдата на прэзідэнцтва Віктара Цярэшчанка, які на мінулым тыдні атруціўся маркоўным фрэшам і дагэтуль знаходзіцца ў шпіталі.

«Адчуваю сябе лепей. Але па-ранейшаму не мыю твар, усё, што вышэй шыі. Больш-менш аднаўляецца гаворка, змяншаецца знешняя апухласць твару. Па крайняй меры крыху вяртаецца каардынацыя, напрыклад, сёння раніцай спрабаваў занесці ў лабараторыю аналізы, падаю, не магу прайсці больш трыццаці метраў, да прыбіральні даходжу, а так усё ў палаце. Канечне, тая хвароба, якую мне запісалі – алергія – гэта глупства. Я ўсе гэтыя дні ляжу пад кропельніцамі, ужо б даўно ўсё прайшло. Ніякай алергіі ў мяне не было, і не было ніякага атручвання з пазіцыі алергіі. Не вельмі добрая сітуацыя. Паверце, ніхто не жартуе, і я б не жартаваў. Больш за тое: заўжды піў сок, і ніколі не было праблем, ем усё без праблем», – кажа Віктар Цярэшчанка.

І агучвае версію датычнасці да атручвання Андрэя Дзмітрыева, кіраўніка выбарчага штаба Таццяны Караткевіч:

Мяне больш за ўсё здзіўляе тое, што ніколі а 8-й раніцы гэты малады чалавек – я ж не супраць гэтага хлопца, гэтым хай займаецца следства і міліцыя – але не мог гэты чалавек адмыслова а 8-й раніцы прыйсці ў кавярню, каб назіраць, як я буду піць сок. Гэта немагчыма. Тут чыесьці інтрыгі, чые – не ведаю.

Ведаю, што за содні да гэтага – Статкевіч, Някляеў і іншыя – гаварылі пра тое, каб перайсці з боку Караткевіч на бок Цярэшчанкі. Я эканаміст і гавару выключна пра эканоміку. Хіба Караткевіч ці нават людзі з яе атачэнне не хочуць згубіць шанец выступаць у ролі апазіцыі. Не ведаю. Тое, што сказаў Някляеў, канечне, крыху змяніла іх планы, і яны, можа быць, вырашылі… Час пакажа. Але я дрэнна сябе адчуваю.

Belsat.eu: А што кажуць міліцыянты?

Віктар Цярэшчанка: Без каментароў з боку міліцыі. Я толькі папрасіў звярнуць увагу на канкрэтныя моманты.

Першае, было відэаназіранне, напэўна, у кавярні, паглядзіце відэазапісы, калі яны ёсць. Другое, калі я вярнуўся з прыбіральні, дзе, як мог прамыў страўнік, паспеў запытацца, дзе мая шклянка. Іншыя дзве шклянкі стаялі, а маёй не было. Папрасіў прынесці шклянку ад соку, сказалі: «Гэта немагчыма». Кажу: «Дайце мне шклянку, паклічце адміністратара ці бармена». І тут я практычна праваліўся, ачуняў, калі хуткая дапамога рабіла мне ўкол.

Рэзкі ціск, які ў мяне ніколі вышэй за 125-130 ніколі не падымаўся, і тут стаў 180.

Belsat.eu: А што ў такой сітуацыі скажаце пра далейшы ўдзел у выбарах? Паведамлялася, што прызналі несапраўднымі подпісы, сабраныя за вас у Горадні.

Віктар Цярэшчанка: Звярніце ўвагу на наступнае: ні пра чые подпісы так не гавораць, як пра мае. Сто адсоткаў, акрамя дзеючага кіраўніка дзяржавы, шмат «дамалёвак» і іншае. А я ж плаціў за подпісы, мы іх правяралі, аддавалі каардынатару, і ён іх завозіў – у Горадню, Віцебск ці яшчэ куды. Яны развозіліся з Менску з улікам таго, што было патрэбна каардынатару. На любым этапе магла быць падстава. Мы здалі падпісныя лісты, а хто ўпэўнены, што гэта тыя, якія я здаў? Якім дакументам гэта пацверджана? Чый подпіс там стаіць – мой ці сябра ініцыятыўнай групы? Як гэта праверыць? Законам гэта не прадугледжана. Я магу гэта праверыць толькі, калі мяне зарэгіструюць. Разам з тым, калі мяне зарэгіструюць, буду глядзець па стане здароўя. Калі фізічна я буду ў стане выканаць гэтую працу, я данясу праграму і блок эканомікі і шляхі вырашэння праблемаў Рэспублікі Беларусь цягам 5 гадоў. Няхай выбаршчыкі абіраюць. Калі мяне не зарэгіструюць, як прафесар эканомікі буду працягваць працаваць далей у галіне эканомікі як даследчык, навуковец. І, магчыма, калі зарэгіструюць, і будзе спроба ціску – проста здыму сваю кандыдатуру. Я фізічна цяпер у такім стане… Але я не паў духам і хачу працаваць на карысць грамадства.[/vc_column_text][vc_column_text]

Фота «Радыё Свабода»Андрэй Дзмітрыеў распавёў, як сталася так, што ён снедаў у месцы, дзе атруціўся Віктар Цярэшчанка:

Па-першае, гэта было не а 8-й, а а 9-й. Ну а так я не ведаю, мне падаецца, што гэта відавочнае глупства для ўсіх, маю на ўвазе падазрэнні ў мой бок. Я па-чалавечы спачуваю спадару Цяшэрчанку, што з ім такое адбылося.

Жадаю яму, як мага хутчэй вярнуцца ў добры стан. Але ўсё астатняе: як нармальны чалавек можа гэты каментаваць? Я там таксама, як і ён снедаў, размаўляючы з Таццянай Караткевіч. Пасля ў мяне была іншая сустрэча – сышоў на іншую сустрэчу. Ведаеце, калі ў краіне за той час пакуль я там снедаў, яшчэ нешта побач адбылося – што тут сказаць?

Belsat.eu: Спадар Цярэшчанка кажа пра нейкія інтрыгі, якія могуць быць звязаныя з жаданнем «атачэння Караткевіч не згубіць свой шанец выступаць у ролі апазіцыі».

Андрэй Дзмітрыеў: Ну што тут сказаць? Чапляецца… Яшчэ раз: жадаю яму як мага хутчэй прыйсці ў добры стан. І фізічны, і маральны, і разумны. Тады думаю, усе гэтыя рэчы адпадуць.

Зміцер Кустоўскі, belsat.eu

Стужка навінаў