ДАІ акрапіла пераход у Салігорску святой вадой, каб не было аварыяў


Зварот Дзяржаўтаінспекцыі да святароў быў апошнім шанцам знізіць аварыйнасць на адным са скрыжаванняў аўтадарогі «Салігорск-Радкава», распавялі супрацоўнікі ДАІ Салігорскаму тэлеканалу.

«На гэтым скрыжаванні было два наезды на пешаходаў, адзін – са смяротным вынікам. Дзяржаўтаінспекцыя прымае ўсе захады па змяншэнні аварыйнасці на гэтым участку дарогі: штучная няроўнасць, які ў народзе называюць «спячым паліцыянтам, асвятленне, ну і апошні шанец – былі запрошаныя святары для асвячэння гэтага месца, каб пазбегнуць такіх моцных і лятальных вынікаў аварыйнасці, – распавёў Уладзімір Гелескул з Салігорскага РАУС.

Святары прачыталі малітвы і акрапілі святой вадой усё скрыжаванне.

Святары асвячаюць скрыжаванне ў Салігорску. Кадр з рэпартажу каналу СТК

Паводле салігорскага актывіста Аляксандра Гойшыка, праз дзень пасля асвячэння на гэтым пераходзе збілі чалавека.

«Можа варта было б паставіць святлафор з кнопкаю, не знаходзіце?! І зрабіць урэшце тых самых «ляжачых паліцэйскіх», а не прыпадняць пешаходны пераход і назваць яго так?», – пытаецца Гойшык у «Фэйсбуку».

Беларуская ДАІ рэгулярна звяртаецца да святароў. У лютым 2016 года епіскап Гомельскі і Жлобінскі Правялебны Стэфан асвяціў службовыя машыны ДПС, эвакуатар і саміх міліцыянтаў.

Летась святар асвяціў аварыйныя ўчасткі дарогі ў Баранавічах, а пазалетась – у Менску.

Сёлета ў студзені гарадзенскія каталіцкія і праваслаўныя святары асвяцілі новыя «Geely» ДАІ – «каб не ламаліся ды служылі дзеля дабра». У траўні 2019-га машыны аўтаінспектараў асвяцілі ў Менску.

ДД belsat.eu

Стужка навінаў