Чаму працу мастака Алеся Пушкіна на выставе «ZBOR» завесілі чорнай заслонай


Здымак легендарнага перформансу, які быў здзейснены амаль 20 гадоў таму, завесілі чорнай заслонай, каб не парушыць закон.

Сярод смелых інсталяцыяй і карцін на выставе ZBOR у Менску адзін сціплы фотаздымак пад чорнай заслонай не адразу звяртае на сябе ўвагу. Аднак менавіта дзеля яго мы выправіліся разам з мастаком Алесем Пушкіным у Галерэю «Ў». Гэты здымак – выява легендарнага перформансу, які здзейсніў мастак амаль 20 гадоў таму ў цэнтры сталіцы, а менавіта вываліў гаспадарчы вазок з гноем пад будынкам Адміністрацыі прэзідэнта.

Выстава ZBOR in progress у Менску. Фота – Паўліна Валіш/Belsat.eu

Два гады ўмоўна за «падарунак прэзідэнту»

Гэта быў ліпень 1999 году, калі завяршаўся канстытуцыйны тэрмін праўлення першага прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі. Як адзначыць гэтую дату, мастак Алесь Пушкін думаў доўга, і ўрэшце прыдумаў. Ён пафарбаваў у чырвоны колер гаспадарчы вазок. У суседа, які трымаў карову, набраў гною, знайшоў кайданкі, дэнамінаваныя грошы і перадвыбарчы плакат, дзе прэзідэнт, трымаючы руку на грудзях, просіць падтрымкі ў свайго электарату. На таксоўцы ўсё гэтае багацце Пушкін прывёз пад будынак адміністрацыі. Паколькі там у той час ішоў рамонт, ніхто і не звярнуў увагі на чалавека з вазком, якога ахоўнік прыняў за мясцовага азеляняльніка. З каменным тварам і словамі «Так трэба», на вачах у аховы ён вываліў гной з кайданкамі і дэнамінаванымі грашыма акурат перад дзвярыма адміністрацыі, накрыў яго перадвыбарчым плакатам Лукашэнкі і ўваткнуў туды вілы. Арыштавалі мастака адразу. На пытанне, хто ён, Алесь Пушкін з гонарам адказаў: «Імя маё невядомае, але подзвіг неўміручы!». За гэты перформанс, які ў гісторыю Беларусі ўвайшоў пад назвай «Падарунак прэзідэнту», мастак быў асуджаны на 2 гады ўмоўна за хуліганства з асаблівым цынізмам.

Два гады ўмоўна за хуліганства з асаблівым цынізмам

Суд над фотаздымкам

Прайшло шмат гадоў. Фотаздымак перформансу трапіў на выставу сучаснага беларускага мастацтва ZBOR і без ніякіх перашкод быў паказаны ў Беластоку і Кіеве. Аднак напрыканцы 2016 года на беларускай мытні праца выклікала абурэнне. Плакат з выявай вазка і затрыманым Пушкіным канфіскавалі, сабралі адмысловую камісію і на пачатку 2017 году суд прызнаў яго экстрэмісцкім матэрыялам. Сам Алесь Пушкін даведаўся пра гэта перад самым адкрыццём выставы.

Выява перформансу Алеся Пушкіна на выставе ZBOR in progress у Менску. Фота – Паўліна Валіш/Belsat.eu

«Я не лічу маю працу экстрэмісцкай. Гэта перформанс у народным стылі з гумарам, які адлюстраваў рэакцыю беларускай інтэлігенцыі да ўзурпацыі адным чалавекам вышэйшай дзяржаўнай улады, злом канстытуцыі, правядзеннем незаконных рэферэндумаў, у выніку чаго 25 гадоў адна і тая ж асоба насуперак усім прававым і маральным нормам кіруе нашай краінай. Я быў тады вельмі раззлаваны, але рабіць нешта экстрэмісцкае мне не дазволіў бы мой хрысціянскі светапогляд. Таму я вырашыў проста зрабіць такі гумарыстычна-філасоўскі акт, калі сялянскі чалавек выкідвае гарбу гною, як сімвал таго, што ўсё, што з зямлі выйшла, у зямлю і ўвойдзе. Перформанс быў здзейснены ў мастацкай форме, каб нікому не нашкодзіць. Яго зразумелі мільёны людзей. Аднак пасля гэтага слова «перформанс» у Беларусі стала «ругацельным», – кажа Алесь Пушкін.

Рашэне ад прызнанні здымка з перфомансу экстрэмісцкім
Рашэне ад прызнанні здымка з перфомансу экстрэмісцкім

Пад чорнай заслонай, каб не парушыць закон

Арганізатары выставы ўсё ж такі вырашылі павесіць працу экстравагантнага мастака. Аднак завесілі фотаздымак чорнай заслонай з надпісам: «Выява недаступна. Копія фатаграфіі, на якой на пярэднім плане нахілены чырвоны вазок з гноем і плакатам, якія прабітыя віламі, на падставе экспертнага заключэння №33 ад 25.11.2016 рашэннем суда Гомельскага раёну ад 13.01.2017 прызнана экстрэмісцкім матэрыялам. Прыносім прабачэнні».

Аднак усё ж такі паўстае пытанне, наколькі мэтазгодна абвяшчаць фотаздымак перформансу Алеся Пушкіна экстрэмісцкім матэрыялам, пасля таго, як амаль 20 гадоў назад гэты ўчынак быў ацэнены як «злоснае хуліганства»?

«На жаль няма сёння такога драйва і адрэналіну ў мастацтве, як тады, калі новае неба над новай краінай, калі суддзя не разумеў, як мяне судзіць. Калі выступаў эксперт па перформансах Віктар Пятроў-Хруцкі, а суддзя два дні чухаў патыліцу, як маю справу катэгарызаваць. Ён толькі спытаўся ў мяне: «калі вы робіце мастацтва, ці павінны вы ўлічваць законы той краіны, дзе гэта адбываецца?». Я, канешне, пагадзіўся. А ён нечакана кажа, што гэта, значыцца, хуліганства з асаблівым цынізмам. А потым заявіў, суд выдаляецца на нараду, чакайце прысуду заўтра раніцай. На пытанне чаму, ён адказаў, каб вы ноч памучыліся, як у Дастаеўскага. Таксама суддзя-перформер! Прымусіў Пушкіна ноч не спаць, думаць ці атрымае ён 5 год турмы за сваё мастацтва. Тады яны палічылі маю працу хуліганствам. А сёння гэта сталася экстрэмізмам? Часы змяніліся, і бачна, наколькі цэнзура сталася большай», – кажа мастак.

Беларускі мастак і перформер Алесь Пушкін. Фота – Паўліна Валіш/Belsat.eu

З прызнаннем выявы экстрэмісцкай не пагаджаецца таксама журналіст, юрыст па адукацыі і медыяэксперт Анджэй Пачобут.

«Зразумела, што суды гумова трактуюць экстрэмізм. Сёння экстрэмізмам з’яўляецца ўсё, што супраць Лукашэнкі. Відавочна, што тут няма ніякага крымінальнага складу злачынства, тым больш экстрэмізму. Рашэнне суда, канешне, можна аспрэчваць, але юрыдычна рашэння пазітыўнага не будзе ў любым выпадку», – тлумачыць эксперт.

Паўліна Валіш

Глядзі таксама
Каментары