«Чырвоны крыж» і IT-кампанія Onde запусцілі сэрвіс для валанцёраў-кіроўцаў


Скарыстацца сэрвісам можа любы чалавек, які мае аўтамабіль і вольны час. Праз аплікацыю можна дапамагчы валанцёрам Беларускага Чырвонага Крыжа прывезці ежу і рэцэпты тым, каму зараз патрэбна дапамога.

Каб сталыя людзі заставаліся ў дома

Беларускі Чырвоны Крыж запусціў дастаўку лекаў, прадуктаў і рэцэптаў праз сваю валанцёрскую сетку і праз дзяржаўныя Тэрытарыяльныя цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.

Першапачаткова сэрвіс працаваў для сталых людзей, але зараз Чырвоны Крыж дапамагае і людзям у самаізаляцыі.

Валанцёры «Чырвонага крыжа» дапамагаюць сталым людзям з прадуктамі.
Фота: Беларускі Чырвоны Крыж

Чалавек, якому нешта патрэбна, мусіць патэлефанаваць на гарачую лінію Чырвонага крыжа ці звярнуцца ў мясцовы ТЦСАН. Там ён ці яна пакідае замову, а потым валанцёры прыносяць патрэбныя прадукты ці лекі.

«Наша задача – зрабіць так, каб як мага болей сталых людзей заставаліся ў хаце», – тлумачыць Раман Моська, кіраўнік аддзелу фандрайзінга і камунікацыяў Чырвонага крыжа.

Зараз на дастаўцы Чырвонага крыжа працуе каля 1,5 тысячы людзей. За красавік яны выканалі каля 10 тысячаў замоваў.

«Усе валанцёры праходзяць інструктаж, працуюць у адмысловай абароне. Мы дастаўляем прадукты бескантактна», – падкрэслівае Раман Моська.

Валанцёрка Чырвонага крыжа купляе прадукты для сталых людзей падчас пандэміі каронавірусу.
Фота: Беларускі Чырвоны Крыж

Але валанцёрам складана ў руках насіць цяжкія торбы з ежаю і бутэлькі з вадой. Тады ў Чырвоным крыжы пачалі задумвацца, дзе знайсці кіроўцаў, якія дапамогуць з дастаўкай пакупак для сталых людзей. На дапамогу прыйшла IT-кампанія Onde.

Ад ідэі да рэалізацыі – чатыры тыдні

Кампанія Onde ужо больш за 9 гадоў займаецца распрацоўкай платформы для онлайн-таксі. Адна з працаўніц Onde валанцёрыць у Чырвоным крыжы. Калі ў арганізацыі пачалі думаць, як аўтаматызаваць дапамогу, яна прапанавала выкарыстаць новы прадукт кампаніі Lolo.

Hавiны
Менскія студэнты стварылі сэрвіс, праз які можна мяняцца ежай і рэчамі з суседзямі
2020.04.28 18:03

Кіраўніцтва і каманда ідэю падтрымалі. На рэалізацыю агулам спатрэбілася 4 тыдні.

«Мы рады, што ў нас атрымалася выкарыстаць нашы тэхналогіі для такой важнай сацыяльнай справы», – кажа Настасся Бардунова, менеджэрка па камунікацыях у Onde.

Ад 7 траўня сэрвіс працуе ў тэставым рэжыме. Каб ім скарыстацца, трэба зарэгістравацца ў базе валанцёраў Чырвонага крыжа і атрымаць спасылку на аплікацыю. Яна даступна ў AppStore і Google Play.

Ці будзе сэрвіс працаваць пасля пандэміі яшчэ невядома. Але прадстаўнікі Чырвонага крыжа не выключаюць, што, калі ён будзе запатрабаваны, то працягне жыццё.

Ксенія Тарасевіч Belsat.eu

 

Стужка навінаў