Чаму заблакавалі санкцыі супраць людзей Лукашэнкі?


Кіпр заблакаваў новыя санкцыі ЕЗ у дачыненні да кіраўнікоў Беларусі, адказных за правядзенне выборов.

Галоўнай прычынай названая адмова ЕЗ падтрымаць увядзенне санкцый датычна Турцыі ў сувязі з здабычай газу ў кіпрскай эканамічнай зоне. Гэта працяг даўняга канфлікту туркаў і грэкаў, кульмінацыяй якога стала Турэцкая ваенная агрэсія ў 1974 г. і акупацыя паўночнай часткі выспы.

Няўжо Беларусь стала разменнай манетай у канфлікце ва Усходнім Міжземнамор’і, і чаму гэты рэгіён зацікавіў Расею?

Краіны – сябры Еўразвязу не змаглі дамовіцца аб увядзенні санкцый супраць высокапастаўленых чыноўнікаў у Беларусі. Супраць выступіў Кіпр. Адмова звязаная з тым, што Кіпр у сваю чаргу патрабаваў ад ЕЗ увесці абмежаванні ў дачыненні да Турцыі ў сувязі са здабычай газу ў кіпрскай эканамічнай зоне ўсходняга Міжземнаморʼя.

Каментуе Конрад Заштовт, палітолаг, факультэт арыенталістыкі Варшаўскага ўніверсітэту:

«З аднаго боку, Беларусь знаходзіцца геаграфічна вельмі далёка ад Кіпра, Міжземнага мора і ад таго вострага канфлікту, які разгараецца паміж двума блокамі – блокам турэцкім і блокам грэцка-егіпецка-ізраільскім, у які таксама ўваходзіць Кіпр. І гэта канфлікт, сярод іншага, за доступ да газавых радовішчаў на дне Міжземнага мора – на спрэчных тэрыторыях, права на якія адстойвае і Турцыя, і Грэцыя, і Кіпр. І гэта канфлікт, які таксама звязаны з іншымі рэгіянальнымі канфліктамі.»

Зараз Усходняе Міжземнаморʼе – адзін з самых гарачых рэгіёнаў. Прычынай стала выяўленне ў 2019 вялікага газавага радовішча ля паўднёвага берага Кіпра.

Распрацоўка гэтага радовішча французскай фірмай Total і італьянскай Eni выклікала пратэсты Турцыі. Пазней Грэцыя, Ізраіль і Кіпр падпісалі пагадненне аб будаўніцтве газаправоду, зноў без Турцыі.

На гэта Анкара адказала пагадненнем з Лівіяй аб дэлімітацыі марской мяжы, а Грэцыя – пагадненнем аб размежаванні марскіх зон з Егіптам, якога Турцыя не прызнала.

У пачатку жніўня ў спрэчны раён Анкара накіравала сваё даследчае судна Oruc Reis у суправаджэнні вайсковых караблёў для сейсмічнай выведкі на грэцкай марскім шэльфе блізу выспы Кастэларыза. Грэцкі флот узяў іх на суправаджэнне, што прывяло да невялікага сутыкнення грэцкага і турэцкага караблёў.

«Правакацыйныя паводзіны Турцыі паднялі напружанасць у Эгейскім моры і ўсходнім Міжземнаморʼі да беспрэцэдэнтнага ўзроўню. Гэтая напружанасць адчуваецца не толькі Грэцыяй, але таксама Еўрапейскім Звязам і NATO, што ўзмацняе небяспеку дэстабілізацыі ў гэтым рэгіёне. Наша краіна – за шлях дыпламатыі і дыялогу. Мы знаходзімся ў пастаянным кантакце з нашымі саюзнікамі, якія дэманструюць нам сваю падтрымку на практыцы. Мы не прымаем пагроз і шантаж», – заявіла Кацярына Сакелларопулу, прэзідэнт Грэцыі.

14 верасня судна Oruc Reis пакінула спрэчны раён, але Анкара не плануе адступаць.

Вітольд Рэпетовіч, эксперт па Блізкім Усходзе, публіцыст Defence24.pl:

«Турцыя ўзмацніла, на жаль, сваю актыўнасць у апошнія месяцы ў адносінах да Грэцыі, і зрабіла гэта ў момант, калі Грэцыя мабілізавала свае ўзброеныя сілы, свой флот вакол Кастелоризо, і Турцыя зрабіла крок назад, што не зʼяўляецца саступкай з боку Турцыі. Нельга лічыць саступкай тое, што не робяцца чарговыя нелегальныя агрэсіўныя дзеянні».

12 верасня Кіпр наведаў Майк Пампеа, а напярэдадні заявы Кіпра аб блакаванні санкцыі супраць беларускіх чыноўнікаў з візітам у краіну прыбыў міністр замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў. З заяваў – гатоўнасць Расеі дапамагчы аслабіць расце напружанасць.

Конрад Заштовт каментуе:

«Апошні візіт міністра Лаўрова не быў здавальняючы для кіпрыйцаў, бо Лаўроў стараўся быць нейтральным перамоўцам. Ён не падтрымаў грэцкі і кіпрскі бок. А там былі тэмы, у якіх ён мог падтрымаць грэкаў і кіпрскіх грэкаў, паколькі Турцыя звярнулася да некалькіх даволі агрэсіўных дзеянняў як у дачыненні да Кіпра, так і ў дачыненні да Грэцыі».

Эксперт падкрэслівае, што хоць Кіпр і цесна звязаны з Расеяй эканамічна, востраў зʼяўляецца адным з упадабаных месцаў расейскіх бізнесменаў для захоўвання сваіх зберажэнняў, а таксама гістарычна Расея падтрымлівала кіпрскіх грэкаў у іх барацьбе за незалежнасць ад Асманскай імперыі. Але ў цяперашняй сітуацыі для Расеі важней не страціць Турцыю, якая зʼяўляецца яе стратэгічным партнёрам.

«Расея цяпер блізка супрацоўнічае з Турцыяй – самым праблемным суседам Кіпра і Грэцыі. І мне здаецца, што стратэгічнае партнёрства з Турцыяй адыгрывае больш важную ролю для Расеі, чым абарона інтарэсаў грэкаў і кіпрскіх грэкаў», – лічыць Конрад Заштовт.

Абараніць рэгіён ад уплыву знешніх гульцоў, а галоўнае вырашыць спрэчку ўнутры ЕЗ можа ўвядзенне санкцый супраць Турцыі, лічыць эксперт Вітольд Рэпетовіч:

«Гэта стане доказам таго, што ЕЗ сурʼёзна ставіцца да пытання еўрапейскай салідарнасці, і гэта вырашыць усе праблемы. У тым ліку і спыніць спробы Расеі ўмяшацца ва ўзніклы канфлікт».

Але ўсё ж адназначнага «не» Кіпр яшчэ не сказаў. Кіпрская дыпламатычная крыніца паведаміла Reuters, што Нікасія падтрымала санкцыі, але папрасіла час для вывучэння запланаваных забаронаў на паездкі ў ЕЗ і замарожвання актываў. Афіцыйнага каментара Кіпру мы не атрымалі, хоць звярталіся за ім у Міністэрства замежных спраў, пасольства ў Варшаве, а таксама да кіпрскіх еўрадэпутатаў.

Наступны раўнд кансультацый кіраўнікоў дыпламатычных ведамстваў краін ЕЗ, на якім будзе абмяркоўвацца ўвядзенне санкцый у дачыненні да Беларусі, адбудзецца 21 верасня.

Святлана Аўчарова для праграмы «ПроСвет»

Калаж з фота: Natalia Fedosenko / TASS / Forum

Стужка навінаў