Да актывістаў, якіх затрымлівалі пад Крупкамі, прыйшла міліцыя. Шукалі экстрэмісцкую літаратуру


Як паведамляюць праваабаронцы, да шэрагу актывістаў анархісцкага руху, якіх на некалькі гадзінаў затрымаў Спецыяльны атрад хуткага рэагавання (САХР) 30 чэрвеня ў лесе пад Крупкамі, прыходзілі міліцыянты з аглядамі.

Пастанова аб правядзенне аглядаў была санкцыянавана пракурорам па Крупскім раёне яшчэ 5 ліпеня, але толькі ўвечары 25 ліпеня працаўнікі раённых РУУС прыйшлі для правядзенне працэсуальных дзеянняў з мэтай выяўлення па месцы пражывання актывістаў літаратуры экстрэмісцкай накіраванасці.

Задавалі пытанні пра ўдзел у розных рухах, поглядах, наяўнасць экстрэмісцкай літаратуры. Сфатаграфавалі пакоі, склалі пратаколы, у якіх пазначылі, што ніякай забароненай літаратуры не выяўлена. З гэтым і сышлі.

Нагадаем, як сцвярджаюць актывісты, 30 чэрвеня Спецыяльны атрад хуткага рэагавання (СОБР) і ГУБАЗіК з выкарыстаннем зброі разагнаў сустрэчу анархістаў пад Крупкамі. Анархістаў паклалі тварам у зямлю, частку прымусілі стаяць на каленях. Гэтак іх трымалі амаль 6 гадзінаў пад дажджом, піць і есці не давалі, дзяўчын не пускалі ў прыбіральню.

ІІ, belsat.eu, паводле spring96.org

Стужка навінаў