Дыферэнцыяваны падыход. З якімі медыямі вырашыў памірыцца пакрыўджаны кіраўнік Слоніму?


Старшыня Слонімскага райвыканкаму Генадзь Хоміч. Фота belarus.by

У Савецкім судзе Менску 8 кастрычніка адбылося папярэдняе пасяджэнне паводле пазову старшыні Слонімскага райвыканкаму Генадзя Хоміча да ўласніцы дамену «Беларускі партызан» Святланы Калінкінай – аб абароне гонару, годнасці, дзелавой рэпутацыі ды кампенсацыі маральных стратаў.

Інтарэсы чыноўніка прадстаўляла адвакатка Марыя Колесава-Гудзіліна.

Абноўлена
Кіраўнік Слонімшчыны падаў супраць NEXTA пазоў на 50 тысячаў рублёў
2019.09.26 17:33

Генадзь Хоміч патрабуе публікацыі абвяржэння інфармацыі, якую 10 жніўня апублікаваў тэлеграм-канал NEXTA пра ягонае затрыманне. Агулам заяўлялася, што чыноўніка двойчы заўважалі п’яным. У ДАІ Гарадзенскай вобласці заявілі, што не маюць звестак пра гэта. У выніку кіраўнік Слонімскага раёну падаў пазовы да стваральніка тэлеграм-канала NEXTA блогера Сцяпана Святлова і выданняў «Беларускі партызан», 21.by і «Вечерний Бобруйск», якія апублікавалі гэтую інфармацыю. Пры гэтым ён патрабуе кампенсацыю маральнай шкоды ў памеры 50 тыс. рублёў.

Па выніках папярэдняга паседжання было вырашана прызначыць на 30 кастрычніка слуханне. Адвакатка Хоміча паведаміла, што яны будуць удакладняць прэтэнзіі канкрэтна да сайту «Беларускі партызан».

«На міравое пагадненне яны не пагадзіліся, хаця з сайтам 21.by, які ў нас перадрукаваў інфармацыю, было заключанае міравое пагадненне. Яно не ўступіла ў законную моц, але папярэдне, як паведаміла адвакатка, яно заключанае», – заявіла ў каментары belsat.eu Святлана Калінкіна.

Такі дыферэнцыяваны падыход суразмоўца звязвае са значна большай вядомасцю «Беларускага партызана» ў параўнанні з 21.by і з тым, што за гэтымі рэсурсамі стаяць абсалютна розныя людзі.

Аналагічны пазоў да выдання «Вечерний Бобруйск» таксама 8 кастрычніка пачаў разглядацца ў судзе ў Бабруйску. А 18 кастрычніка пачнецца суд у дачыненні да блогера Сцяпана Святлова.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў