Давыдзька назваў блогера NEXTA «дыверсантам»


Кандыдат у дэпутаты Генадзь Давыдзька, выступаючы перад выбарнікамі ў рамках агітацыйнай кампаніі, назваў блогера NEXTA «дыверсантам» і заклікаў змагацца з тымі, хто «вядзе варожую дзейнасць супраць дзяржавы».

Кіраўнік «Белай Русі» Генадзь Давыдзька балатуецца ў Палату прадстаўнікоў па Усходняй выбарчай акрузе №107.

4 лістапада ён правёў сустрэчу з патэнцыйнымі выбарнікамі ў актавай залі менскай школы №122.

Генадзь Давыдзька выступае ў школе №122. Фота belsat.eu

Пасля сваёй прамовы, прысвечанай важнасці саміх выбараў, ён адказваў на пытанні з залі. Людзей у асноўным цікавілі сацыяльныя праблемы. Таксама вялася гаворка пра культуру і СМІ.

«Мы ўсе – удзельнікі інфармацыйнай вайны. Яна ідзе і ў ёй трэба або перамагчы, або прайграць. Гэта вайна, на якую ніхто не можа не прыйсці. Як толькі вы ўключаеце тэлевізар, як толькі заходзіце на нейкі сайт – усё, вы робіцеся ўдзельнікамі гэтай вайны», – сказаў Давыдзька.

Выказаўся ён і пра «Белсат», абвінаваціўшы тэлеканал у «спробе дэстабілізаваць абстаноўку».

«І супраць нас, супраць стабільнага жыцця, супраць нармальнага паслядоўнага руху, супраць той працы, якую ажыццяўляе наша дзяржава і наш прэзідэнт ідуць іншыя хвалі, са спробай дэстабілізаваць абстаноўку. Трэба разумець: нашае войска супраць іншага войска. Ёсць такія войскі, якія фінансуюцца з-за мяжы, то бок ворагамі – дапусцім, «Белсат». Канкрэтна, за сярэбранікі. Навошта польская дзяржава фінансуе сродак масавай інфармацыі, які вяшчае на чужы бок? Яны хочуць лепш вам зрабіць? А з якой нагоды? Не, гэта прапаганда, цалкам адкрытая.

«Існуюць дыверсійныя групы, існуюць пад прыкрыццём рэсурсы, якія здзяйсняюць супраць нашай дзяржавы варожую дзейнасць. Існуюць дыверсанты, падрыўнікі, якія часам называюцца проста блогерамі», – заявіў чыноўнік

Карэспандэнтка belsat.eu удакладніла ў Давыдзькі, каго канкрэтна той мае на ўвазе і папрасіла прывесці прыклад.

«NEXTA, так. Людзі, якія канкрэтна падрываюць партызанскімі метадамі рух нашых цягнікоў і гэтак далей. І з імі, натуральна, трэба змагацца, бо калі яны перамогуць – рухне дзяржава, мы пакладземся пад іншую тэрыторыю і нас незайздросная вельмі доля будзе чакаць», – сказаў Генадзь Давыдзька.

Вялікі рэпартаж з агітацыйнай сустрэчы Давыдзькі ў менскай школе чытайце заўтра на belsat.eu!

***

  • Блогер NEXTA (Сцяпан Святлоў) набыў папулярнасць у сацсетках, дзякуючы свайму аднайменну тэлеграм-каналу (цяпер там больш за 170 тысяч падпісчыкаў), дзе публікуе інсайдэрскую інфармацыю аб важных сацыяльных і палітычных праблемах.
  • Давыдзька – былы шматгадовы кіраўнік Белтэлерадыёкампаніі, двойчы абіраўся ў Палату прадстаўнікоў. Пасля адстаўкі ў 2018 годзе ўзначаліў праўладную грамадскую арганізацыю «Белая Русь».

Выбары ў Палату прадстаўнікоў адбудуцца 17 лістапада.

Фільм «NEXTA» пра Лукашэнку – нумар адзін у трэндах у Беларусі

КА belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары