Долар даражэе. Эксперты тлумачаць, чаму ня варта панікаваць


Паводле вынікаў таргоў на Беларускай валютна-фондавай біржы курс долара вырас на 0,0072 рубля. Гэтак, у панядзелак, 24 лютага, долар ЗША будзе каштаваць Br 2,212 – найдаражэй за апошнія чатыры гады. Эксперты тлумачаць, чаму гэта адбылося ды чаму ня варта гэтага баяцца.

У зніжэнні курсу беларускага рубля эканаміст Сяргей Чалы бачыць тры прычыны: пераацэненасць беларускага рубля, пагаршэнне сальда вонкавага гандлю па выніках 2019 года і нафтавую вайну з Расеяй.

«Яшчэ да нафтавай вайны з Расеяй і незразумелымі перспектывамі вонкавага гандлю ўлады чакалі аслаблення беларускага рубля ў межах 10 %. Летась экспарт падаў больш вялікімі тэмпамі, чымся імпарт. Снежань быў рэкордным за шмат гадоў па адмоўным сальда ў вонкавым гандлі. Трэцяя прычына – кароткатэрміновае падзенне на 40 % выпуску нафтапрадуктаў», – тлумачыць эксперт у размове з «Белсатам».

Улады наўрад ці будуць умешвацца ў падтрыманне курсу – ужо некалькі гадоў Нацбанк дазваляе рынку самому знайсці раўнавагу. Зараз працэс падзення беларускага рубля рызыкуе працягнуцца праз псіхалогію – у выніку элементарнай панікі людзей, адзначае эксперт.

«У нас было некалькі перыядаў, калі курс узлятаў, а потым адкатваў назад. Нацбанк нічога не робіць рукамі. Цяпер адбываецца натуральны працэс аслаблення, ёсць трывога адносна хуткіх тэмпаў, але, думаю, гэта доўга не працягнецца», – супакойвае Сяргей Чалы.

Гэта не дэвальвацыя – долар даражэе ўва ўсім свеце

Амерыканская валюта даражэе не толькі ў Беларусі, але і ў іншых краінах – напрыклад, долар актыўна расце да японскай ены і да еўра. З пачатку года ў адносінах да долару еўра патаннеў на 4%, а беларускі рубель – на 5%, то бок амаль аднолькава.

Старэйшы аналітык «Альпары» Вадзім Іосуб у размове з «Tut.by» звяртае ўвагу, што ў Еўропе не кажуць пра дэвальвацыю еўра.

«Нашаму менталітэту чамусьці вельмі ўласцівыя размовы пра дэвальвацыю, – адзначае эксперт. – Калі будзе больш валюты на продаж – ад прадпрыемстваў, ад насельніцтва, курс будзе падаць. Калі будзе станавіцца больш ахвотных купіць валюту, курс будзе расці. У гэтым сутнасць плавання курсу, – кажа Іосуб. – Курсы замежных валют могуць мяняцца – як расці, так і падаць».

Падзенне курсу рубля не адаб’ецца на інфляцыі прапарцыянальна.

«Імпартная гарбата, кава, шакалад маглі б падаражэць на 5%. Але тут прадаўцы б уперліся ў плацежаздольнасць насельніцтва: Падымеш кошты ўслед за курсам, у цябе купляць менш стануць, – тлумачыць эксперт.

ДД belsat.eu

Стужка навінаў