«Добраўпарадкаванне»: у Мёрскім раёне знеслі неагатычную стайню Святаполк-Мірскіх


Так выглядала стайня ў Каменаполлі ў 2006 годзе.
Фота: Андрэй Дыбоўскі / globus.tut.by

У былым сядзібным комплексе ў Мёрскім раёне зруйнавалі парэшткі неагатычнай стайні, збудаванай больш за 100 гадоў таму. Пра гэта паведамляе тэлеграм-канал «Сцежкі Беларусі».

Сядзіба Святаполк-Мірскіх у вёсцы Каменполле з панскім домам, рэшткамі парку і стайняй былі збудаваныя ў 1907 годзе. Будынкі былі абкладзеныя за савецкім часам белай цэглай, а ад стайні захаваліся фактычна толькі неагатычны фасад з вежамі.

Але і яны былі разбураныя некалькі месяцаў назад.

Як паведамляе «Наша Ніва», сельгасарганізацыя, якой належала пабудова, такім чынам правяла «добраўпарадкаванне».

«Узарвалі і ўсё. А гэта помнік мадэрну. У нашым раёне яны вялікая рэдкасць», – кажа мёрскі краязнаўца Вітольд Ермалёнак.

Панскі дом у Каменполлі, які за савецкім часам стаў адміністрацыяй калгаса, уваходзіць у Спіс аб’ектаў гісторыка-культурнай спадчыны. А суседнюю стайню помнікам не прызналі.

Парэшткі стайні.
Фота: t.me/tropinki

Дырэктарка Мёрскага гісторыка-этнаграфічнага музея Аксана Лагунёнак, адзначае, што сцяна стайні моцна нахілілася і ўяўляла пагрозу для дзяцей, якія бегалі вакол. Паводле яе, навесці парадак запатрабавала пракуратура.

Унесці ў спіс гісторыка-культурных помнікаў стайню было немагчыма праз яе безнадзейны стан, кажа дырэктарка музею.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў