Чорная пятніца па-беларуску: зніжкі ад 5 да 99 %


Беларускія крамы і гандлёвыя цэнтры прапаноўваюць зніжкі, а на адмысловых сайтах можна атрымаць дадатковыя прома-коды, якія дазволяць купляць яшчэ больш эканомна.

Чорная пятніца ў Беларусі пройдзе, як і па ўсім свеце, 23 лістапада. У сёлетніх распродажах возьме ўдзел 39% жыхароў Беларусі. Пра гэта паведамляецца ў выніках апытання Black Friday Global. Апытанка таксама паказала, што ў гэтым годзе дзеля зніжак у крамы пойдзе на 16,5% больш беларусаў, чым у мінулым годзе. Набыць танней тэхніку, вопратку, аксесуары ці тавары для дому можна ў буйных гандлёвых цэнтрах, крамах ды онлайн. У некаторых гандлёвых кропках Менску Чорная пятніца працягнецца ажно да нядзелі.

Дзе шукаць зніжкі?

Самыя вялікія зніжкі ў Менску прапаноўвае Dana Mall – да 99%. Але не ва ўсіх крамах. Так, максімальна знізяць кошты крамы «Silver Moon» і «7 карат», а «Azmirli» абяцае зніжкі ад 30 да 99%. «Reebok» і «Adidas» абяцаюць зніжкі да 70%, «Mixit», «Inglot», «ДНК» – да 80%, крама «Ажына» – да 70%, крамы «Манамах» і «Вяселле» – да 75%. У гандлёвых цэнтрах Galileo і Green City абяцаюць зніжкі да 80%, а ў Galleria Minsk, Outleto, «Скала», «Няміга 3» і «Карона Замак» – да 70%.

Дзяржаўныя крамы ГУМ і ЦУМ таксама ўдзельнічаюць у Чорнай пятніцы. Так, ГУМ дае зніжку 27% на ўсе нехарчовыя тавары. ЦУМ ладзіць распродаж некалькі дзён. 22 лістапада там будзе дзейнічаць зніжка 25% на ўсе тавары ад 7 рублёў, 23-26 лістапада – да 50% на нехарчовыя тавары, 24, 28, 29 лістапада – зніжка 22% на асобны шэраг тавараў. Крамы гандлёвага цэнтра «Сталіца» робяць зніжкі да 90%.

Набываем ежу са зніжкамі

У Чорную пятніцу ў Менску можна будзе набыць не толькі абутак, тэхніку ды адзежу са зніжкай, але і ежу. Так, у крамах «Еўраопт» будзе да 60% зніжка на некаторыя тавары са спецыяльнымі цэннікамі. Да 50% зніжкі на тавары дае «Рублёўскі». А ў «Алмі» 23 лістапада ўладальнікам карты крамы абяцаюць падвойныя бонусы і вяртанне да 10% кошту за ўсе тавары, у тым ліку і акцыйныя.

Кожны пяты пойдзе ў традыцыйныя крамы

У Беларусі ў акцыі прымаюць удзел з паўсотні інтэрнэт-крамаў ды большасць маштабных гандлёвых кропак. Паводле апытання, праведзенага Black Friday Global, 14% пакупнікоў пойдуць на пошукі выгадных прапановаў у інтэрнэт, а 22% аддадуць перавагу традыцыйнаму гандлю.

Аналітыкі Black Friday Global таксама сцвярджаюць, што беларускія пакупнікі плануюць выдаткаваць падчас Чорнай пятніцы ў сярэднім 301 рубель (150 даляраў). Гэта менш, чым палякі (175 даляраў), але больш, чым расейцы і ўкраінцы (136 і 113 даляраў адпаведна). Па статыстыцы, у Чорную пятніцу спажыўцы часцей за ўсё купляюць электроніку, адзенне, абутак ды касметыку.

На працягу некалькіх гадоў традыцыя буйных перадсвяточных зніжак і распродажаў
здабыла папулярнасць у Злучаных штатах, а затым літаральна па ўсім свеце, у тым ліку ў
нашай краіне. «Black Friday» праводзіцца ў пятніцу пасля амерыканскага Дня падзякі і ў
гэтым годзе прыпадае на 23 лістапада. Зніжкі ў Амерыцы складаюць у сярэднім 68%, у заходняй Еўропе – не больш за 60%. Прыблізна столькі ж прапануюць кліентам і беларускія крамы.

ГМ

Глядзі таксама
Каментары