Два гады «Нябеснай сотні» з непрыемным беларускім акцэнтам. Рэпартаж з суду над Парфянковым


Украінцы ўшаноўваюць памяць загінулых на Майдане – «Нябеснай сотні». Другая гадавіна страшнага расстрэлу пратэстоўцаў, аднак, прайшла не толькі ў атмасферы жалобы, але і ў хаосе вулічных выступленняў праварадыкалаў ды з нападамі на офісы расейскіх банкаў. У разгромах удзельнічалі і беларусы. «Белсат» наведаў працэс над Васілём Парфянковым, які ўдзельнічаў у разгроме офісу «Альфа-банку».

На Хрэшчацік і вуліцу Грушэўскага ў другую гадавіну расстрэлу Майдану прыйшлі тысячы людзе, каб узгадаць
загінулых у 2014 годзе.

Але некаторыя прыйшлі абвесціць трэці Майдан: з патрабаваннем тэрміновай адстаўкі прэзідэнта і прэмʼера і адмены Менскіх пагадненняў аб замірэнні на Данбасе. Арганізатары мітынгаў назваліся нованароджанай арганізацыяй «Рэвалюцыйныя правыя сілы».

«Гэтыя мітынгі арганізавалі так званыя Правыя радыкалы, у якіх надзвычай сумнеўнае мінулае, і ў некаторых нават непасрэдныя сувязі з Расеяй. Адным з яскравых асобаў быў Кармазін, былы дэпутат, і вядомы ва Украіне палітык, каторы таксама апошнія гады быў звязаны з сямʼёй Януковіча», – кажа палітолаг Вольга Паповіч.

Справа не абмежавалася мітынгамі. Сотня чальцоў праварадыкальнай арганізацыі »ОУН« у гадавіну расстрэлу Майдану пайшлі кідаць камяні ў шыбы офісаў, што належаць алігарху Рынату Ахметаву, і ў аддзяленне расейскага Сбербанку. А на Хрышчаціку яны разграмілі офіс «Альфа-банку», таксама расейскага. Сярод нападнікаў былі беларускія экс-палітвязні, цяпер украінскія байцы-дабраахвотнікі Эдуард Лобаў і Васіль Парфянкоў. У выніку Парфянкова затрымалі ды адправілі ў следчы ізалятар паводле падазрэння ў хуліганстве. Мікола Каханіўскі, які ў арганізацыі »ОУН« лічыцца камандзірам Парфянкова, абвесціў беларуса палітвязнем:

«Васіль – беларускі рэвалюцыянер, апазіцыянер, які ўцёк ад пераследу рэжымам Лукашэнкі і трапіў пад пераслед рэжымам Парашэнкі».

На судзе аб выбары захады стрымання для Парфянкова і сам Каханіўскі атрымаў павесткі да следчага, у якасці падазраванага.

Падчас працэсу кіраўнік «ОУН» асабіста паручыўся за Васіля, ды адзначыў, што беларус атрымаў цяжкае раненне аскепкам, калі ваяваў супраць расейскіх баевікоў на Данбасе.

Чаму Парфянкоў удзельнічаў у нападах на банкі? Яму было дзіка, прыехаўшы з вайны, бачыць, што ў Кіеве свабодна ходзяць расейскія бізнесоўцы. У выніку беларусу прысудзілі 2 месяцы хатняга арышту з электроннай бранзалеткай. Гэта толькі на час следства. Працэс аб хуліганстве – наперадзе.

«У Беларусі мне пагражае 17 гадоў, а не 4 года. Таму пакуль што пры існым рэжыме ў Беларусь мне дарогі няма», – заявіў Васіль Парфянкоў.

Чаму напад на банкі і мітынгі праварадыкалы правялі менавіта ў гадавіну расстрэлу Майдану? Каханіўскі спакойна прызнаў, што яны скарысталіся там вялікай колькасцю людзей, злых на Расею:

«Мы абвесцілі, што гэта палітычная акцыя, акцыя пратэсту супраць засілля расейскага бізнесу і бізнесу сепаратыстаў ва Украіне», – заявіў Каханіўскі.

«Украіна прызнала Расею дзяржавай-агрэсарам. Парфянкоў дакладна ўсведамляў, што Альфа-банк – расейскі банк», – кажа Вадзім Маркевіч, адвакат Парфянкова.

Банкі – расейскія, але грошы ў іх украінскія. І рэпутацыя Украіны, як краю, прыдатнага для бізнесу, ад дзеянняў праварадыкалаў пацярпела мацней, чым застрахаваныя офісы.

«Цяпер Расея не можа пачаць адкрытыя ваенныя дзеянні супраць Украіны, таму мы бачым тое, што яна робіць унутры Украіны, выкарыстоўваючы сваю 5-ю калону, выкарыстоўваючы як сваіх так званых адкрытых агентаў, так і тых, хто часам несвядома граюць на руку Масквы – ацэньвае сітуацыю Вольга Паповіч.

Рэвалюцыйныя правыя сілы, што захапілі актавую залю ў гатэлі «Казацкі«, не сабралі сапраўднага веча, і не справакавалі сутыкненняў з Нацыянальнай гвардыяй ды паліцыяй. Трэці Майдан не атрымаўся, Украіна жыве далей – з памяццю пра герояў другога.

Яраслаў Сцешык[/vc_column_text][vc_column_text]

Глядзіце відэаверсію рэпартажу ў выданні «ПраСвету»:

[/vc_column_text][vc_video link=”https://youtu.be/M8w1yv0123o?t=47s”][/vc_column][/vc_row]

Стужка навінаў