The Insider апублікавала дакументы з ліставання начальніка ўпраўлення прэзідэнта Расеі па міжрэгіянальных і культурных сувязях з замежнымі краінамі Уладзіміра Чарнова. Паводле іх Масква працуе над стварэннем у Беларусі новай партыі «Права народа», якая будзе супраць Лукашэнкі, але за інтэграцыю з Расеяй.
TUT.BY даведаўся пра падрабязнасці ў людзей са спіса патэнцыйных ўдзельнікаў новай партыі. У дакуменце ўзгадваюцца старшыня праўлення грамадскага аб’яднання падтрымкі бізнесу і прадпрымальніцтва «Садзейнічанне і развіццё» Максім Лявоненкаў,
заснавальнік групы кампаній «Фермент» Валерый Бястолкаў,
старшыня савету дырэктараў «Фармлэнд» Іван Лагавы,
дырэктар «Цэнтра лічбавай трансфармацыі» Максім Тарасевіч,
старшыня Рэспубліканскага саюза прамыслоўцаў і прадпрымальнікаў Аляксандр Швец,
сузаснавальнік бізнэс-школы ІПМ Павел Данейка.
У артыкуле прыводзяцца выказванні гэтых экспертаў падчас круглага стала ў расейскім Цэнтры сацыяльна-кансерватыўнай палітыкі.
«Мы сапраўды ўдзельнічалі ў круглым стале ЦСКП у ліку іншых. Цытаты, якія прыпісваюцца ж нам, вырваныя з кантэксту перакручаныя. Але мы праводзім масу экспертных кансультацый штодня. Такая функцыя РСПП, тым больш што расейскі вектар абʼектыўна важны для бізнесу», – сказаў Аляксандр Швец.
Па яго словах, «аб палітычных партыях у будучыні гаворка ішла з расейскага боку».
«Сапраўды, мы займаемся распрацоўкай прапаноў па выхадзе Беларусі са складанай сітуацыі – перш за ўсё з пункту гледжання сацыяльна-эканамічнай праблематыкі і інтарэсаў нашых членаў – прадстаўнікоў прыватнага бізнесу. Магчыма, хтосьці вырашыў скарыстацца імі», – заўважыў Швец. Ён дадаў, што асабіста ні з кім не знаёмы з Адміністрацыі прэзідэнта Расеі.
Павел Данейка таксама пацвердзіў толькі ўдзел у якасці эксперта ў круглым стале Цэнтру сацыяльна-кансерватыўнай палітыкі ў фармаце відэаканферэнцыі. Ён абверг інфармацыю пра абмяркаванне ці стварэнне партыі і адзначыў што не сустракаўся з кім-небудзь з Адміністрацыі прэзідэнта Расеі.
belsat.eu