«Дыхай роўна»: кліент напісаў адмоўны водгук пра сэрвіс шынамантажу, кіраўніцтва хоча засудзіць яго за абразу


Да belsat.eu звярнуўся чытач, які распавёў гісторыю, як хацеў набыць зімовыя апоны ў растэрміноўку. Аднак замест апонаў цяпер яму пагражаюць судом за знеслаўленне дзелавой рэпутацыі.

Андрэй Стрэльнікаў працуе трэнерам-настаўнікам Менскай дзяржаўнай гарадской вучэльні алімпійскага рэзерву. У канцы верасня ён пастанавіў праз інтэрнэт пашукаць зімовую гуму для свайго аўтамабіля.

«Аўтасетка» першая выскачыла ў пошукавіку. Для мужчыны была важная магчымасць узяць апоны ў растэрміноўку, бо яны каштавалі больш за 600 рублёў.

Андрэй патэлефанаваў у салон, абмеркаваў пытанне замовы, наяўнасць мадэлі і дамовіўся, што возьме камплект. Цягам некалькіх дзён ён здолеў аформіць крэдыт.

«У пятніцу мне сказалі, што грошы паступяць ужо ўвечары. Каб я чакаў, што са мною звяжуцца сёння або ў суботу, бо аўтасэрвіс працуе. Прайшлі выходныя, панядзелак, але ніхто мне не пазваніў», – кажа Андрэй.

Тады мужчына сам звязаўся з салонам. Яму сказалі, што разбяруцца, але зноў не патэлефанавалі. У аўторак ён атрымаў смс-паведамленне, што можна прыехаць па апоны.

З банкаўскай фактурай і плацежнымі дакументамі Андрэй паехаў у краму, аднак там сутыкнуўся з першымі праблемамі. Яму не хацелі аддаць тавар без пашпарту, хаця ў фактуры былі ўказаныя ўсе неабходныя персанальныя звесткі.

«Мяне ніхто не папярэджваў пра пашпарт. Купляючы па перадаплаце, паводле закону, я маю права прыйсці забраць тавар. Да таго ж кожны раз я размаўляў з рознымі людзьмі і ніхто не называў свайго імя. Мне патрэбны быў шынамантаж, але яны маглі або паводле жывой чаргі, або запіс праз два тыдні. Мяне гэта не задавальняла, бо аўта было патрэбнае цяпер. Прычым ніхто мне не прапаноўваў мантажу, я сам пра яго запытаў. Я нікога не абражаў, а нейкі працаўнік, які таксама быў у пакоі, сказаў мне: «Чаго хвалюецеся, дыхайце роўна». Мяне гэта абурыла, я не вытрымаў, забраў фактуры ды выйшаў».

Праз 10 хвілінаў Андрэю зноў патэлефанавалі ды сказалі, што пашпарт ужо не патрэбны і ён можа прыязджаць забіраць апоны проста так. Мужчына быў на эмоцыях, таму адмовіўся і патэлефанаваў у банк, каб грошай не пералічвалі. Аднак Андрэю сказалі, што грошы ўжо пайшлі на рахунак фірмы, і цяпер гэта ягоныя праблемы.

Знаёмыя параілі мужчыну напісаць заяву.

«У той жа дзень я пакінуў водгук у «Google Maps», дзе выказаў сваё меркаванне і як да мяне паставіліся працаўнікі. Я не заклікаў байкатаваць салону або не карыстацца з іх паслугаў. Я апісаў свой досвед. Я маю на гэта права».

Водгук Андрэя Стрэльнікава

На наступны дзень яму патэлефанаваў прадстаўнік «Аўтасеткі» і паспрабаваў урэгуляваць сітуацыю, аднак ён не выбачаўся, а запрапанаваў два бясплатныя сертыфікаты на шынамантаж. Андрэй абяцаў падумаць, але ў выніку адмовіўся. У той жа дзень, 25 кастрычніка, ён напісаў скаргу на сайце, а 26-га паехаў у салон са сваім прадстаўніком і зрабіў запіс у кнізе скаргаў.

Мужчына хацеў, каб фірма вярнула грошы ў банк, дзе ён браў крэдыт, каб не сплачваць адсоткаў за паслугу, з якой ён не скарыстаўся. У той жа дзень ён адрэдагаваў водгук на «Google Maps». Грошы прыйшлі, аднак толькі 30 лістапада. Паводле Андрэя, ён не сплачваў адсоткаў і больш ніякіх прэтэнзіяў не выказваў.

«Была цішыня да першага ліста 14 лістапада. Яны напісалі, што было службовае разбіральніцтва, і ў сітуацыі не бачаць з боку свайго прадстаўніка парушэнняў, а я наадварот знеслаўляю іх. Першы ліст нават не быў падпісаны».

Андрэй звязаўся з салонам, паразмаўляў з асобаю, якая займалася ягоным пытаннем. Паводле мужчыны, размова была спакойная.

«Мы ветліва паразмаўлялі. Напрыканцы я толькі папрасіў, каб яны навучылі сваіх працаўнікоў нікому і ніколі не казаць, як хто мае дыхаць. Праз некалькі дзён мне пазванілі ды сказалі, што яны ідуць у суд. 1 снежня на пошту прыйшла прэтэнзія, а 5 снежня я яе атрымаў, што калі не выдалю свайго водгуку цягам дня, то яны пойдуць у суд».

Андрэй кажа, што не баіцца суда і водгуку выдаляць або змяняць не будзе.

«Калі б мне патэлефанавалі, выбачыліся, нармальна папрасілі прыбраць водгук, пытанняў бы не было. У выніку я і так ашчадзіў. Знайшоў шыны на 60 рублёў танней, да таго ж мне зрабілі бясплатны шынамантаж, а гэта яшчэ 45 рублёў».

Іначай бачыць сітуацыю «Аўтасетка»

З кіраўніцтвам нас звязаць адмовіліся. Маўляў, яны занятыя, а ўсе пытанні трэба і так накіроўваць мэйлам і чакаць адказу ў вызначаны тэрмін.

Аднак канфлікт пракаментаваў прадстаўнік кампаніі Сяргей Рабчук, які беспасярэдне размаўляў з Андрэем Стрэльнікавым.

«Мы пойдзем у суд, калі ён не прыбярэ або не зменіць водгуку. Мы вельмі сур’ёзна ставімся да сваёй рэпутацыі і будзем яе бараніць. Гэта не пагроза, а нашае права адрэагаваць на хлусню. Было разбіральніцтва, яго ніхто не абражаў. Тройчы яго папярэджвалі прынесці пашпарт (сам Андрэй Стрэльнікаў у размове з belsat.eu заверыў, што гэта хлусня). І ўвогуле ён напісаў адмоўны водгук з патрабаваннем вярнуць грошы ўжо пасля таго, як мы іх выслалі 26 кастрычніка», – сказаў у каментары belsat.eu Сяргей Рабчук і параіў прыходзіць у офіс па больш інфармацыі.

Андрэй Стрэльнікаў кажа: ён мае доказы, што грошы на ягоны рахунак прыйшлі 30 лістапада, а не 26-га, як сцвярджае Сяргей Рабчук. Прадстаўнік «Аўтасеткі» абяцае праз 30 дзён падаць у Эканамічны суд.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў