Дачакаліся, пакуль з'едуць назіральнікі. Ірыну Халіп будуць судзіць за «Сустрэчу свабодных людзей»


Вядомую журналістку Ірыну Халіп 2 снежня выклікалі ў РАУС Цэнтральнага раёну Менску, дзе склалі пратакол паводле арт. 23.34 КаАП (парушэнне парадку правядзення масавых мерапрыемстваў). Неўзабаве Халіп будуць судзіць.

15 лістапада ў Менску прайшла акцыя пад назвай «Сустрэча свабодных людзей», арганізаваная апазіцыйнымі палітыкамі на знак пратэсту супраць фальсіфікацый вынікаў парламенцкіх выбараў. Каля сотні чалавек сабраліся тады на Кастрычніцкай плошчы, сярод іх была Ірына Халіп. Потым пратэстоўцы перайшлі на Плошчу Свабоды, дзе Халіп звярнулася да прысутных з заклікам «забыцца на розніцу ў палітычных поглядах» і разам выступіць за перамены ў Беларусі.

Ірыну Халіп будуць судзіць «цягам дзесяці дзён». Канкрэтная дата пакуль невядомая.

Пратакол, складзены ў міліцыі на Ірыну Халіп 2 снежня

Пра гэта Ірыне паведаміў старэйшы інспектар па забеспячэнні аховы грамадскага парадку Цэнтральнага РАУС маёр Дзмітрый Шантыр. Дарэчы, раней менавіта Шантыр адзначыўся складаннем шматлікіх пратаколаў на журналістаў «Белсату».

«Ён сказаў і нават пазначыў у пратаколе: склад майго правапарушэння ў тым, што я прыйшла на Кастрычніцкую плошчу з мэтай публічнага выказвання ўласнага стаўлення да будучых выбараў. А яшчэ выкрыквала «Жыве Беларусь». Ну, за гэта ў нас саджаюць даўно, але публічнае выказванне меркавання – у адміністратыўным кодэксе пакуль няма такога артыкулу», – адзначыла Халіп у каментары belsat.eu

Яна таксама звярнула ўвагу на тое, што суды над удзельнікамі той акцыі пачаліся не 17 і не 18 лістапада, а праз два тыдні.

«Калі гарантавана разʼехаліся ўсе назіральнікі, дасланыя ўсе справаздачы, ужо ніхто не дададзе ні слова. То бок, улады ціхенька чакалі, а цяпер давай шкодзіць», – сказала журналістка.

Халіп падкрэсліла, што з пратаколам не згодная.

Фота
Полацкаму блогеру далі 15 сутак за рэпост
2019.11.29 21:53

2 снежня ў судзе Першамайскага раёну разглядаюць адміністратыўныя справы супраць актывістаў Ніны Багінскай, Леаніда Кулакова, Вольгі Нікалайчык.

Сустаршыню БХД Паўла Севярынца таксама будуць судзіць за ўдзел у «Сустрэчы свабодных людзей» 5 снежня. На 7 снежня ён анансаваў акцыю супраць інтэграцыі з Расеяй.

КА belsat.eu

Стужка навінаў