Быў удзельнікам гібрыднай вайны: Польшча дэпартавала грамадзяніна Расеі за сувязі са спецслужбамі


Грамадзянін Расеі Дзмітрый К. быў дэпартаваны з Польшчы за сувязь з расейскімі спецслужбамі. Пра гэта заявіў прэс-сакратар каардынатара польскіх спецслужбаў Станіслаў Жарын.

Паводле неафіцыйнай інфармацыі, мужчына быў выкладчыкам на гістфаку Гуманітарнай акадэміі ў Пултуску, піша Польскае прэсавае агенцтва.

«Паводле Агенцтва ўнутранай бяспекі (ABW), гэты чалавек заангажаваны ва ўдзел і ініцыяванне ды ажыццяўленне гэтак званых элементаў гібрыднай вайны супраць нашай краіны. ABW таксама высветліла, што гэтая асоба падтрымлівала актыўныя кантакты з выведкаю Расейскай Федэрацыі, – паведаміў у размове з польскім тэлеканалам TVP Info Станіслаў Жарын.

«Дэпартаваны грамадзянін Расеі знаходзіўся ў Польшчы, прыкрываючыся супрацаю з Расейскім інстытутам стратэгічных даследаванняў у Маскве. Ён прадстаўляўся даследчыкам і навукоўцам і дзякуючы гэтаму ягонае кола кантактаў сярод навукоўцаў і журналістаў моцна разраслося. Дзякуючы знаёмствам з людзьмі з лаяльным светапоглядам адносна Расейскай Федэрацыі ён прапаноўваў ім навуковую супрацу ў розных навукова-даследчых інстытутах Расеі, а таксама паездкі на канферэнцыі, пры гэтым кансультуючы іх, што сказаць і як сфармуляваць свае заявы, каб гэта было выгадна для Расейскай Федэрацыі», – дадаў прэс-сакратар.

Паводле Жарына, Дзмітрый К. пры дапамозе «сваёй групы» браў удзел у распальванні польска-украінскага канфлікту, а таксама «праводзіў дзейнасць па стварэнню вобразу народнага недавольсва Польшчы ў пытанні зносу савецкіх помнікаў».

На сайце Расейскага інстытуту стратэгічных даследаванняў няцяжка знайсці старонку асобы, якая прадстаўляе інтарэсы даследчага цэнтру ў Польшчы. Гэтага чалавека завуць Дзмітрый Карнаўхаў. У кароткай біяграфічнай даведцы напісана, што ён з’яўляецца выкладчыкам Гуманітарнай акадэміі ў Пултуску.

Скрыншот з https://en.riss.ru/profile/karnauhov/

Дзмітрый Карнаўхаў распавядае пра міфы палякаў пра Расею.

Паглядзець на навуковыя публікацыі Дзмітрыя Карнаўхава можна тут.

Сёлета экс-дырэктар Расейскага інстытуту стратэгічных даследаванняў генерал-лейтэнант у адстаўцы Леанід Рашэтнікаў заявіў, што беларускую мову стварылі рашэннем органаў бюро ЦК ВКПБ у 1926 годзе..

«Вы перагнулі палку. Гэта палка даўно перагнутая ўва Украіне. І гэта прывяло да такіх крывавых падзей. Не перагібайце палку… Чым вы хочаце ганарыцца? Польскай шляхтай і ліцвінскімі князямі?… У Расеі кожны нармальны чалавек думае так, як я сказаў. Мы адзіны народ і ўваходзім у саюзную дзяржаву, мы будзем змагацца за тое, каб быць разам», – заявіў Рашэтнікаў.

Дзяржаўнае выданне «Советская Белоруссия» назвала выказванне Рашэтнікава недарэчнасцю, якая здарылася з пенсіянерам-адстаўніком, які «загаварыўся».

У лютым Расейскі інстытут стратэгічных даследаванняў узначаліў Міхаіл Фрадкоў (дырэктар вонкавай выведкі РФ у 2007-2016 гг.).

ЮВ, belsat.eu

Стужка навінаў